17-гадовая канадка Райлі Макґўайр (Riley McGuire) другі год вучыцца ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным каледжы. Яна адзіная навучэнка з Паўночнай Амэрыкі. Пра вучобу праз Google Translate, прыгожую архітэктуру Менску і асаблівую балетную культуру ў Беларусі яна расказала Свабодзе.
Вялікая мара спраўдзілася, калі яе прынялі ў Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж
Да канца жніўня Райлі застаецца ў родным Ўіндзары (Windsor). Гэта горад на паўднёвым усходзе Канады праз раку ад амэрыканскага Дэтройту. Праз тэлефон мы распыталі Райлі і яе маці Рэбэл, як дзяўчына трапіла ў Беларусь.
Райлі позна прыйшла ў балет. На першыя заняткі па харэаграфіі яна трапіла ў 14 год. Спачатку раз на тыдзень хадзіла на курсы ў родным горадзе, потым езьдзіла ў суседні амэрыканскі горад Клоўсан, дзе займалася ўжо 30 гадзінаў на тыдзень. Райлі хацела разьвівацца, удзельнічала ў некалькіх навучальных праграмах і спаборніцтвах ва ўсёй паўночнай Амэрыцы: у Нью-Ёрку, Чыкага, штатах Індыяна і Вашынгтон.
«Нарэшце, яе вялікая мара спраўдзілася летась, калі яе прынялі на трохгадовую праграму ў Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж», — піша пра Райлі мясцовая газэта Windsor Star.
У Беларусі дзяўчына апынулася выпадкова. Менскі каледж ёй параіла выкладніца зь Беларусі. Райлі кажа, што ў Эўропе да балету ставяцца больш сур’ёзна і што навучаньне тут грунтоўнае. У ЗША вельмі складана знайсьці каледж ці ўнівэрсытэт, дзе праходзяць заняткі з харэаграфіі на высокім узроўні.
«Мне сапраўды падабаецца стыль балету ў Эўропе», — кажа Райлі.
Ані Райлі, ні яе маці раней нічога ня чулі пра Беларусь. Дзяўчына думала, што гэта частка Расеі. Але пасьля пошукаў у Google і размоваў з украінскай выкладніцай яны пагадзіліся падаць дакумэнты ў харэаграфічны каледж у Менску.
«Мы вырашылі, што гэта будзе дастаткова бясьпечнае месца», — кажа Рэбэл Макґўайр.
Першыя месяцы карысталася Google Translate
Пасьля году вучобы Райлі кажа, што амаль усё разумее, толькі з маўленьнем дагэтуль мае складанасьці. А вось першыя месяцы ў Беларусі яны ўзгадвае з жахам. Усе заняткі ў каледжы праходзяць па-расейску. Але ў верасьні 2016 году, калі яна пачала вучыцца ў Менску, расейскай мовы ня ведала зусім.
«Першыя пару месяцаў былі вельмі складанымі, — кажа дзяўчына. — З аднаклясьнікамі мы крыху маглі гаварыць па-ангельску. Але іхны ровень ня вельмі высокі. Я шмат выкарыстоўвала Google Translate».
Дзяўчына мае ўрокі расейскай, а таксама штодня вучыцца самастойна дома. Акрамя расейскай, Райли вывучае японскую. У харэаграфічным каледжы гэта фактычна другая мова. Установа мае праграму, па якой у Менск прыяжджаюць вучыцца японскія дзяўчаты.
«Яны ня ведаюць ангельскай мовы, — кажа Райлі. — Усе замежныя студэнты, што прыяжджаюць сюды, ня ведаюць расейскай мовы. І я вучу японскую, каб размаўляць зь імі».
Райлі вызвалілі ад заняткаў беларускай мовы ў каледжы. Яна толькі ведае, што гэта асобная мова.
«Я чула, што дзяўчаты ў школе часам размаўляюць па-беларуску, але звычайна ўсе размаўляюць па-расейску», — кажа Райлі.
Пасьля году навучаньня ў Беларусі канадзкая дзяўчына кажа, што больш за ўсёй ёй бракавала суразмоўцаў, з кім можна было б гаварыць на роўных.
«З новай мовай ты адчуваеш сябе як немаўля. Гэта вялікае расчараваньне, калі цягам году ты ня можаш ні з кім нармальна пагаварыць».
На шчасьце для Райлі, з новага навучальнага году ў харэаграфічным каледжы можа зьявіцца яшчэ адна англамоўная навучэнка: на прагляд у Менск прыяжджала дзяўчына зь Нью-Ёрку, якая хацела б тут вучыцца.
Прыгожая і халодная краіна
«Сваім сябрам у Канадзе я апісваю Беларусь як вельмі прыгожую, а таксама як вельмі халодную краіну. Бо зіма цягнецца нашмат даўжэй, чым у Канадзе. Прынамсі чым у месцы, адкуль я паходжу».
Райлі не чакала, што зіма можа цягнуцца да канца сакавіка, як гэта было ў 2017 годзе. У яе родным Ўіндзары зіма звычайна заканчваецца ў студзені.
«Таксама ў Беларусі выпадае больш сьнегу, чым у маім горадзе», — кажа дзяўчына.
Больш за ўсё канадыйцы падабаецца, што яна можа хадзіць у балет у Менску ледзь не штодня. Да таго як яна прыехала ў Беларусь, яна толькі аднойчы была на сапраўдным балеце. У Ўіндзары няма тэатру, а таму Райлі магла глядзець балет толькі праз Youtube.
«Я заўжды марыла, каб глядзець балет ужывую. Я марыла, каб быць тут», — кажа Райлі.
Сярод любімых месцаў канадзкая дзяўчына называе Нацыянальны мастацкі музэй. А яшчэ яна вельмі хваліць менскую архітэктуру.
«Нават звычайныя будынкі і маленькія крамы прыгожыя. Мне вельмі падабаецца архітэктура. А яшчэ тут паўсюль кветкавыя крамы. Гэта робіць мяне сапраўды шчасьлівай!»
Райлі часта ходзіць на Камароўскі рынак, каб набыць сьвежую садавіну і гародніну. Яна жыве ў інтэрнаце, дзе ёсьць сталоўка. Але там амаль не гатуюць ежы бязь мяса і жывёльных прадуктаў, якіх не ўжывае Райлі. Таму дзяўчына харчуецца самастойна.
Зь мясцовай ежы ёй найбольш падабаюцца дранікі і манная каша.
Балет тут — частка культуры, яго паважаюць
У верасьні Райлі вяртаецца на заняткі з Канады. Ёй застаецца вучыцца ў каледжы яшчэ два гады. Адукацыя ў каледжы, паводле яе словаў, каштуе 20 тысяч даляраў на год. У кошт уваходзяць усе выдаткі: акадэмічныя заняткі, харэаграфія, а таксама жытло ў інтэрнаце. Яшчэ некалькі тысяч даляраў на год трэба патраціць на пуанты: адной пары коштам 100 даляраў хапае на пару тыдняў.
20 тысяч даляраў на год за адукацыю — для Беларусі гэта вялікія грошы. Але ў Канадзе ці ЗША аналягічная балетная школа каштавала б ёй прынамсі 50 тысяч даляраў на год.
«Я моцна эканомлю на вучобе тут», — кажа Райлі.
Пасьля таго як Райлі скончыць каледж у Менску, дзяўчына хацела б уладкавацца на працу танцоркай. Кажа, што будзе шукаць нешта ў Эўропе. У Амэрыцы, паводле яе, танцоры балету ня так запатрабаваныя, і жыць з таго, што ты танцуеш, вельмі складана. Яна ведае, што заробкі актораў і тут невялікія. Але ўсё адно гэта можа быць асноўнай працай. І, што найбольш важна для Райлі, — гэта іншае стаўленьне да балету ў грамадзтве.
«Балет тут мае іншую мэнтальнасьць. У Эўропе, асабліва ў Расеі і Беларусі, гэта частка культуры, што мне вельмі падабаецца. Тут балет больш паважаюць».