27 ліпеня на працэсе ў Маскоўскім раённым судзе Менску супраць менчука Андрэя Гаўраша, якога абвінавачваюць у супраціве міліцыі, быў дапытаны пацярпелы — сяржант міліцыі Руслан Салаўёў — і некалькі сьведак.
У тым ліку муж і жонка Тулюпы, якія выклікалі міліцыю ў навагоднюю ноч праз тое, што ў суседняй кватэры Андрэя Гаўраша было занадта шумна.
Падчас канфлікту зь міліцыянтам Андрэй Гаўраш атрымаў два агнястрэльныя раненьні. Вінаватым сябе Гаўраш не прызнаў. Салаўёў заявіў, што Гаўраш першым напаў на яго і некалькі разоў ударыў, пасьля чаго ён мусіў бараніцца ды ўжыў зброю.
Таксама ўчора была дапытаная жонка абвінавачанага Анастасія Гаўраш. Сам Андрэй Гаўраш яшчэ не даваў паказаньняў, бо суд вырашыў спачатку дапытаць пацярпелага і сьведак.
Чакаецца допыт Андрэя Гаўраша
У Маскоўскім раённым судзе Менска працягваецца працэс над менчуком Андрэем Гаўрашам, якога вінавацяць ў аказаньні супраціву і зьбіцьці міліцыянта Руслана Салаўёва ў навагоднюю ноч.
Гаўраш, які быў паранены ў сутычцы, сваёй віны не прызнаў.
Учора суд заслухаў паказаньні пацярпелага міліцыянта Салаўёва і большасьць сьведак. Чакаецца, што 28 ліпеня суд дапытае Андрэя Гаўраша.
Пацягнуўся па тэлефон і раптам грымнулі стрэлы
Суд дапытвае абвінавачанага Андрэя Гаўраша, ён згодны даць паказаньні. Яму прапанавана ў вольнай форме выкласьці абставіны здарэньня.
Гаўраш распавёў, што сустракалі Новы год у кампаніі з васьмі чалавек, выпівалі сьпіртныя напоі. Каля 2 гадзінаў начы пайшлі на ёлку ў парк Паўлава. Калі вярнуліся, да іх прыйшоў сусед зьверху і папрасіў сьцішыць музыку, што яны і зрабілі.
Далейшае тычыцца непасрэдна інцыдэнту.
«У дзьверы пазваніў супрацоўнік міліцыі — маўляў, ёсьць скарга на шум. Я сказаў, што у нас шуму няма і спытаў, хто скардзіцца. Міліцыянт адказаў, што ня можа даць такую інфармацыю. Я зрабіў крок і выказаў меркаваньне, што маглі паскардзіцца суседзі зьверху і пацягнуўся да кішэні па тэлефон.
У гэты момант міліцыянт ударыў мяне па нагах, я пачаў валіцца, схапіўся за яго куртку, каб утрымацца. Потым машынальна выштурхнуў міліцыянта з тамбуру. Ён адыйшоў на 2 мэтры бліжэй да ліфта, я аказаўся побач зь ім, зноў пацягнуўся па тэлефон і ў гэты момант раздаліся стрэлы. Я пачаў валіцца і з далейшага ўжо мала што памятаю. Толькі згадваю, як ляжаў на лесьвічнай пляцоўцы, а міліцыянт стаяў на пралёце вышэй, як людзі набеглі. Апрытомнеў на бальнічным ложку, з раненьнем ў нагу. Лячыўся 17 дзён у ваенным шпіталі, выпісаўся 18 студзеня».
Суседа асабіста ня ведаў, выпілі ў межах прымальнага
Пракурор пачала задаваць пытаньні Гаўрашу. Яе зацікавіла, колькі было выпіта за навагоднюю ноч?
Гаўраш сказаў, што меней за бутэльку гарэлкі. Вынікі экспэртызы — 1,88 праміле — яму вядомыя.
У кампаніі было 8 чалавек: сябры, сваякі. Паводле іх паказаньняў, яны ня ўсё выпілі з закупленых 8 бутэлек гарэлкі — недзе 5-6.
Музыка гучала ня вельмі гучна, а потым яе выключылі ўвогуле. Гаўраш пацьвердзіў, што музыку пасьля прыходу суседа спынілі, але ці сьпявалі пасьля гэтага самі, ужо ня памятае.
Суседа асабіста ня ведае, раней яго не сустракаў. Узровень шуму ў кватэры назваў «ня вельмі гучным», але прызнаў, што да заўвагі шум быў большы.
Згадаў, што быў пакараны штафам за перавышэньне шуму паводле артыкулу 21-16 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях, спрабаваў абскардзіць, але не атрымалася. Колькі сплаціў штрафу, ня ведае, бо быў за кратамі.
Пракурор: «Як мяркуеце, а чаму паўторна суседзі выклікалі міліцыю, калі, як вы кажаце, на заўвагу вы адрэагавалі?».
Гаўраш: «Ня ведаю».
Быў канфлікт з жыльцамі іншай кватэры
Андрэй Гаўраш згадаў, што на галаве ў Руслана Салаўёва была вязаная шапка, ён быў апрануты ў цёмнае адзеньне, без пальчатак. Больш падрабязна апісаць зьнешні выгляд міліцыянта ён ня змог. Пры гэтым Гаўраш прызнаў, што міліцыянт прадставіўся.
Пракурор: «А чаму вы некалькі разоў запар пыталіся, хто на вас паскардзіўся?».
Гаўраш: «Раней, яшчэ ў 2015 годзе, быў канфлікт з жыльцамі іншай кватэры. У мяне быў рамонт і з-за шуму ня мог спаць дзіцёнак. Таму я думаў, што гэта яны паскардзіліся, хацеў падыйсьці зь міліцыянтам да іх і вырашыць канфлікт».
Пракурор: «А навошта хацелі пазваніць па мабільным?».
«Хацеў пазваніць суседзям з 74-й кватэры, якая побач, каб яны пацьвердзілі, што шуму не было. У тэлефоне быў нумар, „Юра 74“ пазначана. Але пазваніць не пасьпеў...».
Паводле Гаўраша, ён параіў міліцыянту пайсьці наверх да суседзяў і разабрацца, але ў гэты момант міліцыянт сказаў «разьбяромся» і пхнуў яго ў правае плячо.
Пракурор: «Чаму ён гэтак зрабіў, як мяркуеце?».
Гаўраш: «Сам я яго не чапаў, чаму ён так зрабіў, ня ведаю».
Паводле Гаўраша, у той момант яны стаялі ў дзьвярным праёме паміж тамбурам і лесьвічнай пляцоўкай. Пасьля таго, як міліцыянт пхнуў Гаўраша у плячо, той у адказ выштурхнуў яго на пляцоўцу. «Трымаўся за ягоную вопратку, калі падаў, потым — не», — удакладніў Гаўраш.
Гатовы аплаціць пашкоджаную форму
Паводле Андрэя Гаўраша, настаўленага на яго пісталету ён ня бачыў, як і ня чуў папярэджаньня, што будзе ўжытая зброя.
«Магчыма, ён вырашыў, што я нападаю на яго, але чаму ён мог так падумаць, ня ведаю», — удакладніў Гаўраш.
Па яго словах, ён пасьпеў пачуць толькі адзін стрэл. Паміж імі была адлегласьць выцягнутай рукі, але ён не глядзеў у той момант на міліцыянта, бо спрабаваў затэлефанаваць.
Пракурор: «Вы наносілі ўдары міліцыянту па тулаву?».
Гаўраш: «Выпіхваў яго з тамбуру двума рукамі, машынальна адпіхнуў. За шыю, рукі не хапаў, ягоную галаву аб абрамленьне ліфта ня біў».
Гаўраш сказаў, што ня можаце патлумачыць цялесныя пашкоджаньні пацярпелага. Яму таксама невядомыя прычыны, па якіх міліцыянт яго агаворвае.
Адносна пашкоджаньня формы Гаўраш сказаў: не прызнае, што пашкодзіў, але аплаціць гатовы.
У пацярпелага Салаўёва да абвінавачанага Гаўраша пытаньняў не знайшлося. Пытаньні пачала задаваць абаронца Юлія Станкевіч.
Допыт Гаўраша скончаны
Андрэй Гаўраш дае паказаньні спакойна, без эмоцый. Выказваецца граматна, ляканічна, стварае ўражаньне разумнага і выхаванага чалавека. Паводле сацыяльнага складу кампаніі, якая адзначала Новы год у кватэры Гаўраша, палова зь іх мелі вышэйшую адукацыю.
Гаўраш ня стаў адказваць на пытаньне адваката, ці можа ён патлумачыць, чаму міліцыянт Салаўёў інакш расказвае пра падзеі, якія разглядае суд. На ўдакладненьне суду Гаўраш прызнаў, што нейкія моманты з тых падзеяў ён мог не запомніць.
Судзьдзя: «І ўсё ж, чаму вы штурхнулі тады міліцыянта?».
Гаўраш: «Не плянаваў, але машынальна штурхнуў яго ў адказ на тое, што ён штурхнуў мяне».
На гэтым допыт Андрэя Гаўраша завершаны.
У судзе не дайшло да зачытваньня паказаньняў на сьледзтве. Звычайна гэта адбываецца з прычыны разыходжаньняў з тым, што сказана ў судзе і падчас сьледзтва. Гэта важны паказьнік таго, што Гаўраш казаў тое ж самае на судзе, што і на сьледзтве, а значыць, дае больш даверу ягоным паказаньням.
Пацёртасьць на шыі і ўздыбленыя валасы
Пачалі дапытваць сьведак-міліцыянтаў.
Канстанцін Лядніцкі дзяжурыў на ГАМ-1 Маскоўскага раёну зь вечара 31 сьнежня да раніцы 1 студзеня.
За ноч паступіла, паводле сьведкі, шмат сыгналяў, да дзесяці амаль адначасова ў той момант, як прыйшло паведамленьне з вуліцы Любімава.
Сьведка выклікаў міліцыянта-кіроўцу, праінструктаваў дзяжурнага памочніка Салаўёва, яны выехалі на выклік праз 5-10 хвілінаў ад атрыманьня сыгналу. Яшчэ 2 міліцыянты былі побач і разьбіраліся з іншымі выклікамі.
Праз нейкі час паступіў тэлефонны званок ад Салаўёва, што была ўжытая зброя і ёсьць паранены. Туды былі накраваныя міліцыянты Голікаў і Масальскі, потым туды пад'ехаў і ён сам.
«У Салаўёва быў неахайны выгляд, пацёртая форма, на шыі сьляды. Салаўёй сказаў, што мужчына яго ударыў у жывот і ў выніку барацьбы ён у яго стрэліў. Паа яго словах, мужчына быў моцна нападпітку і агрэсіўна адрэагаваў на заўвагі», — сказаў сьведка Лядніцкі.
Ён дадаў, што пісталет пасьля здарэньня быў зьмешчаны ў пакой для захоўваньня зброі, пасьля гэтага зь ім вялася апэратыўная праца. Каму непасрэдна Салаўёў перадаў пісталет пасьля здарэньня, сьведка ня памятае.
Пракурор пацікавілася, ці распавядаў Салаўёў пра папярэджаньне аб ужываньні зброі?
Сьведка: «Салаўёў казаў, што мужчына спрабаваў адабраць у яго пісталет, ўдарыў яго галавой аб сьцяну. Казаў, што папярэджваў пра ўжываньне зброі і толькі потым стрэліў».
Паводле Лядніцкага, Салаўёў за час ранейшай службы парушэньняў ня меў: «Ураўнаважаны, фізычна разьвіты, маральна ўстойлівы, прафэсійна падрыхтаваны», — ахарактарызаваў калегу Лядніцкі.
Судзьдзя запытвае ў сьведкі, якія цялесныя пашкоджаньні ён асабіста бачыў у Салаўёва пасьля інцыдэнту?
Сьведка: «Найперш зьнешні выгляд, неахайная форма. Фізычныя прыкметы: чырвоная пацёртасьць на шыі і ўздыбленыя валасы на галаве».
Колькі міліцыянтаў мусіць выяжджаць на выклік
Суд высьвятляе, ці ёсьць пэўны загад адносна колькаснага складу нараду міліцыянтаў, якіх накіроўваюць на выклік.
Сьведка сказаў, што кіраўніцтва не давала загаду, каб абавязкова накіроўвалі на выклік ня меней за два міліцыянты.
«Трэба разумець, што бывае розная апэратыўная абстаноўка. Таму неабходна на яе арыентавацца і адпаведна выяжджаць на выклік — па два, тры ці ўсяго аднаму міліцыянту», — гаворыць Лядніцкі.
Адвакат просіць згадаць размову з Салаўёвым адносна выезду на выклік з праспэкту Любімава, 19. Паводле Салаўёва, яму сьведка сказаў, каб ехаў туды адзін.
Лядніцкі саму размову з Салаўёвым не згадаў, сказаў, што перадаваў праз кіроўцу Голікава, які быў на тэрыторыі ГАМ, а Салаўёў у той момант быў побач зь ім і ўсё чуў.
Сьведка сказаў, што папярэдзіў Салаўёва пра меры бясьпекі і паведаміў адрас, куды трэба прыйсьці. Голікаў мусіць аказаць дапамогу Салаўёву у выпадку патрэбы.
Пры гэтым ён блытаецца ў інфармацыі пра тое, ці наўпрост Салаўёву сказаў пра выклік і пра тое, што туды ж накіроўваецца і Голікаў. То кажа «яму сказалі», то «я сказаў».
Адвакат: «Вы наўмысна ўхіляецеся ад дакладнага адказу?»
Пракурор абураецца, але судзьдзя Бандарэнка таксама просіць сьведку адказваць пэўна на пытаньні.
У выніку сьведка прызнаў, што дакладна ня ведае, ці чуў Салаўёў усе ягоныя загады, якія ён даваў праз кіроўцу Голікава. Сьведка спасылаецца на відэакамэру, якая ўсталяваная у двары ГАМа. Паводле запісу відэакамэры, Голікаў і Салаўёў кантактавалі і паехалі на выклік.
Але з пытаньняў судзьдзі вынікае, што Голікаў з Салаўёвым адразу на выклік не паехаў.
Сьведка: «Голікаў выехаў, але пазьней. Зайвагі за гэта яму я не рабіў».
Судзьдзя: «А чаму тады вы раней даводзілі, што можна і аднаму на выклік выязджаць? Калі можна, дык навошта накіравалі туды яшчэ і Голікава?»
Сьведка адказаў вельмі блытана.
Судзьдзя: «Прызнаеце, што Салаўёў выехаў на выклік першым, а потым Голікаў?»
Сьведка прызнаў, але потым яшчэ больш заблытаў: «Голікаў першым выехаў, але яго вярнулі і Салаўёў аказаўся першым».
Судзьдзя: «Так, хацелася б, каб вы больш дакладна адказвалі, але... » — і перадала слова адвакату.
Дубінка і балёнчык — асабісты выбар міліцыянта
Адвакатка распытвае сьведку Лядніцкага пра экіпіроўку — у прыватнасьці, пра гумавую дубінку, ці яна абавязковая.
Сьведка сказаў, што дубінка не абавязковая, але яны ёсьць у «дзяжурцы». Колькі ўсяго — сказаць адмовіўся.
«У той дзень, да моманту выезду Салаўёва, ніхто дубінку ня браў. Вызначае тое — браць ці ня браць — сам супрацоўнік. Зыходзячы з таго, які выклік».
Адвакатка: «Дык хто вырашае?»
Сьведка: «Гэта мая ініцыятыва».
Так і засталося незразумела, хто ж вызначае, ці браць дубінку на выклік.
Што тычыцца газавых балёнчыкаў, сьведка сказаў, што браць іх з сабой на выклік дзяжурныя міліцыянты не абавязаныя, але ім гэта не забаронена. Адмысловага запасу газавых балёнчыкаў у дзяжурцы няма.
У сьведкі запыталі пра дакладную колькасьць стрэлаў. Той сказаў, што ў першай інфармацыі ад Салаўёва было толькі пра «зроблены стрэл». Колькі канкрэтна — не ўдакладнялася.
Адвакатка пытаецца ў Лядніцкага, што рабіў Салаўёў, калі вярнуўся пасьля інцыдэнту ў ГАМ?
«Мы хвілін пяць пагаварылі пра абставіны здарэньня, але ў яго балела галава і я адвёў яго ў асобны пакой для супрацоўнікаў. Потым я праінфармаваў пра здарэньне кіраўніцтва, выклікалі брыгаду хуткай дапамогі — гэта была мая ініцыятыва, сам Салаўёў пра гэта не прасіў».
Той факт, што Салаўёў не прасіў выклікаць яму хуткую дапамогу, Лядніцкі прызнаў толькі пасьля паўторнага пытаньня судзьдзі — адвакатцы раней сьведка казаў, што Салаўёў яго пра гэта прасіў сам.
Судзьдзя зноў робіць заўвагу Лядніцкаму: «Падумайце над пытаньнем і адказвайце дакладна. А то вы спачатку кажаце адно, потым зусім іншае».
Сьведка кажа, што ня бачыў на галаве Салаўёва іншых прыкметаў таго, каб яго білі ў галаву, акрамя «уздыбленых валасоў». Валасы на галаве Салаўёва, паводле сьведкі, былі даўжэйшыя, чым цяпер на судзе.
Хто і каму перадаваў пісталет
Сьведка паведаміў, што пасьля здарэньня міліцэйскае кіраўніцтва зьявілася ў аддзяленьні раней за хуткую дапамогу. Праўда, а якой канкрэтна гадзіне прыехала да Салаўёва хуткая, ён ня памятае.
Ці прыходзіў хто зь кіраўніцтва да Салаўёва, таксама сказаць ня можа: «Ня бачыў, бо той кабінэт, дзе быў Салаўёў, знаходзіцца за маёй сьпіной, а я быў заняты працай дзяжурнага».
Абвінавачаны Гаўраш сьведку Лядніцкаму ніякіх пытаньняў не задаў. Але сьведку адразу не адпускаюць — судзьдзя зачытвае пратакол ягонага допыту ад 1 студзеня, бо ёсьць разыходжаньні зь сёньняшнімі паказаньнямі.
Паводле тых паказаньняў, у навагоднюю ноч не было так шмат выклікаў, як казаў сёньня Лядніцкі. Раней фігуравала толькі шэсьць.
У студзеньскіх паказаньнях сьведка казаў, што другога міліцыянта Голікава ён накіраваў да Салаўёва толькі пасьля таго, як той пазваніў і сказаў, што ў яго «агнястрэл». І што калі Салаўёў вярнуўся ў ГАМ, у яго не было ў руках пісталета, пісталет быў у Голікава.
Судзьдзя бярэ ў сьведкі тлумачэньні адносна разыходжаньняў у лічбах — усё ж 10 ці 6 выклікаў? Лядніцкі патлумачыў так: 6 — гэта ўсяго за ноч да 6.40 раніцы, а агулам — 10.
Пра тое, дзе ж усё ж быў Голікаў, сьведка пацьвердзіў: Голікава ён спачатку накіроўваў на Любімава, а потым вярнуў.
Высьветлілася, што на сьледзтве Лядніцкі не казаў пра сьляды на шыі Салаўёва: «Гэта мая памылка, што не ўказаў пра сьляды на шыі, а толькі на руках. Настойваю, што былі сьляды і на шыі».
Пра блытаніну зь пісталетам: «Пацьвярджаю тыя паказаньні, што пісталет мне перадаў Голікаў».
На сьледзтве Лядніці не казаў, што Салаўёў распавядаў пра ўдар Гаўраша нагой яму ў жывот: «Гэта сьледчы не канкрэтызаваў, а я сам і не казаў, што так было».
Пра тое, што нібыта Гаўраш зьбіраўся адабраць ў Салаўёва пісталет, сьведку вядома ад самога Салаўёва.
Дапытваюць лекараў хуткай дапамогі
У пракурора і пацярпелага няма пытаньняў да сьведкі.
Між тым адвакатка заяўляе, што разыходжаньняў у паказаньнях шмат: «Паводле вашых дасудовых паказаньняў, Салаўёў мусіў чакаць каля дому прыезду другога міліцыянта, каб ісьці на выклік. Чаму цяпер так ня кажаце?».
Пракурор ня згодная, на яе думку, у гэтым разыходжаньняў няма.
Сьведка тлумачыць, што ён не загадваў Салаўёву чакаць, калі прыедзе на дапамогу другі міліцыянт.
Выклікалі іншага сьведку — лекара хуткай дапамогі Аляксандра Якіменку. Гэта ён прыязджаў на выклік на праспэкт Любімава.
«Прыехалі. Пацыент ляжаў на падлозе на першым паверсе, на пляцоўцы. Адно раненьне ў ступак, адно ў зону лапаткі і яшчэ рана на плячы. На пляцоўцы было шмат крыві. Адвезьлі ў ваенны шпіталь. Пакуль везьлі, быў у прытомнасьці, размаўлялі. Ня памятаю, ці быў нецьвярозы, але яго гаворку разумеў. Што казаў пра здарэньне? Я запытаўся, чаму ў яго стралялі, ён адказаў, што ня ведае і выказваўся нецэнзурна адносна супрацоўніка міліцыі.
Судзьдзя зачытала паказаньні сьведкі на сьледзве. Зь іх вынікае, што паранены распавядаў так: адкрыў дзьверы міліцыянту і той пачаў страляць «ні за што». Сьведка ад гэтых паказаньняў не адмовіўся.
Другі сьведка — мэдык з хуткай дапамогі, фэльчар Ігар Літвінчук:
«Зайшлі ў пад’езд. Міліцыя. Чалавек ляжыць ў лужыне крыві таварам уніз, каля ўваходу ў тамбур, галавой да кватэры. Зь міліцыянтамі мы не кантактавалі. Рана ў зоне лапаткі і нага ў крыві. Быў у сьвядомасьці. Нічога не тлумачыў, толькі што „страляў міліцыянт“. Мяркуючы па адказах на пытаньні, якія мы яму задавалі, не было бачна, што нецьвярозы. Стан быў сярэдняй цяжкасьці. Быў спакойны, без эмоцый».
На сьледзтве сьведка пераказваў Гаўраша: маўляў, калі той адкрыў дзьверы кватэры, міліцыянт пачаў страляць, а чаму — невядома.
Яшчэ сьведка казаў на сьледзтве, што паранены быў нападпітку. Гэтыя паказаньні сьведка пацьвердзіў, сказаўшы, што з-за даўнасьці магло нешта забыцца.
Яшчэ адзін сьведка-мэдык, фэльчар Пашкевіч:
«Ляжаў малады чалавек каля ліфта на жываце. Рана на ступаку, на сьпіне. Крыві — не асабліва. Перавязалі, павезьлі ў ваенны шпіталь. Быў у сьвядомасьці. Ня памятаю, каб штосьці тлумачыў пра прычыны здарэньня. Сказаў толькі, што ў яго стралялі — адкрыў дзьверы і ў яго страляў міліцыянт. Наогул у яго моцна балела, таму ня мог шмат размаўляць. Пах сьпіртнога чуў, але сказаць, што ён быў нецьвярозым — не».
У працэсе абвешчаны перапынак да 14.15.