Узброеныя сілы Швэцыі заплянавалі на верасень 2017 году вучэньні «Aurora 17». Яны пройдуць на зямлі, у паветры і ў моры пры ўдзеле вайскоўцаў NATO.
Вучэньні пройдуць па ўсёй краіне. Асноўная частка вучэньняў пройдзе пад Стакгольмам і ў раёне возера Мэлярдален, на востраве Готлянд у Балтыйскім моры і вакол яго, а таксама ў раёне Гётэборгу, што на захадзе Швэцыі. Да вучэньняў прыцягнуць 19 тысяч швэдзкіх вайскоўцаў, а таксама звыш 1400 вайскоўцаў з Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Літвы, Нарвэгіі і ЗША.
Афіцыйнай мэтай вучэньняў швэды называюць «абарону інтарэсаў нашай краіны, нашай свабоды і права жыць так, як мы выбралі». Місіяй — «пабудаваць больш моцную абарону і павысіць агульную здольнасьць адбіць напад на Швэцыю», прычым вучэньні праводзяцца з разьліку на буйнейшага і складанага праціўніка.
Швэцыя, як і Фінляндыя, разважае аб далучэньні да NATO — як Беларусь і Расея, яны толькі ўдзельнічаюць у праграме NATO «Партнэрства дзеля міру», але ўсё ж маюць пэўны ўплыў на самітах арганізацыі.
Тым часам прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заяўляў, што ў выпадку далучэньня Швэцыі да NATO Расея будзе думаць, як «рэагаваць на дадатковую пагрозу» і як гэтую пагрозу «купіраваць».
Паводле зьвестак швэдзкай газэты Dagens Nyheter, вучэньні маюць стаць найбуйнейшымі ў Швэцыі за 20 гадоў. Як сказаў газэце кіраўнік войскаў ЗША ў Эўропе Бэн Годжэс, менавіта Расея «зьмяніла абарончае асяродзьдзе», а суседзі Расеі «адчуваюць подых мядзьведзя». Ён назваў вяртаньне Швэцыяй войскаў на Готляндзе, што адбываецца ад 2015 году, «выразным індыкатарам таго, што адбываецца».