Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масавая ўборка збожжавых у Беларусі не пачалася, хоць ужо мусіла. Можа зацягнуцца


Уборка ўраджаю у 2016г. Ілюстрацыйнае фота
Уборка ўраджаю у 2016г. Ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак Міністэрства сельскай гаспадаркі, на 25 ліпеня ў Беларусі было ўбрана 2,85% пасяўных плошчаў збожжавых і зернебабовых культураў, хоць летась на тую ж дату ўбралі 15,3%, піша часопіс «Беларуская сельская гаспадарка». Ураджайнасьць сёлета складае 31,2 ц/га (летась было 33,5 ц/га), намалацілі 200,6 тыс. т (летась — 1133 тыс. т).

Віцебская і Магілёўская вобласьці зусім не прыступілі да ўборкі ўраджаю; Гомельская і Берасьцейская яшчэ далёкія ад яе завяршэньня: убралі адпаведна 10,2% і 6,05% плошчаў.

«Пасьпяваньне пасеваў яравых культураў у рэгіёнах рэспублікі будзе ня дружнае, расьцягнутае ў часе, што прывядзе да падаўжэньня працягласьці ўборкі збожжавых і зернебабовых», — піша часопіс, дадаючы афіцыйны прагноз: валавы збор і ўраджайнасьць ня толькі ня зьменшацца, але і павысяцца ў параўнаньні з 2016 годам.

Інстытут земляробства пры Акадэміі навук супакойвае: наліваецца зерне ў азімых культураў добра, халаднаватае і дажджлівае надвор’е для іх «найбольш спрыяльнае», але тэмпы разьвіцьця пасеваў азімых збожжавых адстаюць ад прагназаваных тэрмінаў на 8-12 дзён.

Надвор’е кепска адбілася на кукурузе, «імавернасьць высокай ураджайнасьці на поўначы Беларусі невысокая», прызнаюць дзяржаўныя навукоўцы. Паводле дасьледаваньня рынкаў «Камсамольскай праўды ў Беларусі», не спадаюць цэны на гуркі, памідоры і перац (іх ад кепскага надвор’я не ўратавалі нават цяпліцы); яблыкі пакуль у асноўным замежныя, але пазьней мусяць зьявіцца беларускія (будзе 80-90% леташняга ўраджаю яблыкаў і 70-80% — груш); беларускіх вішань амаль ня будзе, як і парэчак; меней будзе клубніц і суніц. Праблемы з ураджаем садавіны і ягадаў зьвязаныя ня толькі наўпрост з халодным надвор’ем, але і з тым, што праз маразы меней лёталі пчолы, не было патрэбнага апыленьня.

Беларусь вырабляе збожжа ў 7-8 разоў больш за свае ўласныя патрэбы, таму голад краіне не пагражае. Але імпарт садавіны і гародніны сёлета, верагодна, будзе вышэйшым за звычайны, кажуць экспэрты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG