Прадугледжваецца, што спачатку Аляксандар Лукашэнка ды Пятро Парашэнка правядуць сустрэчу ў фармаце сам-насам, а потым — у пашыраным складзе з удзелам дэлегацый. Афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі распачаўся напярэдадні, але ніякіх публічных мерапрыемстваў на 20 ліпеня не анансавалася.
Аляксандар Лукашэнка ўжо наведваў Кіеў пасьля падзей на Майдане: быў у чэрвені 2014 году на інаўгурацыі новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і ў сьнежні 2014 году, але з рабочым візытам — літаральна празь некалькі месяцаў пасьля таго, як Менск быў выбраны нэўтральнай пляцоўкай для правядзеньня перамоваў пра вырашэньне канфлікту на Данбасе.
Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу не наведваў у Кіеве алею Герояў Нябеснай сотні, на якой ушаноўваецца памяць у тым ліку і беларуса Міхася Жызьнеўскага — ён стаў адной зь першых ахвяраў сутыкненьняў актывістаў зь міліцыяй і першым з іншаземцаў, пасьмяротна ўганараваным званьнем Героя Ўкраіны.
Ушанаваньне герояў Нябеснай сотні — пратакольная практыка
У дыпляматычнай практыцы Ўкраіны ўжо склалася традыцыя, калі кіраўнікі замежных дзяржаў і ўрадаў падчас афіцыйных візытаў ушаноўваюць памяць загінулых падчас масавых акцый пратэсту 2013-2014 гадоў. Але ці ёсьць гэта абавязковаю часткаю афіцыйных візытаў, не ўдакладняецца. Невядома пра такі пункт у праграме візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў.
Між тым ускладаньне кветак замежнымі высокапастаўленымі гасьцямі стала ў Кіеве пратакольнай практыкай.
Алею Герояў Нябеснай сотні наведвалі кіраўнікі краінаў СНД, Эўропы і ЗША.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн двойчы наведваў алею Герояў Нябеснай сотні — у лістападзе 2014-га і ў сьнежні 2015-га.
Дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал П’етра Паралін у час афіцыйнага візыту 20 чэрвеня 2016 году памаліўся за «навамучанікаў украінскага народу» каля пастаўленага на алеі крыжа.
11 ліпеня 2016 году прэм’ер-міністар Канады Жустэн Трудо ўсклаў кветкі да месца гібелі герояў Нябеснай сотні і ўкленчыў на знак пашаны да палеглых.
15 верасьня 2016 году міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан пасьля наведваньня алеі Герояў Нябеснай Сотні назваў мэмарыял «змрочным напамінам пра ахвяраў у барацьбе за дэмакратыю і сувэрэнітэт».
Памятнае для ўкраінцаў месца неаднойчы наведвалі прэзыдэнт Эўрапейскай рады Дональд Туск і прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.
Сьпіс можна працягваць, але найбольш паказальнымі сталі першыя ўгодкі гібелі актывістаў, што адзначалася 22 лютага 2015-га. Тады ў Кіеў на ўшанаваньне прыехалі прэзыдэнты Літвы, Польшчы, Нямеччыны, Малдовы, Грузіі, Славаччыны, а таксама кіраўнікі ўрадаў Латвіі і Эстоніі, кіраўнікі парлямэнтаў Гішпаніі і Баўгарыі, прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў Чэхіі, Францыі, Вугоршчыны ды іншыя афіцыйныя асобы. Тады ўсе разам яны прайшлі Маршам годнасьці па вуліцах, дзе адбываліся супрацьстаяньні ўдзельнікаў акцый пратэсту зь міліцыяй.