Сёньня адбудзецца ўжо другая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі. Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў будзе суправаджацца вялікім форумам дзелавых колаў абедзьвюх краінаў, а напярэдадні ва ўкраінскай сталіцы адбылося паседжаньне міжурадавай эканамічнай камісіі, якая выпрацавала парадак дня чарговых перамоваў.
Беларуска-ўкраінскія дачыненьні заўсёды былі няпростыя, нягледзячы на тое, што з часоў незалежнасьці ва Ўкраіне зьмяніліся пяць прэзыдэнтаў. Найперш фармат стасункаў вызначала адрозьненьне стратэгічных плянаў дзяржаў — беларускія ўлады цягнулі краіну да Расеі, а Ўкраіна, падтрымліваючы сувязі з былымі партнэрамі па СССР у межах СНД, усё больш дэкляравала эўраінтэграцыйныя імкненьні.
Цяпер Украіна атрымала асацыяцыю ў Эўразьвязе і бязьвізавы рэжым з эўрапейскімі краінамі, а на ўсходзе змагаецца з расейскаю агрэсіяю ды кантраляванымі Расеяю незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі. Менавіта гэтыя акалічнасьці найперш цяпер уплываюць на беларуска-ўкраінскія дачыненьні.
Свабода сабрала некалькі фактаў, якія могуць найбольш паўплываць на далейшы фармат палітычнага ды эканамічнага супрацоўніцтва між Беларусьсю і Ўкраінаю.
Каапэрацыя ў абмен на нафту
Беларусь крытычна залежыць ад паставак нафты з Расеі і ў той жа час займае лідэрскія пазыцыі на ўкраінскім рынку нафтапрадуктаў. Абедзьве краіны зацікаўленыя ў захаваньні гэтых пазыцый, таму вымушаныя пераглядаць існыя схемы на выпадак магчымага скарачэньня расейскага імпарту нафты ў Беларусь. І на пасяджэньні міжурадавай камісіі 18 ліпеня ўпершыню прагучала адпаведная ініцыятыва аб перапрацоўцы нафты на давальніцкіх умовах на беларускіх перапрацоўчых заводах з далейшымі пастаўкамі сьветлых нафтапрадуктаў як ва Ўкраіну, так і ў эўрапейскія краіны. Цяпер Украіне застаецца толькі дамовіцца з Азэрбайджанам і Іранам пра сталыя аб’ёмы пастаўкі нафты, але тэхнічныя магчымасьці для яе транспартаваньня, напрыклад на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, ёсьць — праз нафтаправоды Адэса — Броды і Мазыр — Броды.
Падобна, што на карысьць гэтага праекту Беларусь нават згодна адмовіцца ад традыцыйных паставак прадукцыі машынабудаўніцтва. Паводле ўмоў Украіны, гэта будзе магчыма толькі праз стварэньне зборачных прадпрыемстваў на ўкраінскай тэрыторыі з далейшым абслугоўваньнем вырабленай тэхнікі.
Неўрэгуляваным пакуль застаецца і канфлікт навокал кантракту між Менскім аўтамабільным заводам і ўкраінскаю кампаніяй «РАНТ» на пастаўку адной тысячы аўтамабіляў і такой жа колькасьці прычэпаў. Кошт кантракту, падпісанага ў траўні 2013 году, складаў больш за 100 мільёнаў даляраў. Але за пастаўку першай партыі тэхнікі беларускае прадпрыемства так і не атрымала грошай. Крымінальная справа паводле гэтага факту трывае ўжо больш як два гады.
Гандаль ці кантрабанда
Афіцыйная статыстыка Беларусі і Ўкраіны па выніках ўзаемнага таваразвароту ў студзені—траўні 2017 году адрозьніваецца. Паводле беларускай агульны аб’ём склаў 1,7 мільярда даляраў, паводле ўкраінскай — 1,6 мільярда. Што такое розьніца ў 100 мільёнаў даляраў — неафіцыйны гандаль з часова акупаванымі раёнамі Данецкай ды Луганскай абласьцей ці кантрабанда? Беларускі віцэ-прэм’ер-міністар Уладзімер Сямашка тлумачыць гэтыя «невялікія» ваганьні тэхнічнаю хібнасьцю. Ва Ўкраіне такую разьбежку не камэнтуюць.
У той жа час на пачатку ліпеня ўкраінскія праваахоўнікі заявілі пра раскрыцьцё схемы кантрабанды тытуню зь Беларусі праз Украіну ў Эўропу, ён увозіўся ва Ўкраіну пад выглядам будаўнічых матэрыялаў. Дэпартамэнт абароны эканомікі Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны расьсьледуе крымінальную справу паводле гэтага факту, але пакуль не ўдакладняе, ці былі датычныя беларускія фізычныя або юрыдычныя асобы да гэтай афэры.
Замест «бязьвізу» — адбіткі пальцаў
За дзесяць дзён да візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў украінскія ўлады аб’явілі пра намер зьмяніць правілы ўезду на тэрыторыю сваёй краіны для ўсіх замежных грамадзян. І хоць украінскія экспэрты мяркуюць, што новаўвядзеньне біямэтрычнага кантролю на мяжы з 1 студзеня 2018 году накіравана выключна на грамадзян Расеі, фармальна яно адрасаванае і Беларусі. Хоць дагэтуль беларускі бок не атрымаў паведамленьня пра намер унесьці зьмены ў дзейнае пагадненьне пра бязьвізавыя паездкі грамадзян, падпісанае ў чэрвені 2009 году.
Але ў той жа час Кабінэт міністраў Украіны яшчэ летась у верасьні абнародаваў пляны пра падпісаньне да 2020 году зь Беларусьсю дамовы пра рэжым дзяржаўнай мяжы, супрацоўніцтва і ўзаемную дапамогу ў памежных пытаньнях.
Варта нагадаць, што Беларусь штогод дазваляе спрошчаны парадак перасячэньня сваёй мяжы для грамадзян Украіны — жыхароў памежных раёнаў у пэрыяд збору ягад і грыбоў. Ці стане гэта дадатковым аргумэнтам Беларусі для захаваньня цяперашніх правілаў памежнага кантролю?
Вайна, шпіёнства і вучэньні
На працягу трох гадоў пасьля абвастрэньня дачыненьняў між Украінаю да Расеяю Беларусь намагаецца прытрымлівацца нэўтралітэту, але зь цягам часу заставацца на такіх пазыцыях усё больш складана. У верасьні адбудуцца супольныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017», якія Ўкраіна ўспрымае як чарговую пагрозу для новага наступу Расеі, цяпер ужо зь беларускай тэрыторыі.
Летась украінскі ўдзельнік менскага перамоўнага працэсу ў пытаньнях вырашэньня сытуацыі на Данбасе Яўген Марчук, які ў свой час працаваў ва Ўкраіне прэм’ер-міністрам, міністрам абароны і кіраўніком Службы бясьпекі, заявіў пра неабходнасьць больш уважліва адсочваць сытуацыю ў Беларусі ў кантэксьце магчымых новых ваенных пагрозаў з боку Расеі. А колішні кіраўнік вайсковай контравыведкі Ўкраіны Аляксандар Скіпальскі параіў украінскім уладам зьвярнуцца да Беларусі па інструктарскую дапамогу ў арганізацыі тэрытарыяльнай абароны. З дапамогай Беларусі ці не — невядома, але фармаваньні тэрытарыяльнай абароны да пачатку вучэньняў «Захад-2017» будуць дзейнічаць па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны.
У канцы чэрвеня стала вядома пра затрыманьне ў Чарнігаве грамадзяніна Беларусі, падазраванага ў зборы інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць Расеі. Падрабязнасьці гэтай справы пакуль невядомыя, а Служба бясьпекі Ўкраіны пакуль утрымліваецца ад афіцыйных камэнтароў.
Героі для Ўкраіны, злачынцы для Беларусі
Нягледзячы на нібыта нэўтральнасьць пазыцыі афіцыйных уладаў у дачыненьні да расейска-ўкраінскага канфлікту, у ім актыўны ўдзел бяруць грамадзяне Беларусі, прычым і на баку ўкраінскіх уладаў, і на баку самаабвешчаных «ЛНР-ДНР».
Але для стварэньня нэгатыўнага вобразу Ўкраіны пасьля Майдану 2013-2014 гадоў дзяржаўныя СМІ выкарыстоўвалі прозьвішчы менавіта тых беларусаў, якія змагаліся ці змагаюцца на баку ўкраінскага ўраду. Ды і сам Аляксандар Лукашэнка, калі закранаў тэму ўдзелу беларусаў у ваенных дзеяньнях на Данбасе, выказваўся даволі рэзка, хоць і пазьбягаў згадваць канкрэтныя імёны.
Сёлета ў чэрвені прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьмяротна прысвоіў званьне Героя Ўкраіны беларусу Міхасю Жызьнеўскаму, які загінуў 22 студзеня 2014 году ў Кіеве падчас масавых акцыяў пратэсту.
У гэты ж час у Беларусі Тарас Аватараў, які ваяваў у складзе добраахвотніцкага батальёну «Правы сэктар», затрыманы ў лістападзе 2015 году і асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Дарэчы, якраз у дні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеве знаходзіцца і маці Тараса Аватарава. Паводле кіеўскага Камітэту вызваленьня палітвязьняў, са 160 чалавек, якія ваявалі на тэрыторыі Ўкраіны і былі затрыманыя ў Беларусі, зьняволены толькі Тарас Аватараў. Іншых, якія ваявалі на баку самаабвешчаных «ЛНР-ДНР», пасьля прафіляктычных гутарак адпусьцілі.
Візыт у дзень забойства
Наведваньне Аляксандрам Лукашэнкам Кіева супадае яшчэ з адною датаю — гадавінаю забойства Паўла Шарамета. 20 ліпеня адбудзецца шэсьце «Год бяз Паўла» ад месца ягонай гібелі да будынкаў Службы бясьпекі Ўкраіны, Адміністрацыі прэзыдэнта і Міністэрства ўнутраных спраў з патрабаваньнем расьсьледаваньня справы забойства журналіста. У 2010 годзе Павал Шарамет быў пазбаўлены беларускага грамадзянства на падставе атрыманьня грамадзянства Расеі. Адпаведны ліст, як сьцьвярджаў тады Павал Шарамет, ён атрымаў ад пасольства Беларусі ў Расеі. Гэты ліст быў падпісаны адным з тагачасных сакратароў амбасады, але ў ім не паведамлялася, хто менавіта прыняў рашэньне аб пазбаўленьні грамадзянства — МУС, МЗС ці Адміністрацыя прэзыдэнта.
Украінскія праваахоўныя органы сярод вэрсіяў забойства разглядаюць расейскі і беларускі сьлед.