Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія больш ня мае пытаньняў пра вучэньні «Захад-2017»


«Латвія больш ня мае пытаньняў пра вучэньні „Захад-2017“», — заявіў сёньня міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс пасьля сустрэчы са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем.

Выступаючы перад журналістамі, кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Латвіі сказаў: «Мой калега мне падрабязна і шчыра расказаў пра вайсковыя вучэньні расейцаў і беларусаў, пасьля чаго ў мяне больш няма пытаньняў».

Ён сказаў, што Латвія паважае выбар Беларусі, якая ўваходзіць у Арганізацыю дамовы калектыўнай бясьпекі.

«Са свайго боку, мы зрабілі іншы выбар, — падкрэсьліў латвійскі міністар. — Мы выбралі NATO. І прызнаюся, што апошнім часам дачыненьні Латвіі з NATO інтэнсыфікуюцца. Але гэтага не было б, калі б у 2014 годзе не было падзеяў у Крыме». Ён сказаў, што абаронныя ведамтвы абедзьвюх дзяржаваў заключылі дамову аб супрацы — «і гэта таксама паказвае зацікаўленасьць і Латвіі, і Беларусі ў спакоі ў рэгіёне».

Уладзімер Макей сказаў журналістам, што, на яго думку, дачыненьні паміж Латвіяй і Беларусьсю робяцца ўсё больш зразумелымі, яснымі і лепшымі.

«Гэта вынік паляпшэньня агульных адносінаў Беларусі з Эўразьвязам, чаму ў немалой ступені садзейнічала Латвія», — сказаў Макей.

Міністар выказаў удзячнасьць менавіта латвійскім дыпляматам, якія спрыялі таму, каб бальшыня санкцыяў супраць Беларусі з боку Эўразьвязу была зьнятая.

Эдгарс Рынкевічс сказаў, што, на яго думку, адносіны паміж Беларусьсю і Эўразьвязам паляпшаюцца, але па-ранейшаму Брусэль і Рыгу непакоіць сытуацыя з дэмакратычнымі свабодамі ў Беларусі. Найперш гэта ўжываньне сьмяротнага пакараньня і нерэгістрацыя палітычных арганізацый.

Абодва міністры замежных справаў далі станоўчую ацэнку чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2021 годзе, які пройдзе ў Рызе і Менску, і сказалі, што гэты спартовы форум павінен паспрыяць разьвіцьцю эканамічных і турыстычных сувязяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG