Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станікі, малако і неабыякавасьць


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Фэміністкам часта закідаюць, што мы прыдзіраемся да драбязы. Маўляў, абурэньне ў адрас сэксісцкай рэклямы Mark Formelle — глупства, а сапраўдная праблема большасьці жанчын — гэта беднасьць. Кажуць, што мы павінны быць бліжэй да беларускіх рэаліяў і ня думаць пра памеры станікаў у рэкляме «Мілавіцы», а змагацца за павышэньне дабрабыту. Бо пра якія высокія ідэалы можа ісьці гаворка, калі есьці няма чаго?

Незалежна ад таго, наколькі высокі ў цябе заробак, вельмі непрыемна бачыць, як абясцэньваюць твае каштоўнасьці.

Але тыя самыя крытыкі рэзка мяняюцца, калі размова заходзіць пра іх асабістыя ідэалы. Тады аказваецца, што ідэалёгія — гэта дужа важна. І калі «Савушкин продукт» адмаўляецца дадаваць беларускую мову на ўпакоўку сваёй прадукцыі, — гэта вялікая праблема, непавага да спажыўцоў і амаль што катастрофа нацыянальнага маштабу. І кепская эканоміка перастае быць аргумэнтам, бо незалежна ад таго, наколькі высокі ў цябе заробак, вельмі непрыемна бачыць, як абясцэньваюць твае каштоўнасьці.

Але рэч жа ня ў мове і ня ў станіках, а ў самім прынцыпе: мы абураемся, калі намі грэбуюць.

Гэты мэханізм просты і зразумелы: умоўныя чужыя ўваходзяць у канфлікт з умоўнымі сваімі, і мы абараняем сваіх як можам. І я заклікаю да шчырасьці: прагматызм тут увогуле ні пры чым. Мы абураемся сэксізмам у рэкляме не таму, што пры яго адсутнасьці зьнікне так званая шкляная столь для жанчын, міліцыя перастане адмахвацца ад жанчын, якія перажылі хатні гвалт, а заробак даярак вырасьце да славутых 500 даляраў. І тэкст, напісаны па-беларуску на ўпакоўцы сьмятаны, нам патрэбны не таму, што адразу пасьля яго зьяўленьня ў краіну стануць інвэставаць вялікія грошы, прэзыдэнт зьменіцца і вырашыцца жыльлёвая праблема маладых сем’яў.

Ні фэміністкі, ні змагары на ніве беларушчыны не вінаватыя ў адсутнасьці працоўных месцаў у вёсках.

Нам проста патрэбная павага. Каб ад нас не адмахваліся і не абвінавачвалі ў пустым марнаваньні часу, каб намі не маніпулявалі і не вымушалі адчуваць віну. Ні фэміністкі, ні змагары на ніве беларушчыны не вінаватыя ў адсутнасьці працоўных месцаў у вёсках.

Мы галасуем гаманцом супраць тых, хто нас не паважае. І мы робім гэта не праз наіўную веру, нібыта бяз нашага асабістага ўнёску Mark Formelle альбо «Савушкин продукт» стануць банкрутамі. Не магу адказваць за іншых, але я асабіста і не хачу, каб нейкая з гэтых кампаній разарылася. Я ня прагну помсты, а хачу элемэнтарнай павагі.

Штодня мы прымаем дробныя рашэньні, не заўсёды абапіраючыся на фінансавую прагматычнасьць.

Увогуле, вельмі хочацца, каб нагодаў для змаганьня станавілася меней. Каб выбар сподняга ў краме быў абумоўлены выключна якасьцю матэрыялаў і ня быў палітычным актам. Але асабістае — гэта палітычнае, і штодня мы прымаем гэтыя дробныя рашэньні, не заўсёды абапіраючыся на фінансавую прагматычнасьць.

Я хачу, каб беларускія кампаніі камунікавалі з намі ў тым ліку па-беларуску і не абражалі нас за крытыку ў іх адрас. Не існуе аб’ектыўнай герархіі важных для Беларусі праблем, і актывізм у адной сфэры не абясцэньвае аўтаматычна іншыя фронты барацьбы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG