Макаўка лета — самы час шукаць месцы, дзе наўкольле на ўсю моц дыхае гаючымі чарамі і шчодра дзеліцца імі з кожным, хто верыць у яго невытлумачальную сілу. Наша аўтарка Яна Шыдлоўская запрашае ў вандроўку па сямі месцах Беларусі, пабываўшы ў якіх, вы надоўга забудзецеся на аптэку, лякарні і ўсялякую злыбеду.
1. Паміж Сафіяй і Дзьвіной
Калі ўглядацца ў ціхую плынь Дзьвіны, то абавязкова каля Сафійскага сабора, пры магчымасьці дакранаючыся да Барысавага каменя. Першы каменны храм на тэрыторыі Беларусі быў пабудаваны ў ХІ стагодзьдзі Ўсяславам Чарадзеем як сымбаль магутнасьці княскай улады. Неаднаразова пашкоджаны, разбураны, адноўлены архітэктарам Янам Глаўбіцам, храм і цяпер выглядае велічна і ўрачыста і валодае адной з найлепшых канцэртных заляў у Эўропе.
Першы арган для полацкай Сафіі на індывідуальную замову змайстравала чэская фірма RiegerKloss у 1985 годзе. З тае пары штогод у сьценах сабора адбываецца больш за 300 канцэртаў арганнай музыкі. Фрагмэнты ж старой Сафіі, часткі апсіды, слупоў і сьценаў, рэшту муроўкі і старажытных фрэсак можна ўбачыць у музэі пры сьвятыні. А вакол Сафійскага сабора ляжыць Полацак — адзін з самых старажытных і таямнічых гарадоў, які даў краіне і сьвету сузор’е славутых імёнаў. Што і казаць — ад Полацку пачаўся сьвет.
2. Пагоркі Наваградчыны
Пад’яжджаючы да Наваградку з боку Іўя і Ліды, ужо адчуваеш лёгкі душэўны пад’ём. Вузкія вулкі віхляюць між нізкімі будынкамі, прымушаючы затрымацца ўнізе, у горадзе, перш чым скіравацца ў бок галоўнай славутасьці — Замкавай гары, з вышыні якой яны будуць выглядаць яшчэ больш вузкімі і пакручастымі.
У каменным, абарончага тыпу замку на працягу некалькіх сотняў гадоў зьбіраліся ўплывовыя дзяржаўныя дзеячы, паслы, каралі, прымаючы важныя палітычныя рашэньні. Магчыма, на гары адбылася каранацыя Міндоўга. Ёсьць меркаваньне, што здарылася гэта пад гарой — на пагорку, што носіць цяпер імя першага і апошняга караля Літвы і дзе быццам бы ён пахаваны згодна зь язычніцкім абрадам. Цяпер горы і пагоркі, на якіх стаіць Наваградак, хвалююць частых турыстаў, што прыяжджаюць сюды даведацца гістарычную праўду альбо ўшанаваць прысутнасьцю анімацыйную каранацыю Міндоўга. Месцы сілы ў Наваградку на кожным кроку. Адно зь іх — велічны фарны касьцёл, пабудаваны Вітаўтам на месцы старога капішча.
Менавіта тут Ягайла ўзяў шлюб з Зоф’яй Гальшанскай, тут хрысьцілі малога Адама Міцкевіча. Ваколіцы Наваградка натхняюць ня менш за сам горад. А маляўнічая дарога прынадна вядзе да легендарнага возера Сьвіцязь.
3. Дрэвы, кветкі і птушыныя сьпевы
Месцам сілы лес зрабіўся невыпадкова — тут заўсёды знойдзецца прытулак, ежа, выратавальны ў сьпёку цень, чароўныя птушыныя сьпевы і такая рэдкая сёньня цішыня. Белавеская пушча застаецца самым старажытным і спрадвечным лесам краіны. Археалягічныя знаходкі сьведчаць аб знаходжаньні тут чалавека за шмат тысяч гадоў да наступленьня нашай эры. Месцам сілы Белавескую пушчу лічыў адзін з самых магутных кіраўнікоў ВКЛ, пры жыцьці названы Вялікім — князь Вітаўт. Нездарма ягоныя ратнікі гартавалі тут баявы дух у перапынках паміж войнамі.
Цяпер пушча — гэта месца актыўнага адпачынку, крыніца сьвежага паветра і глыток гісторыі. Яна перасечана зьвярынымі і экалягічнымі сьцежкамі і экскурсійнымі маршрутамі, насычанымі сапраўднымі цікавінкамі, сярод якіх — месцы пушчанскіх хутароў; дубы, што маюць некалькі сотняў гадоў, стромкія карабельныя сосны, зь якіх у свой час будавалі ангельскія караблі, чорныя вольхі, ясень, сьляды паганскіх капішчаў і, безумоўна, надзвычай багаты расьлінны і жывёльны сьвет, які ня любіць аб’ектываў, а таму раскрывае свае таямніцы самым уважлівым і цярплівым наведнікам.
Магутныя пушчанскія дубы дзеляцца сваёй сілай, рэдкія расьліны — прагай да жыцьця, сьпевы птушак дораць добры настрой, а сустрэча зь дзікімі жывёламі гарантуе выкідваньне ў кроў значнай порцыі адрэналіну.
4. Царква над Нёманам
Высокі бераг магутнай ракі — бясспрэчнае месца сілы ва ўсе часы. Асабліва калі рака гэтая — Нёман, што паважна плыве ў Балтыйскае мора.
Спачатку на Калажані выконваліся язычніцкія абрады, у другой палове XII стагодзьдзя на крутым беразе Нёману зьявілася хрысьціянская сьвятыня. Збудаваная гарадзенскімі князямі Барысам і Глебам і асьвячоная ў гонар іхных нябесных заступнікаў, царква была галоўным храмам старажытнай Горадні. Гарадзкія майстры ўзьвялі храм з плінфы, аздобілі яго паліраванымі камянямі і рознакаляровымі керамічнымі пліткамі.
Да гэтай пары на сьценах відаць адценьні чырвонага, карычневага, шэрага, зялёнага і белага. Здаецца, царква зараджае сілай ад дотыку да старажытнай муроўкі. А жаданьне, што прагучала ў сьценах са збанамі-галасьнікамі, будзе абавязкова пачутае. Горад, дзе стаіць старажытны храм, ня менш чароўны за сваю сьвятыню. Горадня — адзін з найлепш гістарычна захаваных гарадоў Беларусі, шпацыр па якім, безумоўна, натхняе.
5. Манастыры і камяні Турава
Каб убачыць месца, дзе колькасьць цэркваў і манастыроў даходзіла да васьмі дзясяткаў, варта паехаць у Тураў — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, жыхары якога прынялі хрост у Прыпяці раней за кіяўлян. У ХІІ стагодзьдзі Барыса-Глебскі манастыр быў катэдрай тураўскіх япіскапаў, якая пазьней пераехала ў Пінск. У адной з кельляў пры царкве ў гонар святога Мікалая жыў вядомы сьвету пісьменьнік і прапаведнік Кірыла Тураўскі. Ягоная творчасьць вывучаецца эўрапейскімі і амэрыканскімі навукоўцамі. У мястэчку ж памяць восьмага тураўскага ўладыкі ўшанавалі помнікам на Замкавай гары.
У калісьці магутным горадзе цяпер дамінуе драўляная забудова. З мураванай спадчыны ў Тураве засталіся каменныя фрагмэнты старажытнага замка, рэшткі язычніцкага капішча, руіны сьвятыняў, якія зьберагаюцца ў адкрытым для наведваньня археалягічным комплексе. Сілы месцу надаюць каменныя крыжы ў ваколіцах, якія, згодна з паданьнем, прыплылі з Кіева па Дняпры і Прыпяці і апынуліся сярод палёў. Вышыня асобных камянёў даходзіць да двух мэтраў, таму крыжы відаць нават падчас вясеньняй паводкі. Наведваньне Турава часта спалучаюць з паездкай у самабытны Пінск — калісьці раз’яднаныя канкурэнцыяй, цяпер гарады сілы зьвязаныя экскурсійнымі маршрутамі.
6. Вада беларускіх азёраў
Нішто так не дае сілы, як вада — сьвятая, сьцюдзёная, мінэральная, салёная, жывая ці мёртвая. Сапраўднае воднае месца сілы ў нашай краіне — Паазер’е, дзе вялікія і малыя азёры шчодра адорвалі людзей магчымасьцю працы і адпачынку, натхненьнем, мітамі і паданьнямі.
І цяпер на поўначы краіны знаходзіцца два найбольш папулярныя месцы адпачынку, куды едуць папоўніць фізычныя і эмацыйныя сілы і атрымаць эстэтычнае задавальненьне — азёрныя навакольлі Нарачы і Браслава. У моры Браслаўскіх азёраў нават ёсьць Маяк — гара, з вышыні якой відаць азёры, астравы, сьвятыні, лясы і пагоркі. Гэта месца нейкай надзвычайнай сілы, якую самааддана падтрымлівае Маці Божая Валадарка азёраў. Ушанаваньне сьвятога абраза ў жніўні зьбірае ў Браславе тысячы пілігрымаў. Гэтаму сьвяту папярэднічае ўрачысты Будслаўскі фэст на Мядзельшчыне, дзе пілігрымаў вітае Маці Божая Будслаўская, якую называюць апякункай Беларусі.
Прыхаванае ад вачэй дарогай з Браслава на Слабодку месца сілы — невялічкае возера Божае вока. Гадамі яно захоўвае форму кола, якое здалёк нагадвае вока. Гэтае месца — адно з самых фотагенічных на Браслаўшчыне. Увогуле беларускія азёры круглы год знаходзяцца пад увагай прафэсійных фатографаў і фотааматараў і маляўнічымі фотакарткамі разьлятаюцца па ўсім сьвеце.
7. Палескі дух і мора Герадота
На Палесьсі хоць раз у жыцьці мусіць пабываць кожны беларус. Гэты таямніча-балотны рэгіён займае значную частку нашай краіны. Ягоныя людзі, мова, традыцыі і побыт, прырода, жывёльны і расьлінны сьвет неаднаразова станавіліся крыніцай натхненьня для падарожнікаў, навукоўцаў, паэтаў, мастакоў, фатографаў.
Нягледзячы на шматлікія дасьледаваньні, Палесьсе ня страчвае сваёй таямнічасьці і кожнаму наведніку абяцае безьліч адкрыцьцяў, асабліва эмацыйных. Увесну ці на пачатку лета тут разьліваецца Прыпяць, пераўтвараючыся ў мора Герадота, альбо возера Тэрмі на мапе арабскага географа ХІІ стагодзьдзя. Гэтая падзея натхняе фатографаў і турыстаў, але абарочваецца клопатам для мясцовых жыхароў, ператвараючы вясковыя вуліцы ў каналы, па якіх магчыма перасоўвацца хіба што на чаўнах. Каб пераканацца ў выключнай прыгажосьці гэтага краю, па Палесьсі варта падарожнічаць не інакш як з дронам — з вышыні яно выглядае чароўна-экзатычна.