Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зора і Вітаўт». Адкрыцьцё выставы пра тытанаў беларускай дыяспары наведалі два былыя міністры замежных справаў


Дакумэнты з архіву Вітаўта і Зоры Кіпеляў прадставілі ў Менску напярэдадні VII Зьезду беларусаў сьвету. Фотаздымкі зь сямейнай калекцыі, школьныя дакумэнты і аўтографы дзеячаў эміграцыі — усё гэта можна пабачыць на выставе ў гонар 90-годзьдзя Вітаўта і Зоры Кіпеляў.

У мастацкай галерэі «Ўнівэрсытэт культуры», якая месьціцца ў Палацы Рэспублікі, адкрылася выстава «Зора і Вітаўт», прысьвечаная 90-годзьдзю актыўных дзеячоў беларускай эміграцыі на Захадзе.

Ад пачатку 1990-х і па сёньня іх прывозяць з ЗША і перадаюць у Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва.

Натальля Гардзіенка і Павал Сапоцька, дырэктар мастацкай галерэі «Ўнівэрсытэт культуры»
Натальля Гардзіенка і Павал Сапоцька, дырэктар мастацкай галерэі «Ўнівэрсытэт культуры»

Ініцыятарам выставы была Натальля Гардзіенка, намесьніца дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва. Летась ужо ладзілася падобная выстава дакумэнтаў з архіву Янкі Запрудніка — яшчэ аднаго выбітнага дзеяча эміграцыі.

«Усё гэта каштоўнасьці ня толькі для эміграцыйнай культуры, але і для агульнай беларускай культуры», — сказала Гардзіенка.

Яна адзначыла, што сярод найбольш каштоўных экспанатаў можна назваць дакумэнты бацькоў Вітаўта і Зоры з пачатку XX стагодзьдзя, дакумэнты аб рэпрэсіях супраць іх. Тут ёсьць пасьведчаньні Вітаўта Кіпеля з школ трох краінаў: з расейскага Арла, Менску ваенных часоў і з пасьляваеннай Нямеччыны, дзе ён заканчваў гімназію імя Янкі Купалы. На стэндах можна пабачыць шмат сямейных фотаздымкаў, афіцыйныя дакумэнты з прыёмаў у амэрыканскіх прэзыдэнтаў.

Таксама тут ёсьць рукапісы, аўтографы Янкі Купалы і дзеячаў эміграцыі. І нават копія тастамэнту Ўладзімера Жылкі, якая захавалася дзякуючы сям’і Кіпеляў — бацьку Яўхіму Кіпелю.

На адкрыцьцё выставы прыехала дачка Вітаўта і Зоры — Алеся Кіпель. Яна нарадзілася і вырасла ў Амэрыцы. Цяпер працуе ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША. Алеся Кіпель зачытала кароткі зварот з нагоды адкрыцьця выставы.

Алеся Кіпель на адкрыцьці выставы
Алеся Кіпель на адкрыцьці выставы

«Шкада, што бацька сам ня змог прыехаць. Але ён ужо не такі малады. Тата рашыў, што лепей застацца дома і папрацаваць замест таго, каб стаміцца ў такой даўгой дарозе. Магу зацьвердзіць: як тата застаўся дома працаваць, дык гэта праўда. Назва ягонай кніжкі — „Жыць і дзеяць“. Тата нават у ягоным веку дзеіць кожны дзень. Кожны дзень займаецца беларускай справай».

На адкрыцьцё выставы прайшоў былы міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў
На адкрыцьцё выставы прайшоў былы міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў

На адкрыцьцё выставы прыйшлі былыя міністры замежных спраў Беларусі: Пятро Краўчанка і Сяргей Мартынаў. Выступаў са словам Радзім Гарэцкі — аднагодак Вітаўта Кіпеля.

Адкрыцьцё выставы прымеркавалі да Зьезду беларусаў сьвету, які ў суботу і нядзелю пройдзе ў Менску. Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» акурат выступае адным з арганізатараў выставы. Валер Герасімаў, намесьнік старшыні «Бацькаўшчыны», нагадаў пра важную ролю эміграцыі ў разьвіцьці незалежнай Беларусі.

Валер Герасімаў
Валер Герасімаў

«Яны беларусы не па пашпарце, яны беларусы па духу, — сказаў Герасімаў пра Кіпеляў. — Такіх людзей прынята называць апосталамі нацыі і волатамі духу. І прыйдзе час, імёнамі такіх людзей будуць названыя вуліцы нашых гарадоў, паўстануць помнікі».

Пятро Краўчанка, Алег Трусаў і Уладыслаў Завальнюк
Пятро Краўчанка, Алег Трусаў і Уладыслаў Завальнюк

Вітаўт і Зора Кіпель пазнаёміліся ў акупаваным Менску, пазьней вучыліся разам у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў паваеннай Нямеччыне, перадае інфармацыйная служба ЗБС «Бацькаўшчына». У сярэдзіне 1950-х гадоў сьледам за бацькамі яны выехалі ў ЗША, дзе і пасяліліся настала. Будучы сябрамі Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (ад 1982 года Вітаўт Кіпель зьяўляецца яго дырэктарам), яны шмат выступалі на канфэрэнцыях і іншых мерапрыемствах, расказваючы пра Беларусь і беларусаў.

А ад пачатку 1990-х Вітаўт і Зора сталі частымі гасьцямі на радзіме, перадавалі каштоўныя выданьні ў беларускія бібліятэкі, удзельнічалі ў навуковых і грамадзкіх імпрэзах.

Зора памерла 14 красавіка 2003 года, а Вітаўт Кіпель працягвае агульную справу з аднадумцамі па два бакі акіяну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG