Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 13 ліпеня ў Віцебску сустрэўся з прэзыдэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.
Падчас сустрэчы Лукашэнка паабяцаў Дадону дапамогу ў любы момант:
«Мы гатовыя для вас у любы момант зрабіць усё, што вы захочаце, калі гэта ў нашых сілах».
Лукашэнка назваў прэзыдэнта Малдовы «блізкім нам чалавекам».
«Мы з вамі трымаемся практычна аднолькавых поглядаў», — цытуе БелТА Лукашэнку.
«Чамусьці ў Малдове кажуць: „Мы маленькая дзяржава, маленькі такі народ“. Гэта вялікі народ, гэта нармальная па сярэднеэўрапейскіх мерках дзяржава», — сказаў кіраўнік Беларусі.
Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон заявіў, што Малдова разьлічвае атрымаць статус назіральніка ў Эўразійскім эканамічным саюзе ў кастрычніку на саміце кіраўнікоў дзяржаў — сяброў арганізацыі.
«Малдове наканавана сябраваць з усімі — і з Захадам, і з Усходам. У нас іншых варыянтаў няма. Калі мы не адновім стратэгічнае партнэрства з нашымі традыцыйнымі партнэрамі, мы ў Малдове ня выжывем», — сказаў малдаўскі прэзыдэнт.