Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму загінуў Шаміль Басаеў


Шаміль Басаеў
Шаміль Басаеў

З часу гібелі брыгаднага генэрала збройных сіл непрызнанай Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі і адначасова галоўнага дэмана-тэрарыста Расеі на Каўказе 1990-ых і нулявых Шаміля Басаева мінула адзінаццаць гадоў.

Дзясятага ліпеня 2006 году расейскія СМІ паведамілі пра пасьпяховую апэрацыю ФСБ па зьнішчэньні лідэра чачэнскага супраціву.

Гібель Басаева ахутаная покрывам таямніцы — ці сапраўды гэта была апэрацыя ФСБ, ці, як заяўляў чачэнскі бок, пад час транспарціроўкі боепрыпасаў здарылася недарэчная выпадковасьць, ужо ня важна.

Папросту разам з гібельлю Шаміля Басаева перагарнулася старонка расейска-чачэнскай вайны. Старонка, калі на Каўказе канчаткова памяняўся акцэнт канфлікту.

Чым далей ад гэтага моманту, тым болей прастору збройнага канфлікту акрэсьліваў рэлігійны чыньнік. Матывы ўдзелу ў вайне рабіліся больш простымі й прымітыўнымі і менш цывілізаванымі.

Вайна за свабоду саступала месца рэлігійнай вайне. Крытычнае мысьленьне й асэнсаваньне сытуацыі — фанатызму.

Зрэшты і сам Басаеў у часе сваёй гібелі розьніўся ад таго Басаева, які пачынаў бараніць свабоду свайго краю разам зь першым прэзыдэнтам непрызнанае рэспублікі Джахарам Дудаевым і ягоным наступнікам Асланам Масхадавым, але пры ўсім гэтым наўрад ці сьвецкі характар выхаваньня замяніўся ў ім на рэлігійны фанатызм.

Я згадваю сваю адзіную сустрэчу з Шамілём Басаевым у ягоным родавым сяле Верхняе Ведзяно пад час прэзыдэнцкай кампаніі ў Ічкерыі ў студзені 1997 году.

Мы ў складзе групы назіральнікаў і журналістаў, дэлегаваных на чачэнскія выбары ад фонду «Наша Ніва», цяжка паўзьлі праз каўкаскія перавалы на старэнькім легкавіку. Было халодна, у машыне, апроч мяне й кіроўцы, знаходзіліся журналіст тыднёвіка «Навінкі» Лёлік Ушкін, фотакар расейскага «Камэрсанта» Наташа Мядзьведзева і малады чачэнец ахоўнік.

Шаміль Басаеў прэтэндаваў на прэзыдэнцкі пост як адзін з кандыдатаў. Апошняя перадвыбарчая прэс-канфэрэнцыя ў ягоным выбарным штабе, што знаходзіўся ў доме ягонага сваяка, пачыналася аб дванаццатай гадзіне дня і мы хваляваліся, што можам не пасьпець, бо шлях быў складаны. Мы пасьпелі.

Басаеў у доўгім чорным палітоне выглядаў нязвыкла. Было відаць, што і яму самому ў цывільным адзеньні ня надта ўтульна, але харызма й жорсткасьць характару бачыліся, як кажуць, няўзброеным вокам.

Мне цікава было проста назіраць за гэтым незвычайным неадназначным чалавекам, у якім сплялося так шмат разнастайных якасьцяў, але адну думку, што засела ў галаве, я памятаю дакладна: пры ўсёй спрэчнасьці гэтага чалавека і яго ўчынкаў немагчыма было не падпасьці пад выпраменьваньне ягонае харызмы.

«Наша Ніва» №80, 24.02 1997:

«У двары Басаева поўна журналістаў, баевікоў і проста цікаўных. Да яго кідаюцца рэпартэры, ахова спрабуе стрымаць гэты наскок. Тлум. Мікрафоны, дыктафоны, аўтаматы, кулямёты, відэакамэры — суцэльнае шчаціньне».

Пасьля заканчэньня прэс-канфэрэнцыі, хоць было заяўлена, што інтэрвію ня будзе, я рызыкнуў і падышоў да Басаева з дыктафонам. Мы размаўлялі хвілін пяць-сем. Пра расейска-чачэнскую вайну, пра ўдзел у ёй беларусаў, пра гістарычную справядлівасьць, пра абавязак. Пра свабоду.

«Наша Ніва» №80, 24.02 1997:

«— Сп. Басаеў, ці можаце вы афіцыйна пацьвердзіць, што ў вашых атрадах за свабоду й незалежнасьць Ічкерыі змагаюцца беларусы?

— Так, я магу гэта пацьвердзіць. У нашых шэрагах змагаюцца людзі шмат якіх нацыянальнасьцяў, у тым ліку і беларусы…»

Сьледам падазваў высокага русага хлопца і сказаў:

— Вось вам беларус. Мой вайсковы паплечнік і прэс-аташэ маёй выбарчай кампаніі. І, ужо сыходзячы, на пытаньне «Што б вы маглі пажадаць беларусам?» каротка дадаў — свабоды.

Мінула ўжо дваццаць гадоў.

Шаміль Басаеў ня стаў прэзыдэнтам Ічкерыі, саступіўшы па колькасьці набраных галасоў Аслану Масхадаву, і празь дзевяць гадоў загінуў, з прамежкам крыху больш за год сьледам за Масхадавым. Застаўшыся апошнім героем найноўшага чачэнскага эпасу.

Візуальны вобраз Басаева незадоўга да гібелі паказвае яго трохі стомленага, з доўгай барадой на вахабіцкі лад. Але мне здаецца, нягледзячы на гэтую бараду, Басаеў так і не ўпісаўся ў новы трэнд, дзе вайна за ўмоўную веру прыходзіла на зьмену змаганьню за свабоду роднага краю.

Украінцы, беларусы, латышы, расейцы, палякі, немцы ды іншыя, што дапамагалі чачэнцам здабыць свабоду, сыходзілі з гэтае вайны, саступаючы месца рэлігійным фанатыкам ды спрактыкаваным джыхадзістам кшталту Хатаба. Гэтыя новыя людзі, для якіх свабода як каштоўнасьць мала што значыла альбо ня значыла нічога, мянялі атмасфэру змаганьня.

Новая атмасфэра была адзнакай часу і накрыла сабой абодва бакі канфлікту, выціскаючы цывілізацыйныя каштоўнасьці як з чачэнскага, гэтак і з расейскага грамадзтва. Як вынік, рэжым Кадырава ў Чачэніі, «Русский мир» у Расеі, іхнае агульнае непрыняцьце каштоўнасьцяў вольнага сьвету, сумесная агрэсія ў Грузіі і ва Ўкраіне.

Свабода як крыніца натхненьня і як маральная каштоўнасьць сышла з тае вайны.

Можа быць, Шаміль Басаеў і загінуў, таму што канчаткова гэта зразумеў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG