Экс-прэзыдэнта і яго жонку абвінавачвалі ў тым, што яны не задэкляравалі раскошны пэнтгаўс у курортным горадзе Гуаружа і незаконна атрымалі 747,8 тыс. даляраў ад будаўнічай кампаніі OAS у абмен на спрыяньне ў атрыманьні кантрактаў зь дзяржаўнай кампаніяй Petrobras.
Адвакаты Да Сілвы маюць намер падаць апэляцыю на рашэньне суду. Да яе разгляду былы прэзыдэнт будзе заставацца на свабодзе.
Сам ён працягвае настойваць на сваёй невінаватасьці, адмаўляе любыя супрацьпраўныя дзеяньні і сьцьвярджае, што крымінальная справа супраць яго сфабрыкаваная яго палітычнымі апанэнтамі.
Лула да Сілва займаў пасаду прэзыдэнта Бразыліі два тэрміны запар, з 2003 да 2010 году, і карыстаўся ў краіне вялікай папулярнасьцю.
Пасьля яго сыходу з пасады краіну ўзначаліла яго наступніца з Рабочай партыі Дылма Русэф, аднак неўзабаве на адрас і былога, і дзейнага лідэра пачалі выстаўляць абвінавачаньні ў карупцыі.
У канцы жніўня летась Русэф сама была адхіленая з сваёй пасады за парушэньні бюджэтнага заканадаўства.
Бразылія перажывае самы цяжкі за апошнія дзесяцігодзьдзі эканамічны крызіс. Пасьля некалькіх гадоў шматабяцальнага росту эканоміка краіны пайшла на спад.