Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрку Любоў Санкевіч зноў пакаралі штрафам. Агулам яна павінна заплаціць 2323 рублі


Любоў Санкевіч
Любоў Санкевіч

У Бабруйску адбыўся чарговы суд над пэнсіянэркай, грамадзкай актывісткай Любоўю Санкевіч. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, якая прайшла на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 22 чэрвеня. Судзьдзя Алена Ярашэвіч пакарала пэнсіянэрку штрафам у 26 базавых (598 рублёў).

Паводле Любові Санкевіч, у гэты дзень разам з актывістамі грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» яна безвынікова спрабавала трапіць на прыём да кіраўніцы прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Качанавай. На зваротным шляху жанчына праходзіла праз плошчу, дзе расказала пра гэта журналістам.

Яна заявіла, што ў акцыі ня ўдзельнічала, і не прызнала сябе вінаватай.

Прысутная на судзе грамадзкая актывістка Тамара Сяргей назвала разгляд справы пэнсіянэркі-актывісткі спэктаклем:

«На відэазапісе было ўсё цудоўна бачна, што Любоў Санкевіч не ўчыняла тых дзеяньняў, у якіх яе вінавацяць. Але тое, як судзьдзя зьдзекліва разглядала матэрыялы справы, як паводзіла сябе, як вынесла рашэньне за некалькі хвілін, сьведчыць толькі пра тое, што рашэньне ў яе было падрыхтаванае загадзя. І я пачуваюся зьняважанай і абражанай, што стала вымушанай удзельніцай гэтага спэктаклю».

Агулам памер штрафаў у бабруйскай пэнсіянэркі Любові Санкевіч цяпер складае 101 базавую (2323 рублі). Жанчына сказала, што гатовая распачаць асабістую акцыю пратэсту — галадоўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG