Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрка з Бабруйска пасьля спробы трапіць на прыём да Качанавай апынулася ў бальніцы


Любоў Санкевіч на адной з акцыях у 2016 годзе.
Любоў Санкевіч на адной з акцыях у 2016 годзе.

Пасьля вяртаньня зь Менску ў Бабруйск Любоў Санкевіч затрымалі шасьцёра міліцыянтаў. Вечарам з гарадзкой управы МУС яе забрала «хуткая».

Пра гэта інфармуе сайт «Салідарнасьці».

Падрабязнасьці «Салідарнасьці» расказала Тамара Сяргей, юрыст грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах».

22 чэрвеня прадстаўнікі ініцыятывы, сярод якіх была і Любоў Санкевіч, паспрабавалі патрапіць на прыём да Натальлі Качанавай, але безвынікова.

— Любоў Міхайлаўна ня раз запісвалася на прыём, індывідуальна і калектыўна — падкрэсьліла Тамара Сяргей.

Увечары ў чацьвер Любой Санкевіч прыняла ўдзел у акцыі салідарнасьці з затрыманымі ў «справе патрыётаў».

Пасьля вяртаньня ў Бабруйск яе даставілі ва ЎУС для дачы тлумачэньняў. Паводле словаў Тамары Сяргей, прычынай для гэтага маглі паслужыць інтэрвію журналістам, якое Любоў Санкевіч дала ў Менску.

Пасьля дзесяці гадзін вечара працэсуальныя дзеяньні праводзяцца толькі ў выпадках, якія ня церпяць адкладаньня. У дачыненьні да Любові Санкевіч супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі незаконна, бо яе выпадак не трапляе пад гэтае выключэньне, патлумачыла юрыст.

У міліцыі з пэнсіянэркай спрабаваў размаўляць падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько, чые ранейшыя дзеяньні Любоў Санкевіч дагэтуль аспрэчвае ў судах.

Каля 23.00 ў Любові Санкевіч здарыўся гіпэртанічны крыз. Паводле яе слоў, жанчыне самой давялося выклікаць мэдыкаў, бо ў міліцыі тэлефанаваць у «хуткую» адмовіліся.

Пэнсіянэрку адвезьлі ў лякарню, дзе аказалі неабходную дапамогу. Ад шпіталізацыі яна адмовілася і са сваякамі зьехала дадому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG