Ад сёньняшняга дня «Рассельгаснагляд» уводзіць абмежаваньні на пастаўкі ў Расею малочнай і мясной прадукцыі чарговых беларускіх прадпрыемстваў. Як паведамляецца, супраць іх будзе дзейнічаць рэжым узмоцненага лябараторнага кантролю. У «чорным сьпісе» — адзін з флягманаў малочнай галіны «Савушкин продукт».
«Рассельгаснагляд» удакладняе, што чарговыя санкцыі выкліканыя новымі выпадкамі выяўленьня антыбіётыкаў і патэнцыйна небясьпечных для здароўя мікраарганізмаў.
Апроч згаданага берасьцейскага вытворцы, забарона датычыцца прадукцыі Скідзельскай птушкафабрыкі (паўторнае выяўленьне ў мясе рэшткаў тылміказіну, энрафляксацыну і цыпрафляксацыну), ААТ «Александрыйскае» (паўторнае выяўленьне ў мясе рэшткаў энрафляксацыну), ААТ «Малочны сьвет» (паўторнае выяўленьне ў сухой малочнай сыроватцы рэшткаў лінкаміцыну), Рагачоўскага малочнакансэрвавага камбінату (выяўленьне ў прадукцыі рэшткаў антыбіётыкаў).
Расейская ветслужба паставіла на ўзмоцнены лябараторны кантроль пастаўкі прадукцыі звыш дзясятка пастаўшчыкоў, папярэдзіўшы, што ў выпадку паўторнага выяўленьня небясьпечных рэчываў і мікраарганізмаў будзе вымушаная ўвесьці забарону на пастаўкі. Сярод іх агракамбінат «Зара», Баранавіцкае райпа, «Беларуснафта-Асобіна», Верхнядзьвінскі масласырзавод, Маладэчанскі малочны камбінат, ААТ «Малочныя горкі», ААТ «Бабушкина крынка», Салігорская птушкафабрыка, ААТ «Смалявічы бройлер».
Акрамя таго, «Рассельгаснагляд» паведаміў пра выпадкі фальсыфікацыі прадукцыі Верхнядзьвінскага масласырзаводу і Дзятлаўскага сыраробнага заводу.
Кіраўніцтва ведамства зьвярнулася да беларускага боку з просьбай прыняць захады для недапушчэньня паставак у Расею тавараў з парушэньнем вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў і нормаў Эўразійскага эканамічнага саюзу, патрабуючы правесьці расьсьледаваньне кожнага парушэньня.
У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі неаднаразова заяўлялі, што прэтэнзіі Расеі да беларускай прадукцыі надуманыя і зыходзяць ад лябістаў тамтэйшых вытворцаў.