Гарадзенскі абласны суд адмовіў у задавальненьні скаргі Адміністрацыі Ленінскага РАУС Горадні на рашэньне Ленінскага суду, паводле якога была спыненая адміністрацыйная справа ў дачыненьні Сяргея і Вольгі Верамеенкаў, на якіх за здымкі ў інтэрнэце зь бела-чырвона-белым сьцягам склалі пратакол і абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету.
Падчас разгляду скаргі высьветлілася, што ніякіх новых абставінаў у справе не адкрылася. Кіраўніцтва Ленінскага РАУС Горадні настойвала на тым, што, хоць і ня ведае, калі і ў які час праводзіўся пікет, але, маўляў, тое, што Верамеенкі зьмясьцілі ў інтэрнэце здымкі зь бела-чырвона-белымі сьцягамі і надпісамі «У Горадні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!» зьяўляецца парушэньнем заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Яшчэ ў Ленінскім судзе міліцыянт-сьведка, даючы паказаньні, назваў гэта «інтэрнэт-пікетам». Сёньня ж у абласным судзе прадстаўнік Ленінскага РАУС настойваў на тым, каб справу вярнулі на перагляд у Ленінскі суд, але якіх-кольвек новых аргумэнтаў для гэтага не прывёў.
Сяргей і Вольга Верамеенкі сёньня засьведчылі, што згодныя з папярэднім рашэньнем Ленінскага суду. Судзьдзя Анатоль Заяц пакінуў скаргу адміністрацыі Ленінскага РАУС без задавальненьня, а рашэньне Ленінскага суду Горадні ў дачыненьні да Верамеенкаў — бяз зьменаў (праз адсутнасьць правапарушэньня).
Сяргей Верамеенка сказаў Свабодзе, што хоць і ня ведае, чаму вынесьлі такое рашэньне, але вельмі ім задаволены. Паводле яго, перад пачаткам суду ён не зусім у гэтым быў упэўнены.
— Ведаеце, у краіне, дзе на парадах дэманструюць унітазы, усё магчыма, і таму і гэтае рашэньне я перамогай не лічу. Але добра, што сёньня адбылося ўсё паводле закону. Па-ранейшаму пляную пісаць скаргі на лжэсьведкаў, якія выступалі супраць нас у судзе. Але гэта трохі пазьней, калі атрымаю рашэньне абласнога суду на рукі. У мяне дагэтуль захоўваецца запіс размовы з участковым міліцыянтам, які прыходзіў складаць пратакол і заявіў, што, якія б аргумэнты я не прыводзіў, але пратакол будзе складзены, бо ён, маўляў, атрымаў такі загад.
Вольга Верамеенка лічыць, што справа ўзьнікла на ўзроўні дробных міліцэйскіх чыноў, а таму далейшага разьвіцьця не атрымала, паколькі не ў РАУС вырашаюць, каго судзіць, а каго адпускаць.
— Я нічога ад гэтага не чакала, але добра, што ўсё так скончылася і што далей усю гэтую справу не ператварылі ў фарс. Бо сьмешна, калі пачынаюць судзіць за здымкі. А якіх толькі здымкаў у інтэрнэце няма! Дык што, судзіць за здымкі, на якіх людзі падымаюць келіх віна?
Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які прысутнічаў у судзе падчас разгляду скаргі, зазначыў Свабодзе, што насамрэч падобнае рашэньне суду ў Горадні ў дачыненьні апазыцыйных актывістаў даволі рэдкая зьява. Ён лічыць, улады вымушаныя карэктаваць статыстыку ў сувязі з новымі палітычнымі рэаліямі.
— Цяпер патрэбна пэўная пазытыўная статыстыка для справаздачаў міжнародным арганізацыям. Хаця, магчыма і тое, што нейкі дробны міліцэйскі начальнік паспрабаваў задаволіць свае амбіцыі, але з гэтага нічога не атрымалася.
Вольгу і Сяргея Верамеенкаў судзілі за разьмяшчэньне ў інтэрнэце здымкаў зь бела-чырвона-белымі сьцягамі і надпісамі «У Горадні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!». Паводле пратаколу, іх вінавацілі ў правядзеньні пікетаваньня з дэманстрацыяй бела-чырвона-белага сьцяга.
Сяргей і Вольга вінаватымі сябе не прызналі і абое патлумачылі, што зрабілі на вуліцы здымкі зь бела-чырвона-белым сьцягам яшчэ за тыдзень да таго, як Сяргей апрацаваў іх у «Фоташопе» і наклаў надпісы: «У Горадні такія самыя, як Васіль», «Такі самы, як Васіль!!!». Ніякіх заклікаў, патрабаваньняў, плякатаў — нічога ў іх не было.
Сяргей Верамеенка разьмясьціў здымкі на ўласнай старонцы ў інтэрнэце, як заявіў сам у судзе, дзеля салідарнасьці зь несправядліва, на яго думку, асуджаным гомельскім актывістам Васілём Паляковым, які выйшаў на акцыю зь бела-чырвона-белым сьцягам і за гэта быў пакараны 15 суткамі арышту.