Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэс прыходзіць туды, дзе пэрспэктывы, — генэральны сакратар МЗС Нідэрляндаў пра стасункі зь Беларусьсю


Яганна Брант адкрывае офіс пасольства Нідэрляндаў у Менску
Яганна Брант адкрывае офіс пасольства Нідэрляндаў у Менску

Генэральны сакратар Міністэрства замежных справаў Нідэрляндаў Яганна Брант 10 ліпеня паўдзельнічала ў адкрыцьці аддзяленьня амбасады гэтай краіны ў Менску.

Пасьля гэтага яна правяла перамовы зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем, абмеркавала міжпарлямэнцкія кантакты са старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам і сустрэлася са студэнтамі сталічных ВНУ. Пад канец візыту ў Беларусь намесьніца кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства завітала ў менскі офіс «Прэс-клюбу».

«Прабачце за спазьненьне, на жаль, цяпер я ня так хутка перасоўваюся, як раней», — пажартавала Яганна Брант, часта дыхаючы і абапіраючыся на кіёк пасьля доўгага пад’ёму па лесьвічных пралётах. Нейкі час таму яна пашкодзіла нагу і цяпер мусіць зьмірыцца з «абмежаванай мабільнасьцю».

Заняўшы месца на сцэне, госьця сказала, што ў Беларусі яна ўпершыню, а прыезд прымеркаваны пад 25-годзьдзе завязаньня беларуска-нідэрляндзкіх адносін і адкрыцьця з гэтай нагоды аддзяленьня амбасады ў адным зь бізнэс-цэнтраў Менску. Пакуль тут будуць працаваць павераны ў справах і ягоны памочнік, амбасадарскія ж функцыі захавае кіраўнік нідэрляндзкай місіі ў Варшаве.

«Сталая прысутнасьць у Беларусі нашага прадстаўніка — сапраўды вялікі крок, — сказала Яганна Брант. — Толькі такім чынам мы зможам даведацца пра рэальныя працэсы, якія адбываюцца ў вашай краіне. А гэта надзвычай важна, бо Беларусь на сёньня — важны партнэр Эўразьвязу, які ўзяў на сябе абавязаньні пасярэдніка ў арганізацыі мірнага дыялёгу».

Сёньняшняя палітыка Нідэрляндаў, паводле Яганны Брант, грунтуецца на трох апірышчах. Па-першае, спрыяньне стабільнасьці ў рэгіёне; па-другое, працьвітаньне ва ўмовах адкрытай эканомікі; па-трэцяе, правасудзьдзе праз гарантыю правоў чалавека і вяршэнства закону. «На такіх жа пазыцыях мы будзем працаваць і зь Беларусьсю», — сказала яна.

Пра свае ўражаньні ад гутарак з прадстаўнікамі ўладаў Беларусі Яганна Брант сказала:

«Мы абмяркоўвалі шляхі дасягненьня стабільнасьці ў рэгіёне, магчымыя бізнэс-кантакты, а таксама важнасьць супрацы з грамадзянскай супольнасьцю. Безумоўна, паўставалі пытаньні дэмакратычных пераўтварэньняў, свабоды слова, вяршэнства закону. Са свайго боку, нам хацелася б, каб усе працэсы адбываліся гэтак жа адкрыта, як у Нідэрляндах. Але мы ня ў сілах нешта навязваць».

Уладзімер Макей і Яганна Брант на адкрыцьці офісу пасьльства Нідэрляндаў у Менску
Уладзімер Макей і Яганна Брант на адкрыцьці офісу пасьльства Нідэрляндаў у Менску

Гаворачы пра пэрспэктывы дзелавога супрацоўніцтва, Яганна Брант устрымалася ад аптымістычных плянаў, адзначыўшы, што беларускаму боку «яшчэ ёсьць над чым працаваць»:

«Бізнэс прыходзіць туды, дзе бачыць пэрспэктывы для сваіх праектаў. Адпаведна, першым чынам неабходна стварыць такія ўмовы, каб інвэстары гэта адчулі не на ўзроўні дэклярацый, а на справе. І гэта сёньня найважнейшая задача для беларускага ўраду...»

Але бізнэс-інтарэсы не павінны адсоўваць на задні плян іншыя стратэгічныя моманты. На перакананьне Яганны Брант, працьвітаньню краіны спрыяе моцная грамадзянская супольнасьць. Новае аддзяленьне амбасады будзе спрыяць наладжваньню кантактаў у самых розных галінах — ад супрацы паміж праваабаронцамі да студэнцкіх абменаў.

Але калі з эўрапейскай інтэграцыяй моладзі праблемы наўрад ці ўзьнікнуць, то пра вяршэнства закону, на перакананьне Яганны Брант, павінны паклапаціцца беларускія ўлады:

«Ініцыятыва разьвіцьця і станаўленьня грамадзянскай супольнасьці павінна ісьці знутры краіны, ня звонку. Улады самі павінны быць зацікаўленыя ў станоўчых зьменах, якія будуць спрыяць унутранаму дыялёгу. Без матывацыі і рэальных захадаў дасягнуць паразуменьня складана...»

Яганна Брант запэўнівае, што з адкрыцьцём свайго прадстаўніцтва Нідэрлянды будуць больш уважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі, кантактаваць з афіцыйнымі структурамі і недзяржаўнымі ініцыятывамі, а таксама рэгулярна размаўляць зь мясцовымі журналістамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG