10 ліпеня адбудуцца перамовы міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леаніда Зайца зь міністрам Галоўнага дзяржаўнага ўпраўленьня кантролю якасьці, інспэкцыі і карантыну Кітайскай Народнай Рэспублікі Чжы Шупінам. Падчас сустрэчы заплянавана падпісаньне кантрактаў на пастаўкі беларускай харчовай прадукцыі ў гэтую краіну, паведамляе БелТА.
«На гэты момант на рынак Кітаю сэртыфікавана па малаку 36 прадпрыемстваў, па пастаўках ялавічыны сёньня завершыцца працэс атэстацыі 21 прадпрыемства, па птушцы таксама сёньня павінна завяршыцца атэстацыя 5 нашых прадпрыемстваў», — адзначыў Аляксандар Субоцін.
На фоне ўсё больш частых выпадкаў непаразуменьня з расейскім ведамствам кантролю якасьці прадукцыі «Рассельгаснаглад» Беларусь ацэньвае кітайскі рынак як стратэгічны для свайго харчовага экспарту.