Замежныя турысты за апошнія гады адчулі, што хочуць і могуць прыехаць у Беларусь, заявіў дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ генэральны сакратар Усясьветнай арганізацыі турызму пры ААН Талеб Рафаі.
«На маю думку, каб прыцягнуць турыстаў у Беларусь, неабходна павялічыць колькасьць дзён [бязьвізавага рэжыму], самі іншаземцы хацелі б застацца падолей, — перадае СТВ словы Рафаі. — Нашмат больш выгадна прыцягваць турыстаў, якія прыедуць на большы тэрмін і пакінуць больш грошай».
За камэнтаром СТВ чуюцца словы Рафаі, што ён гаворыць па-ангельску: «Вам ніколі ня мець тут кагосьці на толькі пяць дзён».
Паводле Рафаі, неабавязкова пашыраць сьпіс краінаў, якім прапануецца «бязьвіз» у Беларусі (24 краіны на тэрмін ад 30 да 90 дзён, 80 краінаў на 5 дзён пры прылёце праз Нацыянальны аэрапорт Менск). Але пажадана, кажа ён, перайсьці на электронную выдачу візаў з запаўненьнем зьвестак і аплатай анлайн.
Калі Беларусь зробіць гэта цяпер, то зэканоміць шмат часу ў будучыні, кажа Рафаі, а Ўсясьветная арганізацыя турызму гатовая прапанаваць дапамогу ў стварэньні электронных візаў.
Прыярытэтамі Беларусі ў турыстычнай галіне могуць стаць культурны, гастранамічны і мэдыцынскі турызм, прыярытэтным ёсьць разьвіцьцё экатурызму.