Пячэрскі раённы суд Кіева сёньня мае ўхваліць рашэньне пра меру стрыманьня для беларускага добраахвотніка, сябра добраахвотніцкага батальёну ОУН ва Ўкраіне Васіля Парфянкова. Яго пасьля сьвяткаваньня 9 траўня ў Кіеве абвінавачваюць ува ўчыненьні дзеяньняў, што пагражаюць грамадзкаму парадку, паводле арт. 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны.
Згодна з папярэднім судовым рашэньнем, Васіль Парфянкоў знаходзіцца пад хатнім арыштам у Кіеве з абавязковым нашэньнем электроннага бранзалета. 9 ліпеня гэты тэрмін заканчваецца, і суд паводле хадайніцтва сьледзтва падоўжыць або зьменіць меру стрыманьня.
На мінулым паседжаньні Пячэрскага раённага суду Кіева ў ноч з 10 на 11 траўня сьледчыя ды пракуроры прасілі ўзяць Васіля Парфянкова пад варту на 2 месяцы, улічваючы яшчэ адну крымінальную справу — пра пагромы ў кіеўскіх аддзяленьнях расейскіх «Альфа-банка» і «Сбербанка России», у якой фігуруе Васіль. У гэтай справе Васіль Парфянкоў знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы пра падзеі 9 траўня, беларускі добраахвотнік, «груба парушаючы грамадзкі парадак, маючы намер груба парушыць грамадзкі парадак з матываў яўнай непавагі да грамадзтва, якая суправаджалася асаблівай дзёрзкасьцю... з мэтай сарваць мірную акцыю пачаў выказваць абразы і пагрозы ў адрас супрацоўнікаў паліцыі і не рэагаваў на іхныя заўвагі. Усьведамляючы магчымыя наступствы, чынячы супраціў работнікам паліцыі, якія спрабавалі спыніць ягоныя хуліганскія дзеяньні, запаліў і кінуў дымавую шашку у шыхт паліцыянтаў, якія ахоўвалі грамадзкі парадак». Сьледчыя пераконваюць, што шашка трапіла «ў зону галавы» супрацоўніка паліцыі Львоўскай вобласьці, прычыніўшы яму цялесныя пашкоджаньні.
Згодна з артыкулам 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, Васілю Парфянкову пагражае пакараньне як у выглядзе штрафу, арышту да 6 месяцаў, так і пазбаўленьне волі на тры гады.
Беларускі добраахвотнік быў затрыманы 9 траўня, а 11 траўня суд ухваліў рашэньне трымаць яго пад кругладзённым хатнім арыштам на два месяцы.
Раніцай 9 траўня паліцыя заблякавала кіеўскі офіс арганізацыі «Добраахвотніцкі рух „ОУН“», якая плянавала перашкодзіць правядзеньню акцыі «Несьмяротны полк» у Кіеве. Актывісты сабралі «ўсіх патрыётаў», каб «сустрэць вату па-казацку», аднак празь немагчымасьць пакінуць памяшканьне сталі кідаць з вокнаў бульбу і пакеты з фарбай у калёну дэманстрантаў.
Як расказвалі відавочцы, каля дзевяці гадзін раніцы ў кірунку праваахоўнікаў з акна офісу руху паляцела дымавая шашка. Праз паўгадзіны да месца падзеяў прыехала сьледча-апэратыўная група і склала пратаколы аб правапарушэньнях у дачыненьні да 13 асобаў, з адзінаццацьцю правялі прафіляктычныя размовы, а Васіля Парфянкова затрымалі.