Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве затрыманы Васіль Парфянкоў — за хуліганства і пагрозу на адрас паліцыянтаў


Васіль Парфянкоў у судзе. Люты 2016 году.
Васіль Парфянкоў у судзе. Люты 2016 году.

Нацыянальная паліцыя Кіева разам з гарадзкою пракуратураю сёньня зьвернецца ў суд для арышту беларуса-добраахвотніка Васіля Парфянкова, які быў затрыманы 9 траўня разам з 25 іншымі прадстаўнікамі добраахвотніцкага руху «Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў» падчас масавых акцый, прымеркаваных да сьвяткаваньня Дня перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне.

«На 13 затрыманых былі складзеныя акты пра правапарушэньні, з 11-цю — праведзеныя прафіляктычныя размовы, а адзін (Васіль Парфянкоў — РС) затрыманы паводле артыкулаў 296 і 345 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны», — паведаміла Радыё Свабода прэс-сакратарка кіеўскай паліцыі Аксана Блышчык.

Паводле яе, на дадзены момант пракуратура і паліцыя рыхтуюць супольнае хадатайніцтва ў суд адносна абраньня ў дачыненьні да Васіля Парфянкова меры стрыманьня. «Канчатковае рашэньне ўхваліць суд», — падкрэсьліла Блышчык.

Васіль Парфянкоў абвінавачваецца ў закліках да дзеяньняў, якія пагражаюць грамадзкаму парадку (артыкул 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны прадугледжвае пакараньне як у выглядзе штрафу або арышту да 6 месяцаў, гэтак і пазбаўленьне волі на тры гады), а таксама ў гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка праваахоўных органаў (адпаведна артыкулу 345 гэтыя правапарушэньні караюцца абмежаваньнем ці пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 14 гадоў).

Кіраўнік добраахвотніцкага руху «Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў» Мікола Каханіўскі ў размове з Радыё Свабода адзначыў, што справа атрыманьня Васілём Парфянковым украінскага грамадзянства пакуль да канца не даведзеная.

«Гэтая справа пакуль завісла, але гэта было б вельмі добра, калі б гэта было так. Я вельмі добра ведаю Васіля, ён беларускі патрыёт, і ўся ягоная барацьба напоўненая тым, што ён вернецца ў сваю вольную Беларусь і будзе там жыць. Ён беларус, але змагаецца за волю ва Ўкраіне», — сказаў Мікола Каханіўскі.

Лідэр руху «АЎН» зьвязвае затрыманьне Васіля Парфянкова менавіта з такім нявызначаным статусам, бо ўсе іншыя прадстаўнікі арганізацыі былі вызваленыя ў дзень затрыманьня.

«Яго затрымалі, бо ён з усіх — найбольш уразьлівы. Статус ягоны ня вызначаны яшчэ, і тым больш — ён добраахвотнік батальёну „АЎН“. Разумеючы гэтую слабасьць, паліцыя менавіта на ім і акцэнтавалася. Тым больш, што ён актыўна змагаецца ня толькі на фронце, а і тут, з рэжымам унутранай акупацыі», — патлумачыў ён.

Мікола Каханіўскі дадаў, што ўжо ўвечары сёньня суд ухваліць рашэньне адносна меры стрыманьня Васіля Парфянкова.

«Сьледчы пра гэта ўжо паведаміў адвакатам, таму мы вырашылі ісьці да будынку судуё і абараняць нашага пабраціма. На суд прыедуць народныя дэпутаты Ігар Масійчук, Ігар Луцэнка, Сямён Сяменчанка, якія будуць браць яго на парукі. Будуць адвакаты, грамадзкая падтрымка, бо ён ужо публічная асоба ва Ўкраіне», — удакладніў Мікола Каханіўскі.

Васіль Парфянкоў ужо затрымліваўся ў Кіеве ў лютым 2016 году ў справе пра пагромы ў кіеўскіх аддзяленьнях расейскіх «Альфа-банка» і «Сбербанка России» і знаходзіўся тады пад хатнім арыштам два месяцы. Справа пакуль не закрытая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG