7 ліпеня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца перадпрэмʼерны паказ спэктакля «1517», прымеркаванага да 500-годзьдзя беларускай Бібліі і кнігадрукаваньня. Гэта не біяграфічны спэктакль пра выбітнага беларускага гуманіста і асьветніка Францішка Скарыну. Гэта спроба асэнсаваць, чаму Скарына, які быў доктарам лекарскіх навук, зьмяніў свае жыцьцёвыя пляны, стаў перакладчыкам Бібліі і пачынальнікам беларускага кнігадрукаваньня, чаму адбылася такая трансфармацыя.
Жанр пастаноўкі пазначаны як «контравэрсія без антракту». Аўтары пʼесы — Аляксей Шэін і Андрэй Унучак, рэжысэры — Павал Харланчук-Южакоў і Зьміцер Бейнарт-Саладуха.
Адзін з аўтараў пастаноўкі, Аляксей Шэін, сказаў Свабодзе, што праца над пʼесай ішла роўна год, раз на тыдзень былі сустрэчы, кансультацыі, абмен ідэямі — усяго адбылося больш за 50 такіх абмеркаваньняў:
«Пʼеса, якую мы напісалі, не біяграфічная. Мы не імкнуліся паказаць біяграфію Скарыны. Мы з суаўтарам думалі пра іншае: паглядзець на Скарыну як на чалавека, які прайшоў вельмі важную сьветапоглядную трансфармацыю.
Мы паспрабавалі паказаць Скарыну як чалавека, які заняты пошукамі сэнсу жыцьця. Асноўная лінія супрацьстаяньня, вакол якой разьвіваецца канфлікт, — гэта сьветапоглядная спрэчка, дакладней, дыялёг паміж Скарынам, які шукае сэнс жыцьця і знаходзіць яго ў Богу, у служэньні іншым людзям, і сьветапоглядам (назавем яго сучасным словам) атэістычным, скіраваным на клопат пра свой асабісты дастатак, асабістае шчасьце.
Мяне цікавіць Скарына як хрысьціянін, Скарына як веруючы чалавек. Мяне цікавіць, чаму Скарына (які вырас у купецкай сямʼі, у сямʼі багатага прадпрымальніка, дарэчы, і брат яго таксама працягнуў бацькоўскую справу і стаў купцом) — абраў спэцыяльнасьць лекара, і чаму зь ім адбываецца такая трансфармацыя: ён мяняе род дзейнасьці і фактычна пачынае займацца прапаведніцтвам.
Што выйдзе з гэтага на сцэне — пакуль не ўяўляю, я яшчэ ня бачыў пастаноўкі», — кажа адзін з аўтараў пʼесы «1517» Аляксей Шэін.
Мастацкі кіраўнік праекту Алена Сітнік расказала, што летась Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі паставіў спэктакль «Біблія князя Радзівіла», прысьвечаны 500-годзьдзю з дня нараджэньня Мікалая Радзівіла Чорнага. Сёлета ў красавіку адбылася прэмʼера спэктакля па пʼесе Віктара Марціновіча «Карʼера доктара Раўса» — пра Францішка Скарыну ў сучасным сьвеце, якая на афішах пазначаная як «гістарычна недакладная трагікамэдыя». І вось — новая прэмʼера пра выбітнага беларускага першадрукара і асьветніка — «1517», «контравэрсія без антракту».
«Гэта будзе пэрыяд, калі Скарына друкаваў Біблію: 1512–1517 гады. І мы імкнёмся паказаць, чаму ён надрукаваў менавіта Біблію. Чаму ён, будучы доктарам лекарскіх навук, кінуў доктарскую практыку і заняўся кнігадрукаваньнем. Ён надрукаваў не даведнік па мэдыцыне, не штосьці іншае, ягоны выбар — менавіта Біблія. Па сутнасьці, апроч біблейскіх тэкстаў, ён больш не друкаваў нічога. Хочам паказаць, што Скарына гэта зрабіў менавіта таму, што быў веруючым. І чаму так адбылося — мы паказваем у гэтым спэктаклі», — кажа Алена Сітнік.
У спэктаклі «1517» задзейнічаныя і прафэсіянальныя акторы, і непрафэсіяналы. Прафэсійных актораў чацьвёра. Галоўнага героя — Францішка Скарыну — будзе граць Яўген Казакевіч. Ягонага апанэнта Сыльвіюса — Уладзімер Лісоўскі. Ганна Харланчук будзе выконваць ролю Марты — гэта жонка Скарынавага служкі. Усе яны з Тэатру арміі. Ролю сябра Скарыны Міхала выконвае Максім Брагінец з РТБД.