Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто турбуецца з нагоды вучэньняў «Захад-2017». Адной карцінкай


Выява ў высокім разрозьненьні >>

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда абмеркавалі 6 ліпеня расейска-беларускія вучэньні «Захад».

«З прэзыдэнтам Трампам размаўлялі аб прысутнасьці амэрыканскіх войскаў у Польшчы, умацаваньні бясьпекі ў нашай частцы Эўропы, пра сытуацыю ва Ўкраіне, а таксама пра будучыя вучэньні „Захад“ у Беларусі», — сказаў Дуда.

Пра небясьпеку вучэньняў «Захад» раней казалі афіцыйныя асобы Літвы, Латвіі, Эстоніі і Ўкраіны:

«Выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для розных экспэрымэнтаў і небясьпечных гульняў, скіраваных супраць Захаду [...] гэта выклік, на які мы сапраўды павінны адказваць разам», — прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце.

«Мы маем засьцярогі, што расейскія войскі, якія ўвойдуць у Беларусь, могуць не сысьці», — міністар абароны Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

«Мы павінны быць з нашымі саюзьнікамі адначасова і спакойнымі, і пільнымі. [...] Зь вялікай доляй імавернасьці будзе адпрацоўвацца буйнамаштабная вайсковая апэрацыя супраць NATO», — прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд.

«Гэтыя вучэньні могуць быць выкарыстаныя для таго, каб пачаць агрэсію ня толькі супраць Украіны, але супраць любой краіны Эўропы, якая мяжуе з Расеяй», — міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак.

Але беларускія і расейскія афіцыйныя асобы запэўнівалі суседзяў, што вучэньні не нясуць ім пагрозы:

«Стогны і галашэньні з нагоды нашых вучэньняў назіраюцца ня першы год [...] Тыя ж крыкі раздаваліся: што цяпер расейскія войскі ўвойдуць нібыта для правядзеньня вучэньняў, потым застануцца там назаўсёды і акупуюць Беларусь. Большага трызьненьня цяжка сабе ўявіць», — міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

«Зь беларускага боку ні да кога ніколі не ішла пагроза і ня будзе ісьці. Мы дзяржава, якая не стварае праблемы камусьці, а наадварот, робіць свой унёсак у забесьпячэньне стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне», — міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

«Мы нікога не пужаем, нам чужога ня трэба», — Аляксандар Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG