На сайце менскай каманды зьявіўся заклік да заўзятараў актыўна далучыцца да адметнай падзеі.
«"Дынама" заўсёды з павагай ставілася да гісторыі Беларусі і беларускай мовы. Мы неадкладна адгукаліся на ўсе ініцыятывы, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы, нацыянальных традыцый і пашырэньне духоўнай сьвядомасьці беларусаў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Перад пачаткам гульні яны выйдуць на вітальную цырымонію ў «вышымайках»
Адміністрацыя клюбу запрашае ўсіх сваіх прыхільнікаў ня толькі наведаць 2 ліпеня а 17-й гадзіне менскі стадыён «Трактар», дзе пройдзе матч 15 туру паміж «Дынама» і «Віцебскам», але пры гэтым яшчэ надзець вышыванкі, выказаўшы тым самым павагу да гісторыі Беларусі і нацыянальнага беларускага сымбалю.
Першымі пакажуць прыклад шанаваньня гістарычных традыцый самі футбалісты. Перад пачаткам гульні яны выйдуць на вітальную цырымонію ў «вышымайках», узоры якіх былі прадэманстраваныя акурат тры гады таму ў рамках супольнага праекту Радыё Свабода і «Арт-сядзібы». Пасьля гэтага хлопцы пераапрануцца ў гульнявую форму.
Акцыя дынамаўцаў праходзіць пры падтрымцы інтэрнэт-крамы symbal.by. Гэтаксама «Арт-сядзіба» забясьпечыць менчукоў сувэнірнай прадукцыяй на матч Лігі Эўропы супраць «Рунавіка» з Фарэскіх выспаў, які адбудзецца на наступным тыдні.
«Падтрымайце нашу каманду! Разам — мы мацнейшыя!», — заклікае аматараў футболу менскае «Дынама».