Шасьцідзесяцігадовая жыхарка абласнога цэнтру, якая назвалася Тацянай Мікалаеўнай, першай прывезла чарніцы на міні-рынак на вуліцу Кожара. За двухсотграмовую шклянку ягад просіць 2 рублі.
«Сёлета значна меней чарніц, чым нават летась. І драбнейшыя яны. У траўні ж замаразкі былі. Сады прыхапіла, і чарніцам, відаць, дасталася — ягаднікі таксама ў той час цьвілі. Зьбірала ў лесе каля чыгуначнага прыпынку „Лісічкі“ — гэта ў бок Чарнігаву».
Кабета кажа, што гадзін каля шасьці хадзіла па лесе, пакуль сабрала 5-літровае вядзерца. Змушаная зьбіраць нават дробныя чарніцы і везьці на рынак, бо «пэнсію яшчэ доўга чакаць — яна ў сярэдзіне месяца».
«Дый якая тая пэнсія — 250 рублёў, — жаліцца Тацяна. — Я дыспэтчарам працавала ў „Гомельаблаўтатрансе“, аднесьлі нас да катэгорыі служачых і вызначылі такую пэнсію. Пакуль яе дачакаюся, то, можа, хоць на хлеб ды малако зараблю на ягадах».
Сама Тацяна Мікалаеўна і яе суседка па гандлёвым прылаўку нахвальваюць чарніцы: яны, маўляў, для зроку карысныя, страваваньня, сардэчна-судзіннай сыстэмы.
Пагаджаюся з агаворкаю: «Гэта калі чарніцы без радыяцыі».
«Я правярала, 32 адзінкі, а норма — 185», — даводзіць зьбіральніца ягад.
У цэтліку лябараторыі міні-рынку «Аэрадром», якая адносіцца да гарадзкой вэтэрынарнай станцыі, сапраўды напісана: «Норма 185 Бк/кг». Правільна напісаць: дапушчальны ўзровень 185 бэкерэляў на кіляграм, а ня норма. Іначай выглядае, што радыяцыі нібыта бракуе ў чарніцах.
На Прывакзальным рынку ляснымі ягадамі гандлюе вясковец Анатоль зь вёскі Краўцоўка. Ягады ў яго таньнейшыя: за шклянку — 1 рубель 50 капеек.
Ён ня хоча паказваць цэтлік праверкі чарніц на радыяцыю, нават злуецца: «А навошта? Сказалі, што норма».
Вясковец таксама ходзіць у лес, каб мець нейкую прыбаўку да пэнсіі. Яна ў Анатоля нават меншая — усяго 200 рублёў. Суразмоўца працаваў у камбінаце «Сож» дэзінфэктарам.
«Такое ў нас жыцьцё, — даводзіць вясковец, — хоць некаторыя й лічаць, што пэнсіянэрам жывецца лепей».
На Цэнтральным рынку чарніцы прадаюць у трох месцах. Кошт ва ўсіх аднолькавы: шклянка — 2 рублі. Многія пакупнікі падыходзяць, пытаюцца пра кошт і сыходзяць. Дорага.
Гараджанін Пётар прадае з жонкаю і клубніцы, і чарніцы:
«Сабралі ў лесе за вёскаю Прыбар, праверылі на радыяцыю, можна прадаваць. Людзі бяруць на варэнікі альбо проста паласавацца. Кошт, можа, і высакаваты, але ж чарніц у лесе мала. Гэта, лічыце, першыя. Будзе больш чарніц, кошты зьнізяцца — такі закон рынку».
За тры дзесяцігодзьдзі пасьля Чарнобылю жыхары рэгіёну больш абачліва пачалі ставіцца да ягад і грыбоў. Прынамсі, на рынках імкнуцца не купляць «дары лесу», не правераныя ў лябараторыі.
«Мне чарніцы падабаюцца, — кажа гараджанін Ігар. — Калі бачу, што правераныя, купляю. Не правераныя не бяру, каб не „сьвяціцца“ ад радыяцыі. У нас усё-ткі шмат месцаў, дзе й хадзіць ня варта, а ня толькі нешта зьбіраць да стала».