Зь іншага боку, відавочны абсурд разьдзімаецца да жахлівых памераў, каб пасьля лопнуць, як паветраны балёнік, пакінуўшы па сабе адно скукожаную рваную гумку.
Але, разам з тым, ёсьць нейкая агульная парадыгма разьвіцьця для падзеяў, здавалася б, далёкіх адна ад адной, як, прыкладам, справа «Белага легіёну» і чарговыя закалоты ў стане хакейнага «Дынама».
Днямі з «Дынама» разьвітаўся галоўны трэнэр канадзец Крэйг Вудкрафт, пад кіраўніцтвам якога клюб паказаў найлепшы вынік на працягу гладкага сэзону, заняўшы найвышэйшае за ўвесь час выступу ў лізе-КХЛ месца ў табліцы, набраўшы рэкордную колькасьць балаў, паказваючы часам вельмі цікавую гульню. І хоць у плэй-оф для «Дынама» ня склалася, але ў наступны год заўзятары глядзелі з аптымізмам.
Марна. Новы сэзон клюб будзе пачынаць з чыстага аркуша. Канадзкі вэктар разьвіцьця быў прызнаны спрэчным, маўляў, замежныя легіянэры ня спраўдзілі надзеяў. «Дынама» прапанавалі сканцэнтравацца на ўнутраных рэсурсах.
Апроч слова «легіянэры», у справах «Белага легіёну» і хакейнага «Дынама» ёсьць яшчэ адно агульнае слова – абсурд.
Крэйг Вудкрафт прызнаваўся, што быў шакаваны, калі пачуў ад Старшыні назіральнае рады клюбу Ігара Шуневіча, што ў наступным сэзоне каманда адмовіцца ад легіянэраў.
Здавалася б, з трэнэрам пашанцавала, трохгадовы плян разьвіцьця, прапанаваны трэнэрскім штабам, ухвалены кіраўніцтвам клюбу, склад каманды стабілізаваўся, адна з найлепшых наведнасьць у лізе, амаль кожны матч – аншляг на Менск-арэне. Варта рухацца далей. Але не.
«Дынама», як базавы клюб зборнай, нягледзячы на лепшы сэзон, паляцеў пад адхон, як і трэнэрскі штаб зборнай, як і кіраўнік Фэдэрацыі хакея Беларусі Ігар Рачкоўскі з-за ня надта ўдалага выступу нацыянальнай каманды на Чэмпіянаце сьвету.
Хакеем у нас цікавяцца многія, а рашэньні прымае адзін чалавек. Дый не адно ў хакеі. Беларуская рэчаіснасьць непрадказальная, бо кіруецца настроямі гэтага чалавека, якія б ягоныя настроі ні былі – захапленьне, раздражненьне, страх…
Пры ўсёй рознасьці кантэкстаў, справа «Белага легіёну» супадае са справай хакейнага «Дынама» па этапах разьвіцьця. Спачатку эмоцыя (у адным выпадку страх, у іншым гнеў), пасьля эмацыйна прамоўленыя словы (у адным выпадку пра баевікоў, якіх рыхтуюць у Літве й Польшчы, у іншым – «стыдоба і пазорышча», наконт выступу нацыянальнай зборнай), далей непасрэдныя дзеяньні адпаведных структур (затрыманыя ўяўныя «баевікі» і разагнаныя хакейныя спэцыялісты й легіянэры).
І вынік гэтага ўсяго таксама аднолькавы: валіцца шытая белымі ніткамі справа «Белага легіёну» і хлопцаў выпускаюць на волю. Фэдэрацыя хакея і «Дынама» адкручваюць назад рашэньні пра адмову ад паслугаў хакейнага замежнага легіёну, бо разумеюць, што выключна на свае кадры клюб разьлічваць ня ў стане.
Але што зроблена, тое зроблена. Час сышоў, на інтарэсы хакейных заўзятараў і спэцыялістаў ніхто не зьвяртае ўвагі, як не зьвяртаюць увагі на здароўе і жыцьцёвыя пляны вырваных са звычайнага асяродку й кінутых за краты па надуманай справе хлопцаў-патрыётаў.
Як хакейнае «Дынама» наўрад ці складзе канкурэнцыю ў наступным сэзоне ў КХЛ, гэтак і краіна Беларусь безнадзейна адстае паводле ўзроўню дзяржаўнага разьвіцьця ў сваёй палітычнай лізе.
Але краіна не хакейны клюб, рызыкі зьвязаныя зь яе абрынаньнем на дно значна вышэйшыя й на парадак больш небясьпечныя.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.