Быццам усе ведаюць, што цяжарныя жанчыны павінны добра харчавацца. Але ня ўсе ведаюць, што харчаваньне бацькі таксама адыгрывае ролю.
Тое, што харчаваньне маці да і падчас цяжарнасьці мае важнае значэньне для здароўя дзіцяці — здаецца, усім вядома. Пераважна кажуць пра недапушчальнасьць ужываньня алькаголю і прыём фоліевай кіслаты. Але далёка ня ўсе будучыя мамы ў Беларусі ведаюць, што недабор вагі (сьледзтва няправільных дыет і нездаровых уяўленьняў пра прыгажосьць) вельмі небясьпечны для дзіцяці. Зародак у чэраве маці прыстасоўваецца да недахопу пажыўных рэчываў — гэта важна для выжываньня. Недахоп калёрый у рацыёне маці прыводзіць да таго, што сыстэмы арганізму будучага немаўляці праграмуюцца на захаваньне кожнай калёрыі. Гэтая адаптацыя дапамагае выжыць у тым выпадку, калі пасьля нараджэньня дзіця будзе недаядаць. Але ва ўмовах дастатку ежы гэта прывядзе да таго, што чалавек усё жыцьцё будзе пераядаць з усімі зьвязанымі наступствамі, уключаючы залішнюю вагу і цукровы дыябэт 2-га тыпу.
Лішак калёрый таксама шкодны. У жанчын, якія да і падчас цяжарнасьці маюць залішнюю вагу і як сьледзтва дыябэт 2-га тыпу, часьцей нараджаюцца дзеці, якія таксама будуць пакутаваць ад залішняй вагі і дыябэту.
Пажыўныя рэчывы адыгрываюць ключавую ролю ў жыцьці чалавека падчас першых 1000 дзён жыцьця, гэта значыць з моманту зачацьця і да канца другога году пасьля нараджэньня. На працягу гэтага пэрыяду дысбалянс у рацыёне можа мець незваротныя шкодныя наступствы для здароўя. Возьмем для прыкладу мінэрал ёд. Шчытападобная залоза мае самую важную ролю ў разьвіцьці мозгу і разумовых здольнасьцяў. Але яна можа аптымальна функцыянаваць толькі пры дастатковым паступленьні (зь ежай) ёду. Істотны недахоп ёду ў гэты крытычны пэрыяд жыцьця можа прывесьці да гіпатэрыёзу (нізкага ўзроўню гармонаў шчытападобнай залозы) і пашкоджаньня мозгу. Клінічным наступствам будзе незваротная разумовая адсталасьць.
Дарэчы, больш палове эўрапейскага насельніцтва мае дэфіцыт ёду. У Беларусі сталовая соль — ёдаваная. Гэта добра. Але многія пасьлядоўнікі здаровага ладу жыцьця думаюць, што самая карысная соль — гэта ружовая гімалайская або шэрая француская. Хлеб яны не ядуць (таксама важная крыніца ёду, бо ў хлебнай прамысловасьці выкарыстоўваецца менавіта ёдаваная соль). Як сьледзтва — сур’ёзны дэфіцыт ёду з вышэйапісанымі наступствамі.
Парада дыетоляга: лепш за ўсё спажываць ёд у складзе арганічных прадуктаў — дароў мора, найважнейшы зь якіх — марская капуста.
Яшчэ адзін вельмі важны харчовы элемэнт у харчаваньні цяжарных — тлустая кіслата ДГК. Дакладна вядома, што дастатковае спажываньне ДГК падчас цяжарнасьці і ляктацыi зьяўляецца неабходнай ўмовай для нармальнага разьвіцьця мозгу і зроку немаўляці. Прысутнасьць ДГК ў рацыёне дзіцяці можа абараніць яго ад астмы і іншых алергічных захворваньняў. ДГК сустракаюцца выключна ў рыбе і іншых марскіх прадуктах.
Ня ўсе ведаюць, што лад жыцьця (уключаючы харчаваньне) бацькі да зачацьця таксама мае важную ролю. Так, навукоўцы знайшлі сувязь паміж недастатковым спажываньнем вітаміну D бацькам і ростам / вагой дзіцяці. Тыя дзеці, чые бацькі (незалежна ад статусу вітаміну D маці) мелі дэфіцыт гэтага вітаміну, былі занадта маленькімі і мелі занадта нізкую вагу ва ўзросьце пяці гадоў. Добрая крыніца вітаміну D — печань траскі, а таксама тлустая рыба накшталт ласосю, селядца і скумбрыі. Акрамя таго, гэты вітамін прысутнічае ў мясе, яйках і малочных прадуктах, але ў значна меншай ступені.
Спадзяюся, вы ведаеце, што цяжарныя жанчыны і дзеці да чатырох гадоў абавязкова павінны прымаць вітаміну D у дазіроўцы 10 мкг на дзень (400 IU).
Немаўля аддае перавагу тым прадуктам, якія яго мама ела падчас цяжарнасьці (лічыцца, што гэта адбываецца праз мэханізм паху). Так што калі вы хочаце, каб ваша дзіця аддавала перавагу здаровым прадуктам, то вы таксама павінны харчавацца пераважна імі. Мама сваёй дыетай ў простым сэнсе праграмуе сваіх дзяцей.
Дзеці пераймаюць звычкі (у тым ліку і харчовыя) бацькоў. Таму, калі вы гатуеце брокалі раз на месяц і пры гэтым самі ясьце яе зь цяжкім уздыхам, то ня трэба чакаць, што ваша дзіця будзе брокалі любіць.
Залішняя вага дзяцей часьцей за ўсё зьяўляецца сьледзтвам няправільных харчовых звычак. У поўных бацькоў часта поўныя дзеці. I наадварот — у стройных бацькоў часьцей за ўсё дзеці са здаровай вагой. Але тут (часьцей за ўсё) справа не ў генэтыцы. Так званае манагеннае атлусьценьне (атлусьценьне з прычыны генэтычнай памылкі аднаго гену) — вельмі рэдкая зьява. Практычна ўсе астатнія выпадкі — ня больш чым вынік дыетычных звычак.