У трэцім квартале бягучага году Расея паставіць у Беларусь 4,5 мільёна тон нафты. Пра гэта, як паведамляе агенцтва Інтэрфакс, сказаў расейскім журналістам міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак.
Летась Расея скараціла пастаўкі ў Беларусь нафты да 18,4 мільёна тон з прычыны рознагалосьсяў у падыходах да вызначэньня цаны газу. У папярэднія гады на нафтаперапрацоўчыя заводы ў Наваполацку і Мазыры транспартавалася звыш 24 мільёнаў тон сыравіны.
Супярэчнасьці перавалілі ў 2017-ы, і замест звыклых 6 мільёнаў тон Беларусь атрымала ў першым квартале на 2 мільёны тон меней. У другім квартале канфліктную сытуацыю нібыта ўрэгулявалі, і з Расеі было пастаўлена 5 мільёнаў тон нафты.
Раней прэсавы сакратар прадпрыемства «Транснефть» Ігар Дзёмін запэўніваў, што ў другім паўгодзьдзі ў Беларусь будзе пастаўлена каля 15 мільёнаў тон нафты — больш як па 7 мільёнаў тон у трэцім і чацьвёртым кварталах адпаведна.
Аднак сёньняшняя заява міністра энэргетыкі Расеі Аляксандра Новака з гэтай лічбай моцна разыходзіцца.