Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговага прэзыдэнта Бразыліі абвінавацілі ў хабарніцтве


Прэзыдэнт Бразыліі Мішэл Тэмэр
Прэзыдэнт Бразыліі Мішэл Тэмэр

Генэральны пракурор Бразыліі ўпершыню ў гісторыі краіны папрасіў Вярхоўны суд выставіць абвінавачаньні дзейнаму прэзыдэнту краіны: Мішэла Тэмэра, як сьцьвярджаецца, злавілі на хабары, перадае BBC.

Тэмэра абвінавацілі ў атрыманьні грошай ад мясной кампаніі JBS, ублытанай у карупцыйны скандал. Калі судзьдзя Вярхоўнага суду вырашыць пайсьці супраць прэзыдэнта, ён мусіць перадаць справу ў ніжнюю палату парлямэнта, якая мае даць дазвол на суд. Тэмэру могуць выставіць і некалькі абвінавачаньняў па асобных эпізодах, тады парлямэнт будзе галасаваць за дазвол па кожным асобна.

Сам прэзыдэнт абвяргае любыя парушэньні. Ён перакананы, што яго і ягоных міністраў «нішто ня зьнішчыць».

Раней прэзыдэнта, які летась заступіў на пасаду, ужо абвінавачвалі ў карупцыі ў вуснай форме, але цяпер агучана першае фармальнае абвінавачаньне. Гэта адбылося пасьля публікацыі аўдыёзапісу, на якім Тэмэр нібыта абмяркоўвае хабар з дырэктарам JBS. Называецца сума хабару ў 152 тысячы даляраў, а таксама нібыта абяцаньне даць Тэмэру яшчэ 11 млн даляраў хабару.

Рэйтынг падтрымкі Тэмэра, як перадае New York Times, апусьціўся да 7% яшчэ да публікацыі запісу. Гэта нават ніжэй, чым мела Дзілма Русэф — папярэдняя прэзыдэнтка Бразыліі, летась адхіленая праз імпічмэнт. Такі нізкі рэйтынг прэзыдэнта рэкордны для Бразыліі за апошнія 30 гадоў.

Апазыцыйныя партыі Бразыліі ўжо патрабуюць датэрміновых выбараў і імпічмэнту, але правацэнтрысцкая партыя Тэмэра ўваходзіць у кіроўную кааліцыю. Пакуль што ў Тэмэра, як піша New York Times, мае хапіць падтрымкі ў парлямэнце, каб застацца на пасадзе.

Папярэднюю прэзыдэнтку Русэф доўгі час спрабавалі адхіліць ад пасады якраз праз абвінавачаньні ў карупцыі, а таксама праз скажэньні зьвестак аб стане фэдэральнага бюджэту дзеля паляпшэньня сваіх шанцаў на перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у 2014 годзе. Ад масавых пратэстаў да адхіленьня ад пасады прайшоў больш як год.

У карупцыі абвінавачвалі і папярэдніка Русэф, былога прэзыдэнта Бразыліі Лулу да Сілва, але расьсьледаваньне пачалося ў 2014 годзе, ужо пасьля сыходу да Сілва з пасады. У 1992 годзе праз абвінавачаньні ў карупцыі ледзь ня быў адхілены ад пасады яшчэ адзін прэзыдэнт Бразыліі Фэрнанду Колар дзі Мэлу: ніжняя палата парлямэнту прагаласавала за імпічмэнт, але перад галасаваньнем у верхняй палаце прэзыдэнт сам падаў у адстаўку.

Спроба імпічмэнту прэзыдэнта была і ў гісторыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG