На сустрэчы са славутай выпускніцай, ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры маюць прысутнічаць некаторыя школьныя сяброўкі пісьменьніцы, землякі.
«Гэта фантастыка, што ў школу прыедзе Сьвятлана Аляксандраўна», — лічыць Надзея Коржык, якая ў школьныя гады сябравала з Алексіевіч.
7 ліпеня а 18-й гадзіне ў Гомлі адбудзецца сустрэча Алексіевіч з журналістамі, блогерамі, мясцовымі пісьменьнікамі і грамадзкімі актывістамі рэгіёну. Пройдзе яна ў грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52.
З прычыны малых памераў памяшканьня трапіць на сустрэчу можна будзе толькі па асабістым запрашэньні арганізатараў. Аднак назіраць і слухаць пісьменьніцу можна будзе ў жывым эфіры праз інтэрнэт. Ахвотныя змогуць зрабіць гэта і пад дахам летняга амфітэатру на той жа вуліцы Палескай, дзе будзе наладжаная відэатрансьляцыя сустрэчы.
Паездкай пісьменьніцы на радзіму апякуюцца Гомельскі грамадзка-палітычны цэнтар, рэгіянальныя філіі БАЖу і Беларускага саюзу пісьменьнікаў.
Раней плянавалася, што сустрэча нобэлеўскай ляўрэаткі з чытачамі можа адбыцца ў абласной бібліятэцы. Аднак дырэкцыя гэтай установы парушыла папярэдняю дамоўленасьць, спаслаўшыся на занятасьць аўдыторыі іншымі мерапрыемствамі.
Пытаньні да Сьвятланы Алексіевіч можна даслаць праз электронную пошту: gomelcivil52@gmail.com.