Грамадзянін Беларусі, як вынікае з абнародаванага судовага рашэньня, быў затрыманы 16 чэрвеня супрацоўнікамі Ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чарнігаўскай вобласьці.
Згодна з рашэньнем суда, 19 чэрвеня ён пераведзены на ўтрыманьне ў ізалятар СБУ ў Кіеве.
Прозьвішча беларуса пакуль не ўдакладняецца. Вядома толькі, што ён ня жанаты, нідзе не працуе, мае на ўтрыманьні бацьку-пэнсіянэра, і раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці.
У Службе бясьпекі Ўкраіны пакуль гэтае затрыманьне не камэнтуюць. У судовым рашэньні таксама не ўдакладняецца, якой замежнай дзяржаве ён перадаваў сакрэтную інфармацыю, і пад час якіх абставінаў быў затрыманы.
Зараз трывае дасудовае расьсьледаваньне, але на судовым пасяджэньні, калі абіралі меру стрыманьня, грамадзянін Беларусі заявіў, што выкладзенае сьледчым у справе не адпавядае рэчаіснасьці і падставы для ўтрыманьня яго пад вартай адсутнічаюць. На судовым працэсе прысутнічаў перакладчык.
Згодна з заканадаўствам Украіны, «перадача або збор з мэтай перадачы замежнай дзяржаве, зьвестак, якiя складаюць дзяржаўную таямніцу, калі гэтыя дзеяньні зьдзейсьненыя замежнікам або асобай без грамадзянства» караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі