Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Мартысевіч: «Я лічу, што ва ўсім сьвеце знойдуцца 500 чалавек, якія чытаюць літаратуру па-беларуску»


Лягатып краўдфандынгавай кампаніі «Амэрыканка»
Лягатып краўдфандынгавай кампаніі «Амэрыканка»

Марыя Мартысевіч — перакладчыца, паэтка і эсэістка. Выдала кнігі «Цмокі лятуць на нераст» і «Амбасада». Перакладае з польскай, чэскай, украінскай, ангельскай і расейскай моваў на беларускую. Размаўляем зь ёю пра краўдфаўндынгавы выдавецкі праект, мэнэджэрам якога яна зьяўляецца.

РС: Марыя, сёньня мы хочам пагаварыць пра выдавецкі праект «Амэрыканка», які будзе прысьвечаны шляхетнай справе выдаваньня перакладной літаратуры. Маюцца на ўвазе пераклады вядомых кнігаў вядомых аўтараў з ангельскай мовы на беларускую. Пакуль запытаць вас пра дэталі гэтага праекту, я хачу, каб вы паясьнілі нам сваю ролю ў гэтым праекце. Вы хто — ініцыятар, дырэктар, перакладчык, рэдактар? Ці, можа, будзеце ўсім пакрысе?

Марыя Мартысевіч: Мая роля ў гэтым праекце сапраўды шматгранная, як і заўсёды бывае з краўдфандынгам, які арганізуецца неабыякавымі людзьмі. Я думаю, галоўная мая роля ў тым, што я тут неабыякавы чалавек. Мне сапраўды важна, каб гэтыя кнігі выйшлі. Мы вельмі доўга рыхтавалі гэты праект, і на сёньняшні момант я магу сказаць, што я — яго каардынатар. Некаторыя з кнігаў я рэдагавала, у адной пераклала вершаваную частку, але гэта былі, калі можна так сказаць, фрагмэнтарныя заняткі. Найперш я хачу выступаць у гэтым праекце як мэнэджэр культуры.

РС: Чаму праект называецца «Амэрыканка» а не, скажам, «Немка» або «Гішпанка»? Па-ангельску, як мяркую, у Беларусі чытаюць значна больш людзей, чым па-нямецку або па-гішпанску. Ці ня варта было б зьвярнуць увагу на менш вядомыя мовы ў прасоўваньні замежнай літаратуры?

Марыя Мартысевіч: Гэты праект быў задуманы даволі даўно, гадоў сем таму. Проста выявілася, што некаторыя перакладчыкі з ангельскай на беларускую пераклалі кнігі, якія сабе ўпадабалі і палічылі важнымі для літаратуры. І тады мы прыдумалі назву «Амэрыканка». Яна адносіцца ня толькі да амэрыканскай літаратуры ці да нацыянальнасьці аўтараў — гэта кнігі, якія гавораць нам нешта важнае пра нас саміх, пра нашу ўнутраную свабоду, сымбалем якой для майго пакаленьня ў 1990-х сталі творы амэрыканскіх аўтараў. Канешне, у назву таксама закладзены іранічны падтэкст — сэрыя кнігаў пра свабоду мае назву пагрозьлівай турмы ў Беларусі.

РС: Дык давайце назавем кнігі, якія хочаце выдаць…

Марыя Мартысевіч: «Амэрыканка» — гэта амбітны праект. Я разглядаю выданьне чатырох кнігаў, пра якія зараз скажу, як пачатак вялікай сэрыі. Пачынаем з гэтых чатырох перш за ўсё таму, што яны даўно чакаюць выдаўца і яны — вельмі важныя і вартыя кнігі, якія даўно павінны былі зьявіцца ў нашай літаратуры.

Першая кніга — «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі. Гэтую кнігу пераклаў Аляксей Знаткевіч, ужо даволі даўно. Гэта сапраўды базавая кніга ў нашым праекце, таму што гэта ўжо клясыка сусьветнай літаратуры.

Вокладка кнігі Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі»
Вокладка кнігі Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі»

Другая кніга, пераклад якой таксама заляжаўся, гэта «Байцоўскі клюб» Чака Паланіка. Гэтую кнігу пераклаў малады перакладчык Сярж Мядзьведзеў, але ён ужо пасьпеў атрымаць за яе прэмію «Дэбют» за найлепшы пераклад у 2014 годзе. Але тады кніга была толькі ў электроннай вэрсіі, то бок яна фактычна не сустрэлася з чытачом. І гэтую прыкрую памылку мы хочам выправіць — назьбіраць грошы і выдаць наклад.

Вокладка кнігі Чака Паланіка «Байцоўскі клюб»
Вокладка кнігі Чака Паланіка «Байцоўскі клюб»

Трэцяя кніга, пра існаваньне перакладу якой пэўна мала хто ведае, гэта кніга «Чытво» Чарлза Букоўскі, ягоны апошні раман у выдатным перакладзе Ігара Кулікова.

Вокладка кнігі Чарлса Букоўскі «Чытво»
Вокладка кнігі Чарлса Букоўскі «Чытво»

Ну і чацьвертая кніга — шмат гадоў таму мы з Вольгай Калацкай зрабілі часопісны варыянт перакладу «Пэнэляпіяды» канадзкай пісьменьніцы Маргарэт Этвуд. Гэта пераказ гісторыі Адысэя з гледзішча Пэнэлёпы. Цяпер відавочна, што гэта адзін з маніфэстаў фэміністычнай літаратуры. Да яго вельмі вялікі інтарэс у дасьледчыц гендэрных тэмаў. Хочацца, каб гэтыя дасьледчыцы зьвярталіся ўжо да дасканалага тэксту, бо часопісная вэрсія была, на мой погляд, ня вельмі дасканалай. І таму мы цяпер перапрацоўваем кнігу, — можна сказаць, што перакладаем наноў, — каб яна дайшла да чытача ў дасканалым выглядзе.

Вокладка кнігі Маргарэт Этвуд «Пэнэляпіяда»
Вокладка кнігі Маргарэт Этвуд «Пэнэляпіяда»

Вось гэтыя чатыры кнігі — пілётны запуск нашай сэрыі.

РС: Пакуль перайсьці да тэхнічных дэталяў праекту, я задам агульнае, «філязофскае» пытаньне. Па-мойму, усе гэтыя кнігі існуюць у расейскіх перакладах, і ўсе ў Беларусі, хто толькі хацеў, прачыталі іх у гэтых перакладах. Чаму не зрабіць выдавецкага праекту на кнігі, якія па-расейску не выходзілі? Ці так не было б лепш?

Марыя Мартысевіч: Ваша пытаньне вельмі кляснае і, я б не сказала, што яно «філязофскае» — яно вельмі прагматычнае. Але ваша пытаньне «працавала б», калі б у Беларусі быў кніжны рынак. На жаль, у Беларусі няма кніжнага рынку беларускамоўнай кнігі. Таму я разглядаю «Амэрыканку» не як камэрцыйны праект (хоць мы і зьбіраем грошы), але як штосьці вельмі блізкае да сацыяльнага прадпрымальніцтва. Мы, як супольнасьць перакладчыкаў, маем пэўныя каштоўнасьці, якія хочам данесьці шырэйшаму колу чытачоў. І мы спадзяемся праз наш праект знайсьці кола аднадумцаў, якія падзяляюць наша меркаваньне — а яно заключаецца ў тым, што ёсьць харошая, клясная літаратура, якую трэба мець у перакладзе на беларускую мову.

І яшчэ адзін важны момант. Сэрыя была задуманая гадоў сем таму — за гэты час у многіх перакладчыкаў нарадзіліся або падрасьлі дзеці. І я зразумела, што для мяне вельмі важна, каб мае пляменьніцы, якія сем гадоў таму хадзілі яшчэ ў пялюшках або ў дзіцячы садок, прачыталі кнігу Кена Кізі. Бо гэта вельмі важная кніжка для падлеткаў. Цяпер мае малодшыя сваякі або дзеці маіх сяброў змогуць мець выбар, на якой мове чытаць. Мы ня кажам, што беларускі пераклад цалкам зьменіць нашу культурную прастору, але цяпер у многіх людзей, якія яшчэ не чыталі Кена Кізі, зьявіцца выбар, на якой мове чытаць. Мы не павінны забываць, што мы працуем і на будучыню.

РС: Вы прыкінулі, колькі прыблізна будзе каштаваць выданьне адной такой кнігі? Цана будзе па кішэні сярэдняму чытачу-кнігалюбу ў Менску?

Марыя Мартысевіч: Пакуль што, мы маем папярэднія кошты. На выданьне гэтых чатырох кнігаў нам патрэбна сабраць больш за 10 тысяч даляраў ЗША. Кошты шмат падымае выкуп аўтарскіх правоў — усім чатыром аўтарам або іх нашчадкам трэба заплаціць за аўтарскія правы. У прынцыпе мы старгаваліся на 500 даляраў за кніжку — то бок пры накладзе 500 асобнікаў у кошт кожнага асобніка будзе закладзены адзін даляр за выкарыстаньне аўтарскіх правоў. Ну і потым будуць яшчэ адлічэньні за электронныя вэрсіі кнігі. За кожную прададзеную электронную вэрсію мы павінны заплаціць чацьвертую частку выручкі тым, хто валодае аўтарскімі правамі.

Варта тут адзначыць, што калі б мы выплачвалі ганарары перакладчыкам, то кошты выданьня гэтых кнігаў павялічыліся б удвая. Але перакладчыкі грошай не бяруць. Для іх гэта місія.

РС: Я паўтару мае асноўнае пытаньне — колькі пакупніку давядзецца заплаціць за вашу папяровую кнігу?

Марыя Мартысевіч: Я баюся памыліцца, таму што канчатковых разьлікаў у нас яшчэ няма. Ну і кнігі ў нас розныя па аб’ёму. Таму давайце я скажу так: мы вельмі спадзяемся, што мы зможам прапанаваць нашым ахвярадаўцам чатыры кнігі за 40 беларускіх рублёў. У гэтым пакеце самай дарагой кнігай будзе «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі.

Марыя Мартысевіч
Марыя Мартысевіч

РС: Як вы думаеце назьбіраць грошай на выданьне?

Марыя Мартысевіч: Мы дамовіліся з плятформай ulej.by, што запусьцім наш праект у іх. Гэта краўдфандынг-плятформа, якая падтрымлівае праекты, што патрабуюць перадаплаты. Мы таксама спадзяемся на рэкляму ў сацыяльных сетках, таму я вельмі прашу ўсіх, хто гэта прачытае і пойдзе па гэтай спасылцы, падтрымаць нас, паслаўшы яе сваім сябрам у сацыяльных сетках. У асноўным, заплаціць за кніжкі можна будзе з картак Visa і MasterCard праз гэтую плятформу. Гэта падобна на замову тавару ў інтэрнэтнай краме, адно што замоўлены тавар прыйдзе да вас не назаўтра, а толькі ў выпадку пасьпяховасьці ўсёй кампаніі. Гэта, дарэчы, самы авантурны момант праекту, таму што сабраць такую суму — вельмі цяжка. Па-правілах ulej.by, калі праект не спрацуе — прыкладам, толькі дзесяць чалавек падпішацца на нашы выданьні — то плятформа анулюе ўсе нашы дамовы і грошы вяртаюцца на карткі тых людзей, якія заплацілі. То бок пакупнік тут нічым не рызыкуе.

РС: Вы раней згадалі пра 500 асобнікаў. Ці ёсьць у вас прыблізнае ўяўленьне, колькі людзей могуць падпісацца на гэтыя кнігі?

Марыя Мартысевіч: Вы задаяце пытаньне ў абставінах, калі грамадзкая думка мяне пераконвае, што літаратура нікому не патрэбная — што трэба распранацца перад камэрамі, рабіць сэрыялы, каб зацікавіць масавую аўдыторыю… Але ж я думаю, што 500 асобнікаў — гэта ў прынцыпе нармальная колькасьць «клюбу аматараў літаратуры». Я лічу, што ва ўсім сьвеце знойдуцца 500 чалавек, якія чытаюць літаратуру па-беларуску. Тут, на жаль, такі момант — мы ня зможам высылаць кнігі па-за межы Беларусі, бо гэта вельмі-вельмі дорага. Але элкетронныя выданьні кнігаў, якія будуць каштаваць удвая таньней, можна будзе атрымаць у любым месцы ў сьвеце. Адзін з партнэраў «Амэрыканкі» — kniharnia.by, дзе можна купляць анлайн кніжкі ў электроннай вэрсіі.

РС: Калі ўсё з праектам атрымаецца, чаго вам моцна зычу, то калі ўбачым першую кнігу ў сэрыі «Амэрыканка»?

Марыя Мартысевіч: У прынцыпе, «Байцоўскі клюб» ужо гатовы, і друкар толькі чакае пераводу грошай. Кампанію збору грошай мы плянуем скончыць у сярэдзіне лета, нам спатрэбіцца яшчэ месяц на друк і прывоз кнігі з друкарні, таму я спадзяюся, што ўжо ў канцы жніўня будуць першыя прэзэнтацыі. А вялікая падзея вакол выданьня гэтых кніжак плянуецца на верасень-кастрычнік.

Я яшчэ скажу, што кніжкі нашай сэрыі будуць выдавацца ў двух фарматах: у вялікім (гранд-фармаце) і ў малым (кішэнным). Вось кніга Кена Кізі, якая зьяўляецца аб’ёмістым раманам, выйдзе ў вялікім фармаце, а тры астатнія — у малым. У нас ёсьць два партнэры-выдаўцы: малы фармат будзе выдаваць «Логвінаў», а вялікі — «Янушкевіч». На будучыню, я мяркую, кола выдаўцоў пашырыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG