Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да сустрэчы ў «Беларусаліме»!


Павал Севярынец
Павал Севярынец

Магутная карпарацыя, якая марыць пра сусьветнае панаваньне, засноўвае штаб-кватэру ў Менску; зь яе гледзішча Беларусь — ідэальная пляцоўка для духоўнай экспансіі па ўсім сьвеце... Пра гэта — у новым рамане Паўла Севярынца «Беларусалім», на выданьне якога talaka.by распачала збор сродкаў. Аўтар — госьцем перадачы.

— Павал, перад нашай гутаркай я згадаў паэтычны зборнік Міхася Стральцова «Ядлоўцавы куст», дзе ні разу не сустракаецца слова «ядловец» і вытворныя ад яго. Чаму ў зборніка такая назва — невядома. Я прачытаў першую частку вашага раману і таксама не сустрэў там ніякага Беларусаліму. Дык што хаваецца за гэтым вашым словам-наватворам?

— Назва раману спалучае два словы — Беларусь і Ерусалім. У ёй — канцэпцыя твору, бо «Беларусалім» — гэта раман пра Беларусь як цэнтар сусьвету. Ня больш і ня менш. У другой і трэцяй частках Беларусалім будзе фігураваць. Такую назву атрымае новы партал беларускага нацыянальнага руху, які пашыраецца на ўвесь сьвет. Ерусалім — сьвяты горад і цэнтар сьвету для монатэістычных рэлігіяў — габрэяў, хрысьціянаў, мусульманаў. Падобную функцыю — беларускай сьвятыні — выконвае і Беларусалім у рамане, проста ў першай частцы гэтая ідэя пакуль прыхаваная.

— Чаму ўсё ж карпарацыя «Непагасны сьвет» заснавала сваю штаб-кватэру ў сталіцы Беларусі?

У галоўнага архітэктара Менску спыталіся, што будзе бачыць чалавек, праяжджаючы праз галоўную плошчу — Кастрычніцкую? І ён адказаў: «Неба».

— Таму што Беларусь — прастора ў чаканьні. У адрозьненьне ад вялікай колькасьці эўрапейскіх гарадоў, Менск — гэта такая пустка, якая чакае. Колісь у галоўнага архітэктара Менску спыталіся, што будзе бачыць чалавек, праяжджаючы праз галоўную плошчу — Кастрычніцкую? І ён адказаў: «Неба». Карпарацыя «Непагасны сьвет» хоча ашчасьлівіць усё чалавецтва, але шукае тое шчасьце бяз Бога. Падобнае неаднойчы здаралася ў гісторыі. Вядомыя грандыёзныя спробы ашчасьлівіць чалавецтва і празь Вялікую францускую рэвалюцыю, і праз нацызм, і праз бальшавізм. Але ўсё гэта чамусьці заканчвалася крахам. Яшчэ адну такую спробу робіць «Непагасны сьвет», які мае ў сваім распараджэньні ўсе найноўшыя тэхналёгіі, даступныя чалавецтву. Мэта, здавалася б, шчырая, і абсалютнай большасьцю людзей успрымаецца нармальна. Але і ў «Непагаснага сьвету» нічога не атрымліваецца. Таму што чалавек сам сябе ня можа выцягнуць за валасы з пакутаў. Патрэбны хтосьці іншы. Для мяне, як для верніка, відавочна, што патрэбен Бог. Але герой раману Андрусь Белазор яшчэ не разабраўся ў гэтым. Ён і ягоныя сябры шукаюць, набіваюць шышкі, сутыкаюцца з незразумелымі сіламі і працэсамі. Адбываецца ўсё гэта ў Беларусі, на тле беларускай гісторыі.

— Менск са сваёй сталінскай архітэктурай сапраўды надаецца як дэкарацыя для змаганьня дабра са злом. Але, наводзячы магічны крышталь свайго таленту на зло, ці не павялічвае мастак гэтае самае зло, ці ня робіць яго прыцягальным?

Наводзіць павелічальнае шкло на такія праявы зла трэба, каб нацыя зразумела, у якой цемры мы знаходзімся.

— Насамрэч, гэта дылема для любога творцы. Але, як мне бачыцца, Беларусь зрабілася эпіцэнтрам зла ў пэўных галінах. Згадаем той жа Чарнобыль. Ці тое, што мы адна з самых пітушчых нацыяў у сьвеце. Ці тое, што ў нас самагубствы і аборты лічацца ледзь ня нормай — так мы звыкліся зь імі. Ці вазьміце гэтак званы гульнявы бізнэс, усе гэтыя казіно, якія ў Менску растуць, як грыбы пасьля дажджу. Даходы ад гэтага бізнэсу цыркулююць не ў бюджэце Беларусі, а ў адпаведных лабісцкіх структурах. Мы, хрысьціянскія дэмакраты, ладзілі адмысловую кампанію супраць казіно. І сутыкнуліся з такім шалам, якога не даводзілася бачыць ні пры антыалькагольных кампаніях, ні пры кампаніях супраць магіі і акультызму. Відно, што там круцяцца велізарныя грошы, прычым шэрыя, непразрыстыя. І робіцца зразумела, што казіно — гэта таксама эпіцэнтар зла. У Менск прыяжджаюць гульцы з Расеі ці Ўкраіны (там казіно забароненыя) і падсаджваюць беларусаў на гэтую хваробу, якая ламае лёсы. Тыя краіны, якія забаранілі казіно, правільна зрабілі, бо гэта крымінал, несумленныя спосабы ўзбагачэньня, гульня на чалавечай слабасьці. Таму наводзіць павелічальнае шкло на такія праявы зла трэба, каб нацыя зразумела, у якой цемры мы знаходзімся. Я ўжо не кажу пра сёньняшні рэжым — гэта яшчэ адна з праяваў цёмнай сілы. Таму патрэбен нейкі балючы шок, успышка сьвятла, якія дазволілі б людзям прачнуцца і ўбачыць гэтае зло.

Вокладка кнігі Паўла Севярынца «Беларусалім»
Вокладка кнігі Паўла Севярынца «Беларусалім»

— Нядаўна ў фэйсбуку вы нават засьпявалі — дзеля збору сродкаў на выданьне «Беларусаліму»: «Дарагія мае чытачы, / беларусы, брацішкі і сёстры, / я прашу вас усіх памагчы...» Відэаролік сабраў каля 3000 праглядаў, а ці папоўніў выдавецкую скарбонку?

— Папоўніў. Прычым людзі ахвяруюць ня толькі праз talaka.by, але і прыватна перадаюць ахвяраваньні. Ужо амаль палова неабходных сродкаў сабраная. Людзі адгукаюцца, нягледзячы на крызыс і на тое, што нават тыя 10 рублёў (мінімальнае ахвяраваньне) для іх сёньня — грошы. Мяне гэта радуе, бо «Беларусалім» — у нейкім сэнсе народны раман, ён пра беларусаў і для беларусаў. І тут яшчэ адзін істотны момант. Калі мы зьбіраем грошы на выданьне, то пасьля раздаем кнігі ахвярадаўцам, а гэта ўжо стварае пэўную чытацкую супольнасьць. Гэткі плённы спосаб быў апрабаваны намі, калі выдавалася «Беларуская хрысьціянская азбука».

— Нядаўна выдавецтва «Лімарыюс» такім чынам выпусьціла ў сьвет двухтомавік Уладзімера Дубоўкі.

— Такім чынам народ аднаўляецца і адбудоўвае падмуркі, на якіх вырастуць новыя геніі, новыя таленты. Я памятаю, зь якой цяжкасьцю ў свой час ішло зьбіраньне грошай на кнігу Васіля Быкава «Сьцяна» — ці ня першы падобны праект. Мы тады толькі-толькі вылезьлі з Савецкага Саюзу, прывыклі, што вядомых пісьменьнікаў выдаюць дзяржаўныя выдавецтвы. І народныя грошы на выданьнне народнага пісьменьніка зьбіраліся цяжка. Але — сабраліся, і «Сьцяна» выйшла. З таго часу нацыя сьпее, сталее, і сёньня ўжо сотні і тысячы людзей дапамагаюць уласным рублём ажыцьцяўляць нейкія нацыянальныя праекты.

— «Беларусалім», як вы прызналіся перад нашай гутаркай, пісаўся ажно дванаццаць гадоў. А значыць, і ў той час, калі вы былі і на «хіміі», і на сутках. Ці адбіўся нейкім чынам ваш арыштанцкі досьвед на старонках раману?

— Безумоўна. У Бібліі напісана: той, хто пакутуе целам, той перастае грашыць. Турма — месца, дзе ты найбліжэй да Бога, і ў духоўным сэнсе нейкія назіраньні, нейкія ісьціны, якія адкрываліся там, значна больш кшталтаваныя, значна больш прыдатныя для выкладаньня на паперы. І ў рамане апісваюцца падзеі, якія тычацца непасрэдна турмы. Скажам, першая частка заканчваецца сцэнаю ў «амэрыканцы» — адзін з галоўных герояў, анархіст Ян Ясны, трапляе туды пасьля падзеяў у Полацку. Справа ў тым, што «Непагасны сьвет» будуе там розныя атракцыёны — магічныя павільёны і г.д. А таксама суперсучасную бібліятэку зь перавагай расейскай, філязофскай, ізатэрычнай літаратуры, такім чынам услаўляючы памяць Пятра І, які бываў у Полацку (мы, беларусы, добра памятаем, што ён там рабіў). Усё тое будаўніцтва павінна знакаваць новы этап разьвіцьця «Непагаснага сьвету», які выкарыстоўвае Беларусь у сусьветным маштабе. Але справа заканчваецца пагромам, адзін з удзельнікаў якога і трапляе ў турму. Так што турэмны досьвед аўтара сапраўды спатрэбіўся. Што тычыцца маёй духоўнай гісторыі, то пераважная частка асабістых духоўных вяршыняў зьвязаная ў мяне са знаходжаньнем за кратамі.

— Нядаўна кіраўнік Беларусі загадаў аднавіць старажытны Тураўскі крыж — на ўзор таго, як быў адноўлены Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Як вы ставіцеся да падобных аднаўленьняў?

Крыжы-муляжы — гэта такая спроба падмануць Бога, але Бога падмануць немагчыма.

— Крыжы-муляжы — гэта такая спроба падмануць Бога, але Бога падмануць немагчыма. Маўляў, давайце адновім крыжы (ці — павесім крыжыкі на грудзі) і — адразу асьвецімся, станем хрысьціянамі. Але так не бывае. Спачатку Бог мусіць увайсьці ў сэрцы. Як можна аднаўляць у краіне крыжы, адначасова праводзячы антыхрысьціянскую палітыку? Хіба ў Беларусі не ўціскаюцца пратэстанты? Хіба з нашых вуліцаў прыбраныя помнікі Леніну і іншым багаборцам, якія вынішчалі царкву і вернікаў? Хіба гэта ня ў нас узьнікла гэтак званая «Лінія Сталіна»? Хіба ня ў Менску ў цэнтральнага праспэкту адабралі імя перакладчыка Бібліі Францішка Скарыны? Наш народ сёньня праходзіць праз вялікія выпрабаваньні. У нас краіна чысьценькая, як турма, парадак паўсюль, як у турме. І ўсё гэта невыпадкова, бо там, дзе дзейнічае Бог, з патроенай сілай дзейнічае і д’ябал. Менавіта таму беларусы сёньня на вастрыі змаганьня дабра і зла. Я гэта адчуваю і паспрабаваў разгарнуць панараму гэтага змаганьня ў «Беларусаліме», паказаць, наколькі важная Беларусь для сьвету і для саміх беларусаў.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG