Гэта заявіла міністар працы Ірына Касьцевіч, выступаючы ў Палаце Прадстаўнікоў. Яна і намесьнік старшыні Камітэту дзяржкантролю Аляксандар Курлыка паведамілі, што пазабюджэтны фонд не дабраў грошай празь беспрацоўе і няпоўную занятасьць насельніцтва.
Летась зь дзяржаўнага бюджэту давялося дадаткова ўзяць на пэнсіі 1,4 мільярда рублёў, што складае каля 10% ад усяго пазабюджэтнага фонду, а таксама здымаць працэнты і забіраць частку грошай фонду з банкаў.
Паколькі амаль 80% пазабюджэтнага фонду ідзе на выплату пэнсіяў, старэйшай частцы насельніцтва Беларусі няма як спадзявацца на іх падвышэньне. Чакаецца, што сёлета, як і летась, пэнсіі па ўзросьце павысяць толькі адзін раз (у мінулым годзе гэта здаралася ў сьнежні і ўсяго на 5%).
Міністар працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі Ірына Касьцевіч таксама канстатавала, што эфэктыўнасьць ад пэнсійнай рэформы — перадусім яна тычыцца павелічэньня пэнсійнага ўзросту — пакуль не праявілася.
«Гэта доўгайграючы эфэкт, і ён праявіцца толькі зь цягам часу», — падсумавала Касьцевіч.