Гэтыя тэмы абмяркоўваюць філёзаф Уладзімер Мацкевіч і палітычны аглядальнік парталу TUT.BY Арцём Шрайбман. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.
Дракахруст: 15 чэрвеня парлямэнт Літвы прыняў закон, паводле якога атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю. Літва ставіць палітычную мэту спыніць будаўніцтва БелАЭС. На ваш погляд, наколькі гэта закон і такая мэта адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі?
Мацкевіч: Напэўна, я тут выкажуся не патрыятычна, але сёньня кіраўніцтва Літвы, парлямэнт Літвы змагаюцца за інтарэсы менавіта Беларусі. І свае таксама, але і Беларусі. Праўда, крыху са спазьненьнем. Калі беларускія «зялёныя», эколягі, патрабавалі пэўнай вызначанай пазыцыі ад літоўскага кіраўніцтва раней, то яго, на жаль, не было. Зараз Літва робіць розныя захады, адчуваючы небясьпеку. Пытаньне толькі ў тым, да якога рубяжа яна зможа дайсьці ў гэтым.
Дракахруст: Арцём, а вы, відаць, патрыятычны пункт гледжаньня выкажаце?
калі Літва здолее заблякаваць экспартныя пастаўкі беларускай электрычнасьці, то гэта ня будзе дабром для нашай краіны
Шрайбман: Ува Ўладзімера таксама патрыятычны пункт гледжаньня. Але мы, магчыма, адрозьніваемся ў разуменьні патрыятызму. Я мяркую, што нічога добрага Беларусі ад гэтых літоўскіх мераў ня будзе. Нават калі мы глядзім на гэта з пазыцыі праціўнікаў пабудовы АЭС, гэта ня спыніць яе пабудову. Гэтая станцыя стала справай прынцыпу для Аляксандра Лукашэнкі. І падобныя крокі прымушаюць яго і іншых кіраўнікоў гэтага праекту менш задумвацца пра нейкія фінансавыя аспэкты будоўлі, а больш — пра прынцып. Я не зьяўляюся праціўнікам атамнай энэргетыкі наагул і ня бачу нічога кепскага ў тым, каб у Беларусі была атамная станцыя, якая б давала электрычнасьць, якую мы маглі б экспартаваць.
Таму калі Літва здолее заблякаваць экспартныя пастаўкі беларускай электрычнасьці, то гэта ня будзе дабром для нашай краіны, якой неабходна дывэрсыфікаваць зьнешні гандаль, у тым ліку і энэрганосьбітамі, ссоўваць балянс гандлю з усходу на захад. З гэтых пазыцыяў я ня бачу нічога станоўчага ў гэтай палітыцы Літвы як для Беларусі афіцыйнай, гэтак і для Беларусі нашай з вамі.
Дракахруст: Арцём, вы сказалі — справа прынцыпу. Але здараецца, што людзі і адыходзяць ад сваіх прынцыпаў. Летась вось быў прынцып у Менску — цана газу 73 даляры за тысячу кубамэтраў. А потым мы ведаем, што здарылася з гэтым прынцыпам.
У Літвы проста няма фізычнага рычагу, каб прыпыніць пабудову станцыі
Шрайбман: Я б не параўноўваў вагу контрагентаў. Адна справа — заяўляць прынцыповую пазыцыю ў спрэчках зь вялікай Расеяй, якая можа праціснуць сваю пазыцыю, проста пачакаўшы, пакуль у нас скончацца грошы ці пакуль не захочацца газу. І іншая справа — Літва, патрабаваньні якой успрымаюцца ў Менску ў адпаведнасьці з прымаўкай пра караван, які ідзе.
У Літвы проста няма фізычнага рычагу, каб прыпыніць пабудову станцыі. Ужо на ўсіх узроўнях заяўляецца, што мы спажывем усю гэтую энэргію на ўласным рынку. Ня ведаю, ці так гэта, трэба пытацца адмыслоўцаў. Але нашыя чыноўнікі не зьбіраюцца мяняць сваю пазыцыю.
Дракахруст: Рашэньне аб забароне імпарту энэргіі з БелАЭС і яе транзыту праз Літву, прынятае раней — рашэньне істотнае, але яно не блякуе пэрспэктыву пабудовы станцыі і яе далейшай эксплёатацыі. Ці мае Літва дыпляматычныя, палітычныя і эканамічныя інструмэнты, каб дасягнуць пастаўленай мэты?
Мацкевіч: Я падзяляю некаторыя аспэкты таго, што сказаў Арцём — тое, што моц Расеі ў перамовах ці ціску на Беларусь непараўнальна большая, чым Літвы. Літва адна ня справіцца з гэтым байкотам энэргіі з гэтай станцыі. Я таксама не зьяўляюся такім ужо зацятым праціўнікам атамнай энэргетыкі, але пытаньне не ў гэтым, а ў адказнасьці краіны.
моц Расеі ў перамовах ці ціску на Беларусь непараўнальна большая, чым Літвы
Ія Малкіна, намесьнік міністра аховы прыроды Беларусі, заявіла, што Беларусь — адказная дзяржава. Але мы ведаем, наколькі яна насамрэч безадказная дзяржава. І таму парушэньне цэлага шэрагу пагадненьняў мела месца ва ўзгадненьні зь Літвой месца пабудовы АЭС. На жаль, рэакцыя Літвы была запозьненая, і зараз, калі да гэтага не далучыцца Эўразьвяз, Польшча, то адна Літва ня спыніць будаўніцтва АЭС. Я згодны з Арцёмам у тым, што Лукашэнка тут пайшоў на прынцып.
Байкот з боку Літвы транзыту энэргіі ня спыніць будаўніцтва станцыі. Але аргумэнтацыя патрэбы ў АЭС палягала ў тым, што Беларусі самой не хапае энэргіі і яна на 95% залежыць у гэтым пытаньні ад расейскага газу. Першапачаткова ні пра які экспарт электраэнэргію размова не ішла. Я не адмысловец у энэргетыцы, але я магу сыходзіць з міжнародных пагадненьняў, з дэклярацыі Рыа-дэ-Жанэўра 1992 году, з канвэнцыі Эспа. І я бачу, наколькі безадказна, валюнтарысцкі паводзіла сябе беларуская дзяржава ў гэтым будаўніцтве. І тут калі нешта здарыцца, то да крымінальнай адказнасьці будуць прыцягвацца ўсе, хто на той момант застанецца жывым.
Дракахруст: Уладзімер, вы ўжо прыгадалі канвэнцыю Эспа, якая трактуе пытаньні ўплыву АЭС на навакольнае асяродзьдзе. Апошняя нарада канвэнцыі прайшла на мінулым тыдні ў Менску. Аднак яе ўдзельнікі не прынялі ніякага выніковага дакумэнту па БелАЭС. А які ў цэлым міжнародны кантэкст гэтай спрэчкі паміж Вільняй і Менскам? Ці не ператворыцца яна ў яшчэ адзін фронт канфлікту паміж Расеяй і абʼяднаным Захадам?
у сфэры ядзернай энэргетыкі амаль усе высновы міжнародных структураў маюць рэкамэндацыйны характар
Шрайбман: Мне здаецца, што і суседзі Літвы, і тым больш ЭЗ імкнуцца ня толькі сысьці ад палітызацыі гэтай справы, яны яшчэ імкнуцца ўхіліцца ад гэтай спрэчкі. Нарада канвэнцыі Эспа вельмі яскрава гэта прадэманстравала. Такія калегіяльныя органы, ў якіх прадстаўленыя дзясяткі краінаў, хутчэй схільныя адкласьці прыняцьце рэзалюцыяў, каб дамагацца мэтаў, падобных закрыцьцю АЭС.
Тым больш што ў сфэры ядзернай энэргетыкі амаль усе высновы міжнародных структураў маюць рэкамэндацыйны характар. Літва тут, хутчэй за ўсё застанецца адна на сваім фронце. Іншыя краіны, ў тым ліку і суседзі, усё часьцей апэлююць да высноваў МАГАТЭ. Чыноўнікі ад МАГАТЭ, якія прыяжджалі ў Беларусь, выказваліся ў вышэйшай ступені ляяльна адносна БелАЭС.
Ёсьць сумневы ў абʼектыўнасьці гэтых экспэртаў, «зялёныя» кажуць, што МАГАТЭ — гэта арганізацыя, якая зацікаўленая ў новых атамных станцыях, таму яна ляяльная да тых, хто іх будуе. Тым ня менш я не бачу ні ў воднай іншай сталіцы ня толькі ўмешвацца ў канфлікт, але і наагул радыкалізаваць гэтую тэму. Усе, як і афіцыйны Менск, гэтую тэму калі не спусьціць на тармазах, то, як кажуць, пакінуць пад радарамі, каб яна ня мела палітычнага розгаласу.
У гэтым часткова прычына такой надзвычайнай эмацыйнасьці пазыцыі Літвы. Ня толькі ў тым справа, што станцыя будуецца пад Вільняй — у Літвы былі свае АЭС пад Вільняй, і яны былі ня самыя бясьпечныя, па ўсёй Эўропе стаяць станцыі каля сталіцаў, каля Люксэмбуру, каля Брусэлю. Гэта не нешта ўнікальнае. Прычына эмацыйнасьці — тое, што Літва са сваёй пазыцыяй застаецца самотнай.
Мацкевіч: Літва ўжо не адна ў гэтым супрацьстаяньні. Нарада канвэнцыі Эспа падрыхтавала сваю рэзалюцыю па БелАЭС. Беларускі бок адмовіўся яе падтрымаць і падрыхтаваў сваю рэзалюцыю. Нарада беларускі праект не падтрымала. Так што размова ідзе пра супрацьстаяньне паміж Беларусьсю і дзяржавамі, якія падпісалі канвэнцыю Эспа. Гэта ня толькі ЭЗ, а больш шырокае кола краінаў, і Беларусь у тым ліку. Так што сьпіраль раскручваецца, хаця і павольна.
Абвастрэньне пазыцыі Літвы мы назіраем апошнія гады, хаця літоўскія экспэрты наведвалі пляцоўку будоўлі станцыі яшчэ ў 2008 годзе. Пры будоўлі былі парушаныя ня толькі міжнародныя нормы, але і праектныя. Так што тут усё ня так проста, як гэта падаюць беларускія ўлады, што, маўляў, калі ўжо пачалі будаваць, калі столькі грошай ужо ўбухалі, то гэта ўжо не спыніць. Я лічу, што гэта вельмі бязглуздая пазыцыя.