Пра гэта, адказваючы на пытаньне агенцтва БелаПАН, сказаў намесьнік старшыні камітэту будаўніцтва і інвэстыцый Менгарвыканкаму Мікалай Бутрым.
Ён удакладніў, што загад на раскансэрвацыю аб’екта падпісаны кіраўніцтвам ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» адразу ж пасьля ўрэгуляваньня нафтагазавай спрэчкі паміж Масквой і Менскам — Беларусь завінавацілася за энэргарэсурсы больш як паўмільярда даляраў.
Цяпер кампанія шукае новага генэральнага падрадчыка — з прадпрыемствам «Менскпрамбуд» дамова аўтаматычна была скасаваная пасьля кансэрвацыі будоўлі.
Адказваючы на пытаньне, ці вядуцца рэальныя працы на пляцоўцы, Мікалай Бутрым параіў зьвярнуцца да заказчыка праекту. Аднак у офісе «Газпром трансгазу» ад камэнтароў устрымаліся.
Як раней паведамляла Свабода, згодна зь першапачатковымі плянамі «Газпром цэнтар» на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Філімонава павінен быў стаць самым высокім будынкам у Менску. Але пакуль будучага хмарачоса не відаць нават з-за агароджы.
Пасьля таго як «Газпром» набыў актывы «Белтрансгазу» і стаў уласьнікам беларускага газатранспартнага прадпрыемства, расейскія топ-мэнэджэры заявілі, што трэба будаваць штаб-кватэру ў Беларусі. Менскія ўлады ахвяравалі аўтавакзалам «Маскоўскі», абставіўшы зьдзелку некалькімі ўмовамі: збудаваць двухузроўневую разьвязку, узяць на сябе выдаткі на фармаваньне дзелавога кварталу ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі, плюс сацыяльная нагрузка — фінансаваньне дзіцяча-спартыўных школ, духоўных цэнтраў, культурна-масавых мерапрыемстваў і г.д.
У Менгарвыканкаме пацьвердзілі, што будоўля газпромаўскага комплексу не вядзецца ад жніўня мінулага году, афіцыйна ён закансэрваваны ад сьнежня 2016-га.
Асноўная прычына — спыненьне фінансаваньня праз нафтагазавы канфлікт Беларусі і Расеі. Незалежныя экспэрты называюць і тэхнічныя праблемы — маўляў, не адпавядае нормам падмурак будучага хмарачоса, бо маса будынка нашмат большая, чым можа вытрымаць мясцовы грунт.
Адзін зь беларускіх праектантаў, якога расейскі бок прыцягнуў да рэвізіі праекту, сьцьвярджае: насамрэч праект грунтоўна пераглядаецца. Па яго словах, «Газпром» вырашыў адмовіцца ад першапачатковай пампэзнасьці на карысьць больш сьціплага варыянту:
«Будоўля спынена з прычыны пралікаў на перадпраектнай стадыі. На этапе тэхнічна-эканамічнага абгрунтаваньня забудовы быў пралічаны канкрэтны набор функцыяў, — на ўмовах ананімнасьці сказаў архітэктар. — А цяпер, з прычыны эканамічнай сытуацыі, яго вырашана істотна адкарэктаваць — столькі функцыяў проста не патрэбна. Умоўна кажучы, давядзецца „падрэзаць“ у параўнаньні з тым, што закладалі першапачаткова. Найперш гэта ўключае ў сябе канструктарскую частку — колькасьць паверхаў, інжынэрныя сеткі і г.д. Усё ў комплексе вызначыць, якім павінен быць падмурак. На дадзены момант фундатар заклапочаны зьменай функцыяналу. Вялікая імавернасьць, што заплянаванай адпачатку вышыні ня будзе».
На перакананьне экспэртаў, ва ўмовах разьвіцьця альтэрнатыўнай энэргетыкі «Газпром» паступова страчвае вагу на міжнароднай арэне. А таму вымушаны эканоміць — «тлустыя часы» паступова мінаюць.