Аляксандар Лукашэнка наведаў 16 чэрвеня Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Ён заявіў пра значны прагрэс, дасягнуты за апошнія 20 гадоў, у справе рэабілітацыі тэрыторый, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
«Калі мы пачалі асвойваць землі, вельмі шмат было крытыкі ў мой адрас. Тады я вымушаны быў пасяліцца на Прыпяці, пабудаваў драўляны дом», — цытуе прэзыдэнцкая прэс-служба Лукашэнку.
Лукашэнка даручыў падрыхтаваць указ аб зьмене межаў запаведніка. Зь яго плянуецца вывесьці частку тэрыторый і больш актыўна ўключыць іх у гаспадарчы абарот.
Падчас размовы з журналістамі Лукашэнка заявіў, што праблема росту коштаў страціць актуальнасьць бліжэйшым часам:
«Людзей пакуль гэта хвалюе. Але ўпэўнены, што калі нам удасца захаваць інфляцыю на гэтым узроўні, то гэты і наступны гады — і людзі забудуцца пра гэтую праблему».
Ён ня выключыў, што па выніку году ўзровень інфляцыі можа быць істотна ніжэйшы, чым заплянавана.
Таксама Лукашэнка сказаў, што даручыў кіраўніку Банку разьвіцьця, былому віцэ-прэмʼеру Сяргею Румасу аднавіць Тураўскі крыж.
Кажучы пра адпачынак Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што ня любіць цёплае надворʼе.
«Я цярпець не магу ляжаць на пляжы і загараць. Для мяне гэта непрымальна».
Ён сказаў, што нават калі зьяжджае, напрыклад, у Сочы на некалькі дзён, то падтрымлівае з радзімай пастаянны кантакт, прымаючы ўдзел у вырашэньні важных пытаньняў.