Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Георгій Галенчанка: ня ўсе ў Маскве прызнаюць Скарыну заснавальнікам усходнеславянскага кнігадрукаваньня


Георгій Галенчанка
Георгій Галенчанка

Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук Георгій Галенчанка спрачаецца з маскоўскім прафэсарам Яўгенам Неміроўскім пра тое, каго называць пачынальнікам усходнеславянскага кнігадрукаваньня.

Абламейка: Як вы асабіста, як скарыніст, адзначыце 500-годзьдзе першай беларускай друкаванай кнігі?

Галенчанка: Гэта прыемная, незвычайная дата. Да наступнага 500-годзьдзя, як я жартую, ня ўсе дажывуць. Я цяпер займаюся падрыхтоўкай такой абагульняльнай кнігі пад працоўнай назвай «Францыск Скарыны: жыцьцё, дзейнасьць, спадчына». Яна будзе шмат у чым новай у канцэптуальных пытаньнях, у ацэнцы Скарыны. На сёньняшні дзень новых дакумэнтаў амаль ня знойдзена, а тыя, што знойдзеныя — ускосныя і непасрэдна Скарыны ня тычацца. Я, часам, жартую, што прасьцей напісаць вялікую капітальную кнігу пра тое, чаго мы яшчэ ня ведаем пра Скарыну. Спадзяюся, што мая кніга будзе карыснаю, бо спэцыялістаў па гісторыі кнігадрукаваньня, скарыністаў засталося вельмі мала, іх можна лёгка пералічыць.

Абламейка: Дзе і калі выйдзе ваша кніга?

Галенчанка: У выдавецтве «Навука». Як казаў мне акадэмік Каваленя, да яго супрацоўнікі выдавецтва прыходзілі чатыры разы з просьбай, каб ён прымусіў мяне падрыхтаваць новае выданьне маёй кнігі пра Скарыну. Першае выданьне — гэта «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» 1993 году. Яны хацелі, каб я дадаў нешта, разьвіў. Дык вось я цяпер і працую.

Абламейка: Дык гэта будзе нешта накшталт таго, што некалі напісаў Неміроўскі? Я маю на ўвазе кнігу «Франциск Скорина. Жизнь и деятельность белорусского просветителя» 1990 году выданьня?

Галенчанка: Неміроўскі сваю кнігу перагрузіў фактурай, даведачным апаратам. Ён сапраўды чалавек адукаваны. Зь ім можна спрачацца па праблемах тэарэтычных, але як са знаўцам асобных экзэмпляраў, як бібліёграфам — зь ім цяжка некага параўнаць. У мяне зь ім ёсьць некаторыя разыходжаньня, але я стаўлюся да яго вельмі пазытыўна.

Абламейка: Дык калі выйдзе кніга?

Галенчанка: Восеньню. Мне дадзены тэрмін да верасьня. Я паставіў умову Каваленю, каб кніга была наватарскай, з даведачным апаратам, з новымі ілюстрацыямі і ня толькі па-беларуску, але і па-расейску, па-ангельску, а можа і па-польску, і па-літоўску. Сама гадавіна першай кнігі будзе друкавацца на афіцыйным узроўні ў канцы году.

Абламейка: Дык Неміроўскі лічыць Фіёля, які ў Кракаве выдаваў кнігі ў 90-я гады XV стагодзьдзя, усходнеславянскім першадрукаром?

Галенчанка: Так, у яго ёсьць і такое сьцьвярджэньне. Маўляў, Фіёль прызначаў свае кнігі кірыліцай для русінаў зямель Масковіі. Але асноўныя аргумэнту ў яго такія, што большасьць кніг Фіёля выяўленыя і захоўваюцца на тэрыторыі былога СССР. Але тэрмін «русіны» стасаваўся да жыхароў розных тэрыторый, называлі так і беларусаў з украінцамі, у Польшчы было Рускае ваяводзтва... Таму гэта хісткая аргумэнтацыя, бо шмат кніжак Фіёля трапілі ў Расею пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай.

Абламейка: Дык каго дакладна Неміроўскі называе пачынальнікам усходнеславянскага друку?

Ён лічыць заснавальнікамі ўсходне-славянскага кнігадрукаваньня Фёдарава і Мсьціслаўца

Галенчанка: Ён лічыць заснавальнікамі ўсходне-славянскага кнігадрукаваньня Фёдарава і Мсьціслаўца. А я лічу, што Скарына на 40-50 гадоў іх апярэдзіў, і гэта відавочна. А ў яго нават асноўная кніга называецца «Франциск Скорина. Жизнь и деятельность белорусского просветителя». Нават у назьве нічога няма пра першадрукарства. Ягоныя аргумэнты я разумею, але тут можна спрачацца ў тэрмінах — дзе жылі ўсходнія славяне. Я лічу, што ВКЛ гэта і ўсходнеславянская дзяржава таксама. Ну і трэба ўлічваць вялікае значэньне Вільні ў дзейнасьці Скарыны.

Ну а наагул, у адным з дакладаў Неміроўскі сказаў, што ён займаецца Скарынам з канца 1960-х або з пачатку 1970-х гадоў. Ён забыў сказаць, што ў 1965 годзе ў Маскве адзін дасьледчык абараніў доктарскую дысэртацыю па Скарыне, і яна там у Маскве захоўвалася з таго часу ў трох тамах — два тамы тэксту і том ілюстрацыяў. І на гэтую дысэртацыю захаваўся пазытыўны водгук Улашчыка. Былі водгукі і ад іншых вядомых гісторыкаў. Гэта была мая праца, якая дагэтуль ня выдадзена.

Абламейка: Як вядома, менавіта вы вярнулі Скарыну сапраўднае імя Францішак, калі знайшлі дакумэнт, які сьведчыў, што насамрэч «Георгіус» — не другое імя друкара, а прыкрая памылка, дапушчаная перапісчыкам аднаго з дакумэнтаў: замест «egregius» (выдатны) перапісчык напісаў «georgius».

Галенчанка: Так. Некалі айцец Аляксандар Надсан востра выказаўся пра тое, што гэтага адкрыцьця тут не заўважылі і не адзначаюць. Заўважылі, таму і не адзначаюць...

Абламейка: Што на вашу думку самае загадкавае ў лёсе і постаці Скарыны?

Галенчанка: Дакладных дакумэнтаў пра Скарыну існуе каля дваццаці. Усё астатняе — гіпотэзы, міты, меркаваньні.

Абламейка: Ну але ўсё ж, не маглі б вы назваць некалькі загадак Скарыны? Напрыклад, мы ня ведаем, дзе ён атрымаў мэдычную адукацыю. Гэта загадка?

Галенчанка: Так, загадка.

Абламейка: А яшчэ якія загадкі Скарыны вы можаце назваць?

Дакладных дакумэнтаў пра Скарыну існуе каля дваццаці. Усё астатняе — гіпотэзы, міты, меркаваньні

Галенчанка: Ну тут процьма ўсяго. Па-першае, мы ня ведаем сям’і, у якой ён нарадзіўся. Ну ведаем бацьку Луку. Але маскоўскі дасьледчык Поліхаў знайшоў зьвесткі, што ў Рызе згадваецца нейкі Скарына яшчэ ў першай палове XIV стагодзьдзя. Поліхаў нават выказвае меркаваньне, што гэта можа быць продак Лукі Скарыны.

Яшчэ адна загадка — вера Скарыны. Ці быў ён ад пачатку ахрышчаны ў праваслаўнай веры, ці з самага пачатку быў католікам, будучы пахрышчаным у бэрнардынскім манастыры? Але той манастыр, нібыта, заснаваны троху пазьней. Таксама загадка. Мне думаецца, што пачынаў з праваслаўя, бо сям’я пераважна захавала праваслаўныя імёны. А імя «Францыск» няма ў праваслаўных сьвятцах. Гэтае імя азначае, што Скарына стаў католікам.

Апрача таго, ня маючы каталіцкай адукацыі, яму не было б дзе вывучыць лацінскую мову. А бяз гэтай мовы нельга тады было паступіць у Кракаўскі і іншыя ўнівэрсытэты Эўропы. Яшчэ загадкі — хто фінансаваў ягоныя паездкі і дзе ён скончыў школу такога высокага рангу, якая магла падрыхтаваць яго да ўнівэрсытэту яшчэ ў Вільні. Віленскі пэрыяд ня вывучаны як сьлед. Па Вільні матэрыялаў шмат, але яны не дасьледаваныя.

Мне думаецца, што пачынаў ён у Полацку, але вельмі хутка атабарыўся ў Вільні. Калі гэта адбылося, дакладна не вядома — яшчэ адна загадка. Пазьней, у пачатку другога дзесяцігодзьдзя XVІ стагодзьдзя згадваецца Іван Скарына, старэйшы брат Францішка, купец, які гандляваў з Масковіяй, з украінскімі землямі, з Польшчай. Паколькі Іван меў званьне віленскага мешчаніна, то, відаць, гэта ён і паспрыяў Францішку ў пераезьдзе ў Вільню.

Яшчэ адно буйное пытаньне не дасьледаванае — хто падтрымаў яго фінансава ў далейшым жыцьці, хто, напрыклад, фінансаваў яго паступленьне ў Кракаўскі ўнівэрсытэт? Калі ён паступаў, ён заявіў, што небагаты і прасіў скідку, якую яму далі.

Абламейка: Ідзе 2017 год. Ці дастаткова гэтай падзеі нададзена ўвагі ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь?

папярэдняя Скарыніяна рыхтавалася гадоў дзесяць і задзейнічана было больш за 200 навукоўцаў з розных краін

Галенчанка: Гэта юбілей беларускага і ўсходнеславянскага друку, з чым, дарэчы, не пагаджаецца Неміроўскі. Нейкая ўвага ёсьць, шмат што выдаецца, асабліва для дзетак, папулярная літаратура. Створаныя цэнтры, якія гэтым займаюцца, найперш Нацыянальная бібліятэка, якая выдае цяпер поўнае выданьне скарынаўскіх друкаў факсымільнага тыпу. Ну і Акадэмічная бібліятэка. Але дасьледчыкаў ужо мала. Займаюцца асобнымі напрамкамі — філялёгія, мова, мастацтва, але са зводнымі гістарычнымі працамі цяжка.

Ёсьць намер выдаць яшчэ адну энцыкляпэдыю пра Скарыну накшталт колішняй Скарыніяны, але я адразу сказаў, што папярэдняя Скарыніяна рыхтавалася гадоў дзесяць і задзейнічана было больш за 200 навукоўцаў з розных краін. А перавыдаць старую, без дадаткаў і паправак — таксама несалідна, гэта ня тое. Ну але Энцыкляпэдыя ўзялася, цяпер яна ўжо іншага ўзроўню, абмежаваная ў сродках.

Яшчэ будзе шэраг папулярных выданьняў накшталт тых, што выходзілі да ранейшых дат — «Мова Скарыны», «Спадчына Скарыны», «Эпоха Скарыны» і т.д. Такія выданьні таксам патрэбныя, але аўтараў ня так і шмат.

Абламейка: Ну але калі паглядзець, дык нядаўна ў Літве па-літоўску выйшаў зборнік навуковых прац пра Скарыну. І ў іншых краінах патроху праца ідзе. Выглядае, што скарыназнаўства не памерла.

Галенчанка: Гэта так. Літоўцы сапраўды цяпер сур’ёзна заняліся сваёй гісторыяй. Некаторыя крыніцазнаўчыя выданьні выходзяць на добрым узроўні, напрыклад, прысьвечаныя Статутам ВКЛ.

Абламейка: Ці будуць яшчэ, на вашу думку, знойдзеныя новыя дакумэнты пра Скарыну? Ідзе яны могуць быць знойдзеныя?

Галенчанка: Думаю, што знойдзеныя будуць безумоўна па той простай прычыне, што нашы дасьледчыкі ў ХХ стагодзьдзі мала дзе працавалі за мяжой. А матэрыялы, зьвязаныя са Скарынам, я думаю, захоўваюцца ў дацкіх архівах, найперш сталіцы Даніі Капэнгагену. Мы ведаем, што паводле аднаго з дакумэнтаў, Скарына быў сакратаром караля Дакіі. Дакіяй тады называлі і Данію, і Румынію, Валаскае княства. Я думаю, што Скарына быў у Даніі, але ніводнага дакумэнту, які б падмацоўваў гэтую вэрсію, няма. Акрамя таго ніхто, як сьлед, не дасьледаваў матэрыялы праскія, ніхто не адказаў на пытаньне, чаму ў Празе не захавалася ніводнага асобніка кнігаў Скарыны або чаму старонкі ягоных кніжак знаходзяць у пераплётах іншых выданьняў.

Адзіны асобнік Бібліі — Кніга Ісуса Сірахава — была падораная чэскаму музэю з Масквы. Я дасьледаваў той асобнік і заўважыў, што ім карысталіся прадстаўнікі Праваслаўнай царквы, якія пакінулі свае паметкі. Гэта сьведчыць пра тое, што Праваслаўная царква выкарыстоўвала кнігі Скарыны, хаця, як вядома, і яна, і іншыя кананічныя цэрквы ставілі да выданьняў Скарыны, скажам так, па-рознаму. Гэта дайшло і да ХХ стагодзьдзя.

Абламейка: А якое выданьне пра Скарыну было б цяпер, на вашу думку, найбольш патрэбнае і карыснае?

Галенчанка: Перавыдаваць трэба ня столькі энцыкляпэдыю, колькі зборнік дакумэнтаў пра Скарыну з разглядам вэрсій і камэнтарамі да вэрсій.

Абламейка: А як цяпер скарыназнаўства выглядае ў Беларусі? Ці ёсьць маладыя дасьледчыкі, якія працягваюць працу папярэднікаў?

Галенчанка: Ёсьць. Хоць і мала, але ёсьць. Ёсьць маладыя хлапцы, якія, нягледзячы на непрыбытковасьць гістарычных дасьледаваньняў, працуюць. Ёсьць гісторыкі з кола пратэстанцкіх цэркваў, якія цікавяцца Скарынам, вытокамі ягонай Бібліі. Так што гісторыкі ёсьць, варта было б іх усяляк падтрымаць.

Георгій Галенчанка нарадзіўся 28 лютага 1937 году ў Петразаводзку. Адзін з самых маладых дактароў гістарычных навук у СССР (1965). Адзін з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Францыск Скарына», выдадзенай ЮНЕСКА па-француску і па-ангельску (Парыж, 1979–1980). Укладальнік разьдзелу «Старадрукаваныя кірылічныя выданьні XVI–XVIII ст.» у каталёгу «Кніга Беларусі. 1517–1917 гг.» (1986), факсымільнага выданьня «Бібліі» Ф. Скарыны (1990–1991, у 3-х тамах). Аўтар кніг «Ідэйныя і культурныя сувязі ўсходнеславянскіх народаў у XVI — сярэдзіне XVII ст.» (1989), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» (1993). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994). Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG