Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства аховы здароўя адмовілася ад ліставаньня зь ліквідатарам Васілём Сіліверстам з Калінкавічаў


Васіль Сіліверст
Васіль Сіліверст

Міністэрства аховы здароўя адмовілася надалей працягваць перапіску з чарнобыльскім ліквідатарам з Калінкавічаў Васілём Сіліверстам наконт устанаўленьня прычыннай сувязі яго інваліднасьці з службай і працай у 30-кілямэтровай зоне Чарнобыльскай АЭС.

Пра спыненьне перапіскі ў гэтым пытаньні калінкавіцкаму ліквідатару Сіліверсту паведаміў першы намесьнік міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч.

«У траўні, — кажа Васіль Сіліверст, — я паскардзіўся міністру аховы здароўя на тое, што Рэспубліканская міжведамасная экспэртная рада адмовіла мне ў правядзеньні незалежнай экспэртызы, каб устанавіць сувязь майго захворваньня, якое прывяло да інваліднасьці, з удзелам у ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Мне адказваюць, што рашэньне экспэртная рада прымае ў строгай адпаведнасьці з зацьверджаным міністэрствам пералікам захворваньняў, мажлівасьць якіх зьвязаная з чарнобыльскай катастрофай. Выглядае, што экспэртная рада абмежаваная ў сваіх высновах гэтым пералікам хваробаў. Зараз першы намесьнік міністра Піневіч піша пра спыненьне са мною перапіскі на той падставе, што Гомельская абласная і Рэспубліканская міжведамасная экспэртныя рады неаднаразова адмаўлялі мне ва ўстанаўленьні сувязі маёй інваліднасьці з службай і працай у 30-кілямэтровай зоне Чарнобыльскай АЭС».

Чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст даўно цярпіць на розныя захворваньні, мае праблемы з сэрцам, з артэрыяльным ціскам.

У траўні 1988 году Васіля як афіцэра запасу прызвалі служыць і працаваць у вайсковым лазьнева-пральным падразьдзяленьні, якое займалася дэзактывацыяй спэцвопраткі, абмундзіраваньня ды рознага іншага рыштунку. Вайсковая частка месьцілася ў Іванкаўскім раёне Кіеўскай вобласьці. Там старшы лейтэнант Сіліверст праслужыў 186 дзён. Праз колькі часу яго з прычыны постінфарктнага кардыясклерозу й гіпэртаніі прызналі інвалідам II групы, але не зьвязалі гэта з удзелам у ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Дамагаючыся справядлівасьці, Сіліверст каля дзясятка разоў зьвяртаўся ў міжведамасную экспэртную раду, трымаў галадоўкі, нават падаваў скаргі ў суд — і кожны раз атрымліваў адмову. Бо й суды такой праблемы не вырашаюць, спасылаючыся на выснову экспэртнай рады.

«Цяпер рыхтую ліст у Генэральную пракуратуру, каб там разабраліся і ў маёй справе, і, спадзяюся, у справах іншых інвалідаў-чарнобыльцаў. Толькі ў Калінкавіцкім раёне іх налічваецца дзьве сотні — пераважна зь ліку начальнікаў. Няхай бы правялі аўдытарскую праверку, чаму чарнобыльская катастрофа „меціла“ найбольш у начальнікаў, і яны сталі інвалідамі», — дадае Сіліверст.

Чарнобыльскі ліквідатар кажа, што калі б добра сябе пачуваў, то, магчыма, нікуды б і ня скардзіўся. А так даводзіцца па некалькі разоў на год ляжаць у кардыялёгіі, пастаянна спажываць лекі. На ягоную думку, экспэртныя рады, як ім і прадпісана, павінны былі б пры вызначэньні захворваньняў, абумоўленых катастрофай на ЧАЭС, улічваць і найноўшыя дасьледаваньні ў радыяцыйнай мэдыцыне.

Сёлета ў красавіку Васіля Сіліверста абралі намесьнікам старшыні міжнароднай арганізацыі «Саюз Чарнобыль — Беларусь», зарэгістраванай ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG