На першы погляд, гэтая акцыя выглядае чыста рэлігійнай. Але гэта не зусім так. Сапраўды — храм ёсьць храм, і ўдзел у акцыі бралі храмы розных канфэсіяў. У храмах адбываліся набажэнствы, быў адкрыты доступ да мошчаў сьвятых, дзяжурылі сьвятары. Але ня толькі.
У будынках, дзе звычайна адбываюцца набажэнствы, яшчэ былі разгорнутыя выставы, дзяжурылі экскурсаводы і актывісты парафіяў, гатовыя расказаць пра храм, пра царкву, якую ён прадстаўляе. Таксама, паводле раскладу, адбываліся канцэрты хораў і музычных калектываў — па два, тры і болей за адзін вечар.
Прычым, адкрытыя ў гэты вечар і ноч былі многія з тых храмаў, якія звычайна зачыненыя для наведваньня. Напрыклад, манастырскія або вайсковыя храмы. У праскім храме Сьвятога Бэнэдыкта, які зьяўляецца часткай жаночага манастыра, наведнікі маглі бачыць і маліцца каля нятленных мошчаў сьвятой Электы — у звычайны час для гэтага трэба загадзя (за месяцы!) запісвацца. Або вайсковы храм Яна Непамуцкага ў Новым Сьвеце на Градчанах, дзе людзей сустракалі вайсковыя капэляны ў звычайнай форме чэскіх вайскоўцаў, але з крыжамі замест пятліц. Людзі маглі убачыць выстаўленыя эўхарыстычныя наборы і іншыя экспанаты, якія чэскія вайсковыя сьвятары выкарыстоўвалі падчас службы ў Аўганістане, Іраку і Сырыі.
Я быў зьдзіўлены, калі ўбачыў тысячы людзей, якія ў той вечар перамяшчаліся па гістарычным цэнтры Прагі, заходзячы ў той ці іншы храм. Людзі цікавіліся гісторыяй, заставаліся на набажэнствы або канцэрты, бралі ўлёткі і брашуры, спэцыяльна надрукаваныя да Ночы храмаў.
Было відаць, што за 5-6 гадоў свайго існаваньня гэтая акцыя ператварылася ў каштоўную і важную культурную падзею, у якой штогод бяруць удзел тысячы людзей.
Вось фота адной з улётак, якую я ўзяў у храме Сьвятога Вацлава На Здэразэ, які належыць Чэхаславацкай гусіцкай царкве і дзе пробашчам жанчына. Храм гэты пабудаваны ў ХІІ стагодзьдзі як раманскі, а ў XIV стагодзьдзі перабудаваны ў гатычным стылі:
Гісторыя храмаў на такіх улётках падаецца на фоне іншых гістарычных падзеяў. Я б сказаў, што гэта нядрэнная і ненавязьлівая кароткая гістарычная лекцыя для наведнікаў.
Яшчэ адна прыгожая традыцыя праскай Ночы храмаў. У кожнай з адкрытых цэркваў можна было ўзяць спэцыяльна надрукаваны кардонны фармуляр зь месцамі для храмавых пячатак. Людзі, асабліва дзеці, у гэты вечар і ноч, заходзячы ў кожны храм, ставілі на свае фармуляры пячаткі. Для гэтага каля дзьвярэй усюды стаяў актывіст парафіі або служка. У дзяцей гэта ператварылася ў своеасаблівую гульню — многія зь іх апантана калекцыянавалі пячаткі, абыходзячы дзясяткі храмаў. Як вы разумееце, нешта ад такіх наведваньняў застаецца і ў малодшага пакаленьня.
Дарэчы, 10 чэрвеня ў Чэхіі праводзілася Ноч музэяў. Гэтую традыцыю беларусы ўжо запазычылі. А 10-11 чэрвеня ў Чэхіі прайшоў і Дзень адкрытых садоў, калі людзі бясплатна маглі заходзіць у батанічныя, дэндралягічныя і замкавыя паркі і сады.
Нешта мне падказвае, што неўзабаве мы можам убачыць у Беларусі і Ноч храмаў, і Дзень адкрытых садоў. І будзе гэта ня самае горшае запазычаньне.