Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня верым! Цэнзура спрацавала». На памятным знаку Максіму Багдановічу памянялі шыльду


Замененая шыльда
Замененая шыльда

У магілёўскім прыгарадзе на памятным знаку ў гонар Максіма Багдановіча зьявілася новая шыльда. Замест герба «Пагоня» цяпер выгравіяваны партрэт паэта. Заменены і фрагмэнт верша. Цяпер на дошцы ўрывак з санэту «Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі». На ранейшай чыталася «Пагоня».

Грошы на памятны знак да 125-годзьдзя паэта сабралі жыхары пасёлка Малая Бароўка. На тутэйшай вуліцы імя Максіма Багдановіча яго і паставілі. На ўрачыстасьць прыйшло нямала пасялкоўцаў.

Яны першымі і забілі трывогу, што шыльду з памятнага знаку зьнялі. Чакалі, што ўсьлед за дошкай прыедуць і па камень, на якім яна была прымацаваная. Заяўлялі, што не дадуць зьвезьці яго. Вінавацілі ў зьнікненьні шыльды ўладу. Пра гэта пісалі ў сацыяльных сетках.

Адзін з ініцыятараў разьмяшчэньня на вуліцы імя Багдановіча памятнага знаку Ўладзімер Пухоўскі настойвае: шыльду памянялі, бо былі заўвагі ад мясцовых жыхароў.

«У іхных нараканьнях не было прэтэнзіяў ні да герба „Пагоня“, ні да ўрыўку з аднайменнага верша, — тлумачыць ён. — Людзі, якія таксама здавалі грошы на памятны знак, падказалі, што было б дарэчы, каб на шыльдзе зьявілася ўсё ж выява Багдановіча, каб тыя, хто ня ведаў яго, маглі пабачыць, як ён выглядаў. Такія парады падаліся слушнымі, бо мы калектыўна не абмяркоўвалі праект шыльды і, каб запабегчы непаразуменьняў, вырашылі перарабіць шыльду. У гэтым ня бачым нічога заганнага. Цяпер дошка ўсіх задавальняе».

Уладзімер Пухоўскі таксама адзначыў, што на шыльдзе з Пагоняю ў вершы была памылка, і гэта таксама паўплывала на рашэньне памяняць яе.

Памятны знак з шыльдаю
Памятны знак з шыльдаю

Разам з тым пасялковец ня ўтойвае, што ня ўсе ягоныя суседзі вераць у такія тлумачэньні замены шыльды. Калі дошку зьнялі, кажа ён, да яго прыходзілі абураныя жыхары з вуліцы Багдановіча дамагацца праўды.

«Яны настойвалі, што ўлада вымусіла мяне саступіць. Казалі, што ўмяшалася дзяржаўная цэнзура, што, маўляў, Багдановіч некаму спаць не дае ва ўладзе, — прыгадаў словы суседзяў Пухоўскі. — Мае довады іх крыху супакоілі, але канчаткова не пераканалі. На маю пазыцыю яны адказалі, што зьменіцца час і Пагоня вернецца на памятны знак. Прыгадвалі, як за савецкім часам забаранялі Высоцкага і „Бітлз“, а потым тыя, хто забараняў, былі самымі адданымі слухачамі і прапагандыстамі іхнай творчасьці. Так і ў нас будзе. Зь цяперашняй цэнзуры людзі будуць сьмяяцца».

Памятны знак адкрылі 26 траўня. Ля яго чыталі вершы Багдановіча, казалі пра трагічны лёс беларускага паэта-генія. Паводле мясцовых жыхароў, такой урачыстасьці ў пасёлку не было. Жыхары яго спадзяюцца, што з усталяваньнем памятнага знаку ім адрамантуюць дарогі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG