Размова з прафэсарам хіміі Ўладзімерам Слабіным, які рэклямуе Беларусь як марскую дзяржаву з горамі.
РС: Уладзімер, скажыце на пачатку, дзе вы жывяце…
Уладзімер Слабін: Я жыву ў горадзе Юджын (Eugene) у штаце Арэгон на заходнім узьбярэжжы ЗША. Гэта невялікі ўнівэрсытэцкі горад — сядзіба Арэгонскага ўнівэрсытэту.
РС: Арэгон, здаецца, нягуста заселены штат?
Уладзімер Слабін: Гадоў 10 назад у Арэгоне жылі 3,3 мільёна чалавек. Дзеля параўнаньня, у Каліфорніі на той час — 33 мільёны чалавек.
РС: Але ж нарадзіліся вы ў зусім іншым месцы, праўда?
Уладзімер Слабін: Нарадзіўся я ў Гарадку на Віцебшчыне, скончыў там школу, Віцэбскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт у 1986 годзе, потым настаўнічаў у вёсцы Рудня на Гарадоччыне. А потым у мяне была асьпірантура Інстытуту мэханікі мэталапалімэрных сыстэм Беларускай Акадэміі Навук у Гомелі. Я яе скончыў, зрабіў шэсьць вынаходзтваў, апублікаваў некалькі артыкулаў, а ў 1990 годзе вярнуўся выкладаць хімію ў сваю alma mater, у Віцебскі пэдінстытут, які зь цягам часу стаў унівэрсытэтам. Я выкладаў хімію па-беларуску, публікаваўся таксама па-беларуску, займаўся беларускай хімічнай тэрміналёгіяй, выдаў свой слоўнік. У 2000 годзе абараніў дысэртацыю кандыдата навук па выкарыстаньні кампутараў і інтэрнэту ў экалягічнай адукацыі і выхаваньні. А потым працаваў у віцебскім філіяле Інстытуту сучасных ведаў. Практычна ўвесь час, што я працаваў ва ўнівэрсытэце, я падпрацоўваў у школах, вучыў хіміі, займаўся з кемлівымі вучнямі ў гімназіях, мы езьдзілі на алімпіяды, заваёўвалі пераможныя месцы… Вось гэтым я займаўся ў Беларусі, пакуль не паехаў у Амэрыку.
РС: А беларускую мову вы вынесьлі з дому, ці навучыліся ёй ужо пазьней?
Уладзімер Слабін: Дома мы гаварылі, можна сказаць, на трасянцы. А беларускую літаратурную мову я чуў толькі ад настаўнікаў. На той час мае адносіны да мовы былі ня тое што адмоўныя, але, я сказаў бы, — абыякавыя. Асэнсаваньне таго, што трэба ведаць мову, прыйшло да мяне ў студэнцкія гады.
РС: Цяжка было выкладаць хімію па-беларуску?
Уладзімер Слабін: Тут ёсьць вялікая палёгка, таму што хімічная тэрміналёгія ўгрунтаваная пераважна на лацінскай і асабліва грэцкай мовах, так што хімічная тэрміналёгія — міжнародная. Ну, а асобныя тэрміны — такія, прыкладам, як вапна, галын, пробаўка — іх, канешне, трэба было вывучыць. Цяпер жа, калі я выкладаю хімію па-ангельску, мне лягчэй размаўляць на хімічныя тэмы па-ангельску…
РС: А як студэнты ставіліся да таго, што вы выкладаеце ім па-беларуску? Глядзелі на вас як на дзівака?
Уладзімер Слабін: Тады быў такі час — я пачынаў працу выкладчыка ў 1991 годзе — калі ніхто не пратэставаў, ніхто не насьміхаўся, і ўсе ўспрымалі гэта як мае быць. Таму што была адпаведная дзяржаўная палітыка, працаваў закон аб мовах, была адпаведная праграма. Студэнты ставіліся да выкладаньня на беларускай мове прыхільна. І самі студэнты стараліся размаўляць па-беларуску. Што цікава, дзяўчаты паказвалі большыя посьпехі ў авалодваньні беларускай мовай, чым хлопцы…
РС: І з чым вы зьвязвалі гэтую, так бы мовіць, гендэрную няроўнасьць?
Уладзімер Слабін: Ня ведаю, напэўна, гэта псыхалягічная асаблівасьць жанчын — больш гнуткая псыхіка, больш дынамічныя здольнасьці… Гэта факт, магу пацьвердзіць.
РС: А як вам прыйшла думка зьехаць у Амэрыку?
Уладзімер Слабін: Пасьля дысэртацыі, у 2001 годзе, я паехаў на стажыроўку ў Арэгонскі ўнівэрсытэт, па праграме абмену. Я стыжыраваўся ў гэтак званым Цэнтры перадавых тэхналёгій навучаньня. У 2005 годзе здарылася так, што Інстытут сучасных ведаў у Віцебску, у якім я працаваў, закрылі. Я апынуўся бяз працы. І тады згаданы цэнтар у Арэгонскім ўнівэрсытэце запрапанаваў мне працу. Я паехаў ці, калі хочаце, эміграваў…
РС: Дык чым вы цяпер зарабляеце на жыцьцё ў Арэгоне?
Уладзімер Слабін: Я працую там, дзе стажыраваўся — у Цэнтры перадавых тэхналёгій навучаньня Арэгонскага ўнівэрсытэту, ужо 11 гадоў.
РС: Цяпер я хачу запытаць вас пра ваша незвычайнае хобі — пра тое, як вы выдаяце ў Амэрыцы беларускія паштоўкі, беларускія маркі, ставіце беларускую музыку на YouTube, выбудоўваеце «віртуальную Беларусь» у інтэрнэце…
Уладзімер Слабін: У прафэсійным пляне я займаюся досьледамі таго, якую карысьць для адукацыі прыносяць розныя інтэрнэтныя рэсурсы і віртуальныя асяродзьдзі. Адно з такіх віртуальных аcяродзьдзяў, якімі мы займаемся, мае назву Second Life. Мая задача ў тым, каб для вясковых настаўнікаў, раскіданых на тэрыторыі прыблізна роўнай Віцебшчыне, арганізаваць раз на тыдзень у гэтым віртуальным асяродзьдзі сустрэчы для абмену досьведам. Гэта нешта накшталт сацыяльнай сеткі, толькі што 3D. І вось я падумаў: калі ўжо я займаюся тым, чым займаюся ў віртуальным асяродзьдзі, то ў мяне знойдзецца час і на стварэньне віртуальнай Беларусі. І вось ад 2008 году існуе віртуальная Беларусь: там у нас збудаваныя рэплікі Дому ўраду, Чырвонага касьцёла, Нацыянальнага мастацкага музэю, БДУ… Гэта, так сказаць, пабочны прадукт маёй асноўнай працы.
РС: Беларусь у вас — маляўнічая і каляровая, нават фантастычная: краіна з горамі і доступам да мора. Чаму так?
Уладзімер Слабін: Хацелася крышку пагуляць, дазволіць сабе ў марах тое, што ўвогуле немагчыма ў рэальнасьці…
РС: Летась вы мне прыслалі сваю паштоўку зь беларускай тэмай. То бок, вы ня толькі прадстаўляеце Беларусь у віртуале, але робіце некаторыя рэчы і ў рэале?
Уладзімер Слабін: Так. Можна сказаць, што маё паштовачна-марачнае хобі — гэта працяг маёй віртуальнай Беларусі…
РС: Калі я размаўляў з Фэліксам Аксёнцавым, які жыве там недзе недалёка ад вас (паводле амэрыканскіх мерак, канешне), дык ён мне сказаў рэч абсалютна фантастычную: менавіта, вы выдаяце свае маркі, якія можна наляпіць на канвэрт і потым выслаць ліст зусім легальна, амэрыканскай поштай. Гэта праўда?
Уладзімер Слабін: Абсалютна легальна. Гэта не падробка, мае маркі — абсалютна сапраўдныя ў тым сэнсе, што яны — легальны, хоць і не афіцыйны сродак паштовай аплаты. У нас тут ёсьць сэрвісы — адзін у Каліфорніі, называецца Zazzle, а другі ў Канадзе, называецца Vistaprint — у якіх можна замовіць маркі свайго дызайну, пасылаючы ім свой малюнак. Іх выкананьне каштуе трошкі даражэй за намінал. Такім чынам на сёньняшні дзень я зрабіў больш за трыццаць узораў паштовак і разаслаў ня менш за 250 паштовак са сваімі маркамі ў розныя краіны сьвету — сваякам, сябрам, знаёмым…
Тут ёсьць адзін такі нюанс — наколькі гэтыя маркі могуць быць цікавыя філятэлістам? Філятэлісты наогул зьбіраюць афіцыйныя маркі, а вось маркі, пра якія я вам кажу — яны неафіцыйныя. Але яны могуць быць цікавыя не як маркі самі па сябе, а ў сувязі зь іх гісторыяй… Прыкладам, колькі зь іх прайшлі пошту? Калі 250 беларускіх марак, вырабленых у Амэрыцы, праходзіць пошту, дык я скажу, што нейкая інтрыга тут ёсьць…
РС: Безумоўна. На заканчэньне я хачу запытацца яшчэ пра адзін ваш інтрыгоўны праект — музычная Second Belarus на YouTube. Скажыце некалькі словаў пра яго…
Уладзімер Слабін: Я хацеў нейкім чынам упарадкаваць увесь масіў беларускіх песень, які існуе на сёньняшні дзень. Прывесьці іх у сыстэму, кажучы па-навуковаму. Я надумаў структураваць увесь гэты масіў песень паводле календара — у годзе 365 дзён, амаль на кожны дзень прыпадае нейкая важная дата, хтосьці памёр, хтосьці нарадзіўся, нешта адбылося… Фактычна ўсе гэтыя песьні, якія я сабраў, я праслухаў і прааналізаваў тэксты з такой мэтай — каб да кожнага дня прыпісаць пэўную песьню і стварыць музычны каляндар. Гэты праект я рэалізаваў толькі часткова, расьпісаўшы песьні прыблізна на шэсьць месяцаў. У 2011 годзе, сымбалічна, я запісаў 2011 песень на YouTube. У якім сэнсе запісаў? Аўдыёдарожкі ў мяне былі, і я іх запісаў пад так званае «мроіва» (ня ведаю, ці ёсьць такое слова, я яго сабе прыдумаў) — кампутарна генэраваныя ролікі. Вось і ўсё.