Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго ўрад абкладае данінай ў Фонд нацыянальнага разьвіцьця?


Паводле якога прынцыпу з суб’ектаў гаспадараньня спаганяюць сродкі ў гэты фонд? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Карбалевіч: Апублікаваная пастанова Савету міністраў ад 31 траўня, у якой даецца пералік прадпрыемстваў і арганізацый, якія павінны пералічваюць у дзяржаўны мэтавы бюджэтны Фонд нацыянальнага разьвіцьця частку прыбытку.

Фонд быў створаны ў 2005 годзе. Паводле афіцыйнага тлумачэньня, ён створаны для рэалізацыі найважнейшых, з пункту гледжаньня дзяржавы, сацыяльных і эканамічных праектаў. Насамрэч грошы проста забіраюцца ў бюджэт. Асноўная крыніца фармаваньня гэтага фонду — прыбытак найбольш высокарэнтабэльных прадпрыемстваў. Пералік гэтых прадпрыемстваў, а таксама памер часткі прыбытку, парадак і тэрміны яго пераліку ў фонд штогод вызначаюцца ўрадам.

Існаваньне Фонду нацыянальнага разьвіцьця — гэта найбольш важная прыкмета, характарыстыка асаблівасьцяў беларускай сацыяльнай мадэлі. Тут справа нават не ў самім факце наяўнасьці вялікага дзяржаўнага сэктару эканомікі. Дзяржсэктар быў і раней, ёсьць і цяпер у шмат якіх краінах з рынкавай эканомікай. Але там дзяржпрадпрыемствы функцыянуюць паводле агульных правілаў з прыватнымі прадпрыемствамі. Яны дзейнічаюць як звычайныя камэрцыйныя структуры, арыентаваныя на прыбытак, дзяржаўныя органы ня ўмешваюцца ў справы апэратыўнага кіраваньня.

У Беларусі дзяржсэктар разглядаецца як такі вялікі кацёл, зь якога ўлады бяруць столькі, колькі лічаць патрэбным, ну а потым некаторым раздаюць паводле асабістага рашэньня прэзыдэнта. І вось у высокадаходных прадпрыемстваў, якія поўнасьцю разьлічыліся зь дзяржавай па падатках, выплатах у Фонд сацыяльнай абароны і іншых выплатах, улады забіраюць абсалютна адвольна яшчэ частку прыбытку. Тым самым у такіх прадпрыемстваў зьнікае стымул добра і эфэктыўна працаваць? Навошта, калі прыбытак усё роўна забярэ дзяржава. Выгадней быць нерэнтабэльным і прасіць ад ўраду дапамогу.

Раней пералік прадпрыемстваў, якія павінны пералічваць грошы ў Фонд, уключаў 34 арганізацыі. Цяпер — 52 арганізацыі. Мусіць, грошай у бюджэт трэба ўсё больш, а прыбытковых арганізацыяў ўсё менш. пералік арганізацыяў — гэта адлюстраваньне стану беларускай эканомікі. Зьніклі зь пераліку НПЗ, будаўнічыя арганізацыі, бо гэтыя галіны ў крызісе. Зьявіліся новыя, сярод якіх газэта «Мэдычны весьнік», Менгардаведка і гомельская паліклініка № 7. То бок, нават зь бюджэтных арганізацый пачалі грошы забіраць. І гэта вельмі паказальна.

Дракахруст: Гэта выглядае даволі дзіўна. З таго, што вы, Валер, сказалі, раней, прынамсі, у гэтым хоць была нейкая лёгіка — калі трэба было зьбіраць грошы ў бюджэт, то іх зьбіралі з сапраўды буйных і багатых арганізацыяў кшталту НПЗ. Яны цяпер і сапраўды ў крызісе, але я ня думаю, што ў іх нулявыя прыбыткі. Я мяркую, што іх вывелі са сьпісу, таму што яны цяпер зусім зьбяднелі.

Тыя арганізацыі, якія ў сьпісе ёсьць, паліклініка, часопіс — гэта капейкі дасьць. Цяжка зразумець лёгіку, дзеля чаго гэта робіцца. Магчыма, гэта проста інэрцыя. Выглядае суцэльным абсурдам такі звышпадатак менавіта на дзяржаўныя прадпрыемствы. Дык яны ж і так дзяржаўная ўласнасьць, пры жаданьні ў іх можна наагул усё адабраць, іх даходы і так — даходы дзяржавы. І дзяржава проста з адной сваёй кішэні такім чынам перакладае грошы ў другую. Навошта?Уражвае хаатычнасьць гэтай практыкі, чаму бяруць менавіта з гэтых прадпрыемстваў, а ня зь іншых?

Цыганкоў: Калі паспрабаваць рацыянальна патлумачыць гэтыя дзіўныя рашэньні, то падаецца, значэньне тут найперш ідэалягічнае. Мэта — у выхаваньні нейкай «салідарнасьці», маўляў, агульны кацёл, «усё вакол калгаснае, усё вакол маё». Любое дзяржаўнае прадпрыемства ў любы момант можа стаць ахвярай такога падыходу, трапіць у пералік арганізацыяй, якія павінны плаціць у гэты фонд. Чаму паліклініка № 7 павінна туды плаціць, а паліклінікі № 6 і № 8 — не? Відаць, таму, што ў гэтай паліклініцы большыя даходы, больш разьвітая сфэра платных паслугаў, вось ім і «пашанцавала». Але гэта, як мне падаецца, яшчэ і спрыяе карупцыі. Бо калі нейкі кіраўнік прадпрыемства можа даведацца, што ягоная арганізацыя можа трапіць у гэты сьпіс — то ён можа зрабіць усе намаганьні, каб ня трапіць у гэты сьпіс, каб аддаваць заробак сваім супрацоўнікам, а ня ў гэты фонд.

Мне падаецца, гэта яскравы прыклад недарэчнасьці і нявызначанасьці беларускай сучаснай эканомікі, калі ў нейкай сфэры працуюць рынкавыя правілы і мэтады, а ў іншых — цалкам савецкае адміністратыўнае кіраваньне, якое, аднак, дзейнічае толькі для асобных арганізацыяў. Такая дзіўная эканамічная помесь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG