Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд разглядае апэляцыю на прысуд «хлопцу з бэнзапілой». Адвакат просіць новую экспэртызу


Улад Казакевіч
Улад Казакевіч

Асуджаны на 15 год зьняволеньня за забойства Ўлад Казакевіч шкадаваў, што мала забіў, але суд палічыў яго адэкватным.

13 чэрвеня ў Вярхоўным судзе Беларусі пачынаецца разгляд апэляцыі на прысуд 18-гадоваму фігуранту мінулагодняй трагедыі ў менскім гандлёвым цэнтры «Эўропа» Ўладу Казакевічу. Пачатак паседжаньня ў 9.30.

Згодна з вэрдыктам Менскага гарадзкога суду ад 3 сакавіка, «хлопец з бэнзапілой» быў прызнаны вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасьцю, таксама ў замаху на забойства з хуліганскіх намераў ды нанясеньні траўмаў і асуджаны на 15 год калёніі з адбыцьцём ва ўмовах агульнага рэжыму.

Паводле высноваў судова-мэдычнай экспэртызы, 17-гадовы падлетак (столькі было Казакевічу на час злачынства) учыняў свае дзеяньні пры памяці. Не выключаецца, што адвакат у апэляцыйнай скарзе можа настойваць на пераглядзе вынікаў псыхіятрычнай экспэртызы і прымусовым лячэньні свайго падабароннага.

Падсудны Казакевіч: «Вырашыў, што выдатная ідэя — папілаваць людзей бэнзапілой»

Цяпер Улад Казакевіч утрымліваецца ў Жодзінскім сьледчым ізалятары. За ім назіраюць псыхолягі. Адзін з супрацоўнікаў СІЗА на ўмовах ананімнасьці сказаў, што за час знаходжаньня ў гэтай установе ня лішне эмацыйны малады чалавек усё ж некалькі разоў плакаў, кажучы пры гэтым: «Як жа мала людзей я забіў...» Падобныя заявы хлопец рабіў і на судзе. І абяцаў, што калі выйдзе на волю, то і далей будзе забіваць.

Вінаватыя мэдыкі?

Падчас працэсу бацька Ўлада, Валянцін Казакевіч, тлумачыў журналістам, што прычына такіх сынавых заяваў — псыхічнае захворваньне: раней ва Ўлада назіраліся спробы суіцыду, і ў сувязі з гэтым яму прызначалася лячэньне ў псыхіятрычных стацыянарах.

Бацька Валянцін Казакевіч
Бацька Валянцін Казакевіч

Тое, што падставай для злачынства маглі стаць стасункі ў сям’і, Казакевіч-старэйшы адмаўляў — і ён, і маці Ўлада, хоць і не жылі разам, ніколі не пакідалі сына, увесь час то яна, то ён сам былі побач зь ім, а калі не, то перазвоньваліся.

Маці загінулай у ТЦ «Новая Эўропа» пра хлапца з бэнзапілой: «Недалюблены, не хапала яму цяпла»

Валянцін Казакевіч ня згодны з заключэньнем мэдычных экспэртаў, што Ўлад зьдзейсьніў забойствы ў стане сьвядомасьці. Яму падаецца неверагодным, што 17-гадовы хлопец, які да таго нікому нічога кепскага не зрабіў, раптам узяў і пайшоў набываць прылады, каб забіваць людзей. Паводле бацькі, вінаватая айчынная мэдычная сыстэма. Нягледзячы на шматлікія абсьледаваньні сына ў псыхіятрычных установах, лекары так і не змаглі вызначыць усю небясьпеку ягонага стану.

Казакевіч-старэйшы па-ранейшаму настойвае, што сыну патрэбная не турма, а прымусовае лячэньне. Ён цалкам пагаджаецца з адмыслоўцамі, якія клясыфікуюць учынкі сына як «пашыранае самагубства», бо раней хлопец спрабаваў зьвесьці рахункі з уласным жыцьцём.

Адмыслоўцы, якія назіралі за падлеткам у псыхіятрычнай установе, паставілі яму некалькі псыхіятрычных дыягназаў, і гэта было агучана на судзе. Адзін зь іх — шызоідная псыхапатыя, пры якой чалавеку ўласьцівыя схільнасьць да замкнёнасьці, беднасьць эмацыйных сувязяў зь людзьмі, дыскамфорт у міжлюдзкіх адносінах, ігнараваньне агульнапрынятых сацыяльных нормаў, чужой і ўласнай бясьпекі. Такія людзі схільныя да падману і няздольныя раскайвацца.

Пацярпелыя — на першай лаўцы
Пацярпелыя — на першай лаўцы

Падобныя хваравітыя зьмены звычайна не прымаюцца судом за зьмякчальныя акалічнасьці. Калі б Уладу падчас здарэньня ў «Эўропе» было ўжо 18 год, то яго згодна зь беларускім заканадаўствам чакала б найвышэйшая мера пакараньня — расстрэл.

Калі судзьдзя пагодзіцца з довадамі адваката, вырак можа быць адменены і справу могуць накіраваць на новае расьсьледаваньне або новы разгляд у іншым складзе суду. Калі не — што больш верагодна — асуджаны будзе этапаваны ў папраўчую ўстанову.

Лінія абароны ці проста бязьлітасны чалавек? Юрысты камэнтуюць паводзіны Ўлада Казакевіча ў судзе

Юрысты бачаць тры магчымыя варыянты далейшага разьвіцьця падзеяў для гэтага хлопца.

Першы — гэта калі чалавек зразумеў і прыняў сваё пакараньне, а таму адбывае свой тэрмін спакойна, не ўяўляючы ні для кога пагрозы. Ягоная мэта — адседзець і ніколі не вяртацца ў вязьніцу. У такім выпадку асуджаны нават мае шанцы вызваліцца ўмоўна-датэрмінова або па замене рэжыму. На практыцы такое з асобамі, якія маюць падобны псыхатып, здараецца ня часта.

Другі варыянт — калі асуджаны пачынае праяўляць агрэсію і становіцца небясьпечным для зьняволеных або супрацоўнікаў, Тады яго яшчэ раз абсьледуюць на прадмет псыхічнага захворваньня. Калі паталёгія не ўстаноўленая, а праявы агрэсіі па-ранейшаму назіраюцца, такога зьняволенага можа чакаць працяглае знаходжаньне ў ШЫЗА, ПКТ ва ўмовах адзіночнай камэры. Гэта не ідзе на карысьць нават псыхічна здароваму чалавеку.

І трэці варыянт — калі зьняволены сапраўды хворы, і хвароба, да таго ж, прагрэсуе, яго пераводзяць у псыхіятрычны стацыянар пэнітэнцыярнай сыстэмы, адкуль здаровым ён ня выйдзе тым больш. Адрозна ад турэмнага рэжыму, тут ні пра якае датэрміновае вызваленьне гаворкі быць ня можа. Пакуль чалавек нездаровы, а таксама небясьпечны для сябе і свайго атачэньня, яму волі ня бачыць.

Адвакат просіць правесьці новую псыхіятрычную экспэртызу «хлопцу з бэнзапілой»

Паводле Ўладзімера Сташэвіча, адваката падсуднага, Уладзіслаў Казакевіч на момант злачынства ня вылечыўся ад псыхічнага захворваньня, наадварот, яно прагрэсавала, што і выявілася ў ягоных дзеяньнях падчас злачынства і потым у судзе. Адвакат папрасіў правесьці паўторную экспэртызу сіламі іншых спэцыялістаў, якіх назваў.

Думкі іншых ўдзельнікаў працэсу наконт хадайніцтва абаронцы не былі аднадушнымі. Пракурор, а таксама маці, дачка і муж загінулай Алены Александронец выказаліся супроць правядзеньня паўторнага абсьледаваньня Казакевіча, а вось пацярпелая Ірына Баешка просьбу адваката падтрымала.

Пракурор Алег Буйлянкоў
Пракурор Алег Буйлянкоў

11.00. Вярхоўны суд адхіліў хадайніцтва аб правядзеньні паўторнай экспэртызы Ўлада Казакевіча і заслухваньні ў судзе псыхіятра, якога сьледзтва не далучала да справы. Суд пачаў вывучаць апэляцыйную скаргу і прысуд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG