Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтар беларускай мовы ў Гомелі: «Дапамагаем дзяржаве выпраўляць моўную сытуацыю»


Імпрэза да Дня абароны дзяцей
Імпрэза да Дня абароны дзяцей

Цэнтар беларускай мовы ў Гомелі, створаны сёлета высілкамі мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, арыентуецца на працу зь дзецьмі і дарослымі.

Цэнтар рэгулярна праводзіць заняткі гурткоў «Мова дзяцей», «Лемантар», ужытковай беларускай мовы для дарослых, ладзіць імпрэзы пра пытаньні беларускай культуры, гісторыі й сучаснасьці, тэматычныя кінапрагляды.

Зацікавіліся. Справа — Алеся Аўласевіч
Зацікавіліся. Справа — Алеся Аўласевіч

«Дапамагаем дзяржаве выпраўляць моўную сытуацыю. У гэтым і ёсьць наша падтрымка існаваньня беларускай мовы, — тлумачыць старшыня гарадзкой суполкі ТБМ Алеся Аўласевіч. — А цяпер вось паспрабавалі яшчэ пагутарыць з дашкалятамі ды іхнымі бацькамі наконт правоў і абароны дзяцей, і найперш аб праве вучыцца на роднай мове — вучыцца цікава, весела, пазнавальна».

Беларускамоўны латыш

У якасьці трэнэра ў праблемах правоў чалавека запрасілі з Магілёва заснавальніка адукацыйна-асьветніцкай ініцыятывы «Праўныя дарэктары» Валдзіса Фугаша. Дзеці, а найбольш бацькі, дзівіліся: Валдзіс хоць і латыш, але па-беларуску гаворыць куды лепш, чым некаторыя беларусы.

З настроем
З настроем

«Праца зь дзецьмі, асабліва дашкольнага ўзросту, надзвычай складаная, — кажа Валдзіс Фугаш. — Таму мы прапануем самыя простыя практыкаваньні, скіраваныя на разуменьне базавых каштоўнасьцяў — роўнасьці людзей, незалежна ад таго, хлопчык гэта ці дзяўчынка. Імкнёмся паказаць, як негвалтоўным чынам можна вырашаць узьніклыя непаразуменьні ці пытаньні. Наважваемся таксама дапамагчы дзеткам у раньнім узросьце асэнсаваць сябе адзінкай, індывідуўмам, у якога маецца шырокі спэктар правоў і абавязкаў. І дзяржава адказная за іх захаваньне і ажыцьцяўленьне».

Валдзіс зазначае, што няма розьніцы паміж правамі дарослых і дзяцей. Яны аднолькавыя. Аднак дзеці знаходзяцца ў больш складанай сытуацыі, бо з прычыны ўзросту ім цяжка бараніць свае правы. Тым ня менш дзяцей трэба разглядаць як суб’ектаў, а не аб’ектаў права, на каго скіраваная добрая воля дарослых. Гэтага патрабуе і Канвэнцыя аб правах дзіцяці, якую ратыфікавала Беларусь.

Зялёны квадрацік — было цікава, чырвоны — стаміліся
Зялёны квадрацік — было цікава, чырвоны — стаміліся

Са свайго боку Алеся Аўласевіч дадае, што Цэнтар беларускай мовы арганізацыяй навучаньня ды разнастайных імпрэзаў імкнецца рэалізаваць права дзяцей навучацца на роднай мове, і робіцца гэта праз простыя зьявы і рэчы:

«Нас ужо сталі запрашаць бацькі зь іншых гарадоў, у прыватнасьці з Берасьця, Бабруйску. Па магчымасьці будзем адклікацца на просьбы, бо ў грамадзтве расьце патрэба на беларускае й беларускасьць. Дый моцная грамадзянская пазыцыя беларусам яшчэ як патрэбна», — кажа Алеся Аўласевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG