У базавай школе Прылукаў навучаецца больш за 40 чалавек. Напрыканцы навучальнага году бацькам паведамілі, што школу пераводзяць з базавай у пачатковую, а дзяцей і мясцовых пэдагогаў будуць вазіць у школу суседняй вёскі Страдзеч.
«Абяцаюць прыгожа, што будуць вазіць на заняткі і назад, падвозіць на ўсе вечарыны. Але як на практыцы гэта будзе...» — непакоіцца жыхарка Прылукаў Ліна Чапялевіч.
Яна распавяла, што людзі спалохаліся таго, што ў выніку рэарганізацыі іх вёска стане непэрспэктыўнай, пры тым, што знаходзіцца ўсяго ў 7 кілямэтрах ад Берасьця:
«Ды наадварот жа, трэба каб рэклямавалі берасьцейцам прывозіць дзяцей у нашу школку, бо тут жа лепш, чым у горадзе — дзяцей меней, клясы невялікія, таму настаўнік ім больш увагі можа ўдзяліць».
Чапялевіч кажа, што такія выпадкі ў іх школе былі, калі бацькі зь Берасьця прыводзілі дзяцей вучыцца ў Прылукі.
Жыхары вёскі спрабавалі зьвярнуцца са сваёй праблемай да раённага савету дэпутатаў, куды накіравалі зварот з просьбай уключыць у парадак дня бліжэйшай сэсіі Берасьцейскага раённага савету дэпутатаў пытаньне аб захаваньні базавай школы ў вёсцы Прылукі.
Аднак, як распавяла Ліна Чапялевіч, дэпутаты да просьбы не прыслухаліся:
«Нам сказалі, што мы позна зьвярнуліся. Нас праігнаравалі, можна сказаць так».
Шукаючы магчымасьць захаваць базавую школу, жыхары Прылукаў зьвярнуліся па дапамогу да абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), актывісты якой дапамаглі скласьці звароты да раённага савету дэпутатаў, у аблвыканкам і Міністэрства адукацыі.
«Права на даступную адукацыю зьяўляецца базавай каштоўнасьцю. Таму мы падтрымліваем законныя патрабаваньні жыхароў вёскі і дапамагаем ім у адстойваньні сваіх правоў. У цяперашні час няма ніякай неабходнасьці зачыняць базавую школу ў Прылуках», — кажа кіраўнік арганізацыі «За свой горад», старшыня берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі.
Пад зваротам з патрабаваньнем вырашэньня праблемы вакол школы падпісаліся 306 чалавек. Як адзначаюць актывісты, «гэта той унікальны выпадак, калі зварот падпісалі больш за палову жыхароў населенага пункта».
Супраць пераводу школы ў пачатковую падпісаліся нават прылуцкія пэнсіянэры. На пытаньне карэспандэнта Свабоды, чаму іх кранае гэтая праблема, адзін зь іх сказаў:
«Я лічу, што гэта будзе крах вёскі, выміраньне. Здаецца і жыць сталі добра, ужо і газ правялі... А тут — школу зачыніць. Я лічу, што гэта ня трэба рабіць з-за краху вёскі. Калі вярнуцца да вытокаў, то атрымліваецца, што ў 1905 годзе ў вёсцы Прылукі было паўтары тысячы жыхароў. А на сёньня — 500. Штосьці ж перашкаджае. Ну, менавіта вось такія „добраўпарадкаваньні“. Школа — гэта ж такі цэнтар, які прыцягвае моладзь», — кажа пэнсіянэр, які перакананы, што калі ня стане школы, то моладзь вёску пакіне.
У момант прыезду журналіста Свабоды дзеці былі на канікулах, толькі дзевяціклясьнікі здавалі іспыт па матэматыцы. Журналіст папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю вакол школы дырэктара Валянціну Качурку:
«Школа тут існуе вельмі даўно. І галоўнай прычынай, чаму пераводзяць школу на пачатковую — тое, што былі выдзеленыя грошы Сусьветным банкам на будаўніцтва суседняй страдзецкай школы пад умовай, што нашую школу скароцяць».
Сапраўды, у красавіку 2017 году газэта Берасьцейскага райвыканкаму «Заря над Бугом» паведамляла, што на будаўніцтва школы ў суседняй з Прылукамі вёсцы Страдзеч «Сусьветным банкам выдзелена 21627013,26 тыс. недэнамінаваных рублёў». Выданьне паведамляла, што ў Страдзечы будуць навучацца і дзеці з базавай школы вёскі Прылукі.
Жыхары ж саміх Прылукаў пераконваюць, што іх аб такіх плянах ніхто не папярэджваў і ніхто іх меркаваньня не спытаў:
«Трэба ж было пры разглядзе праекту і перад заключэньнем угоды з Сусьветным банкам, папытаць і ў Прылуках, што мы думаем наконт скарачэньня нашай школы. А то за нашай сьпінай усё зрабілі, а нашага меркаваньня і не спыталі», — абураецца жыхарка вёскі Прылукі.
Бацькі прылуцкіх дзяцей кажуць, што будуць чакаць ад уладаў адказу на іх калектыўныя звароты.