Гомельскага блогера Максіма Філіповіча будуць судзіць паводле артыкула Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Пратакол складзены 2 чэрвеня ў міліцыі Савецкага раёну Гомля.
У віну Філіповічу залічаныя 17 ролікаў, а таксама стрымы, якія ён зьмясьціў на сваім канале «Гарантий нет» на YouTube.
Падставай для складаньня пратаколу паслужыў рапарт, які паступіў у Савецкі РАУС Гомля зь міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Гомельскага аблвыканкаму. У рапарце гаворыцца, што кантэнт утрымлівае ролікі пра суды над актывістамі, незалежнымі журналістамі-фрылансэрамі рэгіёну, а таксама матэрыялы аб супрацьдзеяньні дэкрэту № 3.
Акрамя гэтага, Філіповіч рэгулярна праводзіць наўпроставыя відэаканферэнцыі (стрымы), падчас якіх дзеліцца сваімі думкамі пра тое, што адбываецца ў Беларусі.
Праваахоўнікі прыйшлі да высновы, што з улікам росту папулярнасьці свайго каналу «Філіповіч фактычна падмяняе сабой дзяржаўныя СМІ, у тым ліку па фармаваньні грамадзкай думкі сярод грамадзян Беларусі».
Максім Філіповіч у камэнтары для журналістаў не хавае, што ў шоку ад падобнай высновы. Цяпер, па яго словах, аўтаматычна пад перасьлед падпадае любы канал на YouTube. «Бяры любы ролік і складай пратакол. Жалезная заслона апускаецца», — кажа блогер.
Ён не выключае, што падставай да чарговага адміністрацыйнага перасьледу стала элемэнтарная помста — ня так даўно ён на сваім канале скрытыкаваў сюжэт Беларускага тэлебачаньня, у якім журналісты ганьбілі ягоную жонку Юлію.
Сёлета Максім Філіповіч за некалькі заходаў адседзеў 30 сутак у гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Яго вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных «Маршах недармаедаў» у Гомлі, Берасьці, Маладэчне і Пінску.