Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін атрымаў адказ з прэзыдэнцкай адміністрацыі на свае прапановы аб пераходзе на зьмешаную сыстэму выбараў дэпутатаў у Беларусі. Пра гэта ён сказаў Свабодзе:
«Нам падзякавалі за прапановы і паведамілі, што іх перадалі „для вывучэньня і выкарыстаньня ў працы“ — у міжведамасную працоўную групу. Для мяне тут ёсьць адзін станоўчы момант. Раней я атрымаў адказы на такі ж зварот з абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу. І там было напісана, што для вырашэньня гэтага пытаньня неабходны рэфэрэндум. У адміністрацыі пра рэфэрэндум нічога ня згадваюць. Падобна, там лепш ведаюць заканадаўства: каб зьмешаная сыстэма запрацавала, з Канстытуцыі дастаткова выдаліць адзін параграф. А гэта можна зрабіць без рэфэрэндуму, пра што неаднаразова казала старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына і некаторыя іншыя юрысты», — падкрэсьлівае кіраўнік партыі «Справядлівы сьвет».
Гэтая партыя падрыхтавала канцэптуальную сыстэму зьменаў выбарчай сыстэмы. Сёньня амаль увесь сьвет выбірае парлямэнт альбо паводле партыйных сьпісаў, альбо паводле так званай зьмешанай сыстэмы, калі частку дэпутацкага корпусу вызначаюць праз партыйныя сьпісы, а частку — у аднамандатных акругах. Беларусь жа застаецца адной зь нешматлікіх краін, дзе па-ранейшаму дэпутатаў выбіраюць толькі ў аднамандатных акругах.
Лідэр «Справядлівага сьвету» таксама сказаў, што партыя ўжо пачала падрыхтоўку да мясцовых выбараў:
«Мы лічым гэтую кампанію вельмі важнай і бачым некалькі мэтаў — выбраць нашых актывістаў дэпутатамі, данесьці насельніцтву нашы галоўныя ідэі і павялічыць колькасьць партыйцаў. На пачатку ліпеня мы вызначымся са сьпісам кандыдатаў», — кажа Сяргей Калякін.
Мясцовыя выбары павінны адбыцца не пазьней за 20 лютага 2018 году.