Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына ігнаруе Канапацкую. Ці паступяць гэтаксама калегі дэпутаткі?


Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

25 траўня аб 11-й гадзіне ў Менску пачнецца круглы стол «Выбары як умова пазытыўных пераменаў» з удзелам экспэртаў і дэпутатаў зь Вялікай Брытаніі, Літвы і Ўкраіны. Арганізатары — шырокая дэмакратычная кааліцыя Беларусі, дзе галоўнай асобай выступае кіраўніца працоўнай групы па зьменах у выбарчае заканадаўства, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

«Мы падрыхтавалі пакет зьмяненьняў выбарчага заканадаўства, безь якіх немагчыма праводзіць выбары ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ, — кажа Свабодзе спадарыня Канапацкая. — На наш погляд, гэта тэст на тое, наколькі ўлады сапраўды гатовыя абмяркоўваць і вырашаць праблему. Бо свабодныя і справядлівыя выбары надзвычай важныя для нашай краіны. На пачатку ліпеня ў Беларусі пройдзе штогадовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, і гэта яшчэ адзін дадатковы чыньнік, каб сёньня абмяркоўваць умовы выбараў у нашай краіне».

Экспэртны выступ на круглым стале прадставіць брытанец Эндру Эліс зь Міжнароднага інстытуту дэмакратыі і спрыяньня выбарам. Ён спэцыяльна вывучаў выбарчае заканадаўства Беларусі, а таксама зьмены ў Выбарчы кодэкс, якія прапануюць дэмсілы. Сваімі думкамі падзеляцца дэпутат Сэйму Літвы Лаўрынас Кашчунас і дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандар Чарненка.

А вось ці будуць на мерапрыемстве калегі Ганны Канапацкай па Палаце прадстаўнікоў, пакуль невядома. Учора ўвечары спадарыня Канапацкая прызналася, што яны з розных прычын пачалі адмаўляцца ад удзелу ў круглым стале, хоць раней выказвалі зацікаўленасьць ва ўдзеле.

Пэўна ня будзе ўдзельнічаць у дыскусіі старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. У афіцыйным адказе на запрашэньне арганізатараў яна напісала, што прадстаўнікі ЦВК бяруць удзел у абмеркаваньні прапаноў па зьмяненьні выбарчага заканадаўства ў адпаведнасьці з даручэньнямі кіраўніка дзяржавы як субʼекта права заканадаўчай ініцыятывы. «Паколькі такое даручэньне адсутнічае, наш удзел у згаданым мерапрыемстве ўяўляецца немагчымым», — піша спадарыня Ярмошына.

У прапановах дэмакратычнай кааліцыі тры ключавыя моманты: абавязковае прадстаўніцтва ва ўчастковых выбарчых камісіях прадстаўнікоў усіх кандыдатаў у дэпутаты; дакладная рэглямэнтацыя працэсу датэрміновага галасаваньня; адкрыты і зразумелы падлік галасоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG